Паводле арганізатараў, абмеркаваньне засяроджанае на будучыні дэмакратычнай Беларусі як часткі эўрапейскай сям'і і Беларусі ў кантэксьце агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.
Сярод арганізатараў канфэрэнцыі:
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.
- Эўрапейскі парлямэнт.
- Эўрапейскія кансэрватары (ECR Group).
А таксама, пэрсанальна:
- Анна Фатыга, каардынатарка ECR у міжнародных справах.
- Жыгімантас Павілёніс, старшыня форуму Каліноўскага.
- Матэвуш Маравецкі, прэм’ер-міністар Рэспублікі Польшча.
- Інгрыда Шыманіце, прэм’ер-міністар Літоўскай Рэспублікі.
- Сьвятлана Ціханоўская, лідэр дэмакратычнай Беларусі.
- Олівэр Вархэі, камісар ЭЗ у пытаньнях суседзтва і пашырэньня.
- Дырк Шубэль, пасол Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі.
- Пасол Марк Гітэнштайн, прадстаўнік ЗША ў Эўрапейскім Зьвязе.
- Пасол Усевалад Чанцоў, кіраўнік прадстаўніцтва Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе.
- Павал Латушка, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва.
- Джэймі Флай, прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, і іншыя.
Сярод тэмаў абмеркаваньняў:
- Панэль 1: Бітва за свабоду. Рэжым Лукашэнкі ў кантэксьце вайны супраць Украіны.
- Панэль 2: Людзі свабоды. Рэпрэсіі і становішча палітвязьняў.
- Панэль 3: Санкцыі. Стрымліваньне ўнутранага гвалту Лукашэнкі і саюз з расейскім агрэсарам.
- Панэль 4: Праўда супраць хлусьні. Сытуацыя незалежных СМІ супраць прапаганды рэжыму.
У сваёй прамове на канфэрэнцыі дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, у прыватнасьці, нагадала пра прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту Яахіма Лялевеля, аўтара лёзунгу «За нашу і вашу свабоду», якога трымаўся і Кастусь Каліноўскі.
«Праз 160 гадоў, — сказала далей Ціханоўская, — падчас забастовак на заводах і жаночых маршаў, на выбарчых участках і ў турмах, на вуліцах Менску і онлайн — беларусы мірна адстойвалі каштоўнасьці: за нашу і вашу свабоду.
Праз 160 гадоў за будучыню Эўропы змагаюцца ўкраінцы. У акопах Данбасу, пад Кіевам ці на вуліцах Херсону — яны змагаюцца за нашу і вашу свабоду.
Я абураная тым, што дыктатар, які не прадстаўляе нікога, акрамя самога сябе, уцягнуў нашу краіну ў незаконнае ўварваньне.
Але я адчуваю гонар за беларусаў, якія выступілі супраць гэтага.
Я адчуваю гонар за тысячы тых, хто ў лютым выйшаў на вуліцы, ведаючы аб рызыцы трапіць у турму і стаць ахвярай катаваньняў.
Я адчуваю гонар за тых, хто ў сакавіку і красавіку рабіў дывэрсіі на чыгунцы. Цяпер за іх адвагу ім пагражае сьмяротнае пакараньне.
Я адчуваю гонар за сотні беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер абараняюць Украіну.
Я адчуваю гонар за тысячы простых беларусаў, якія працягваюць рабіць данаты на патрэбы ўкраінскай арміі і народу.
Я таксама веру ў будучыню Эўропы. Я рада, што на мінулым тыдні Эўракамісія рэкамэндавала надаць статус кандыдата ў члены ЭЗ Украіне і Малдове. Я заклікала да гэтага рашэньня разам зь іншымі лідэрамі беларускіх дэмакратычных сіл... Такое рашэньне стане прызнаньнем таго, што ўкраінцы змагаюцца і за свабоду Эўропы.
Я заклікаю вас не забывацца, што лёсы Ўкраіны, Эўропы і Беларусі ўзаемазьвязаныя. Ня можа быць свабоднай Украіны без свабоднай Беларусі — і наадварот. І, я ўпэўненая, гісторыя паказала нам, што Эўропа ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы, калі абедзьве нашы краіны ня будуць свабоднымі. Ня можа быць вашай свабоды бяз нашай свабоды.
Таму — за грукатам танкаў і гучнымі загалоўкамі — я заклікаю вас памятаць і пра Беларусь. Я заклікаю вас памятаць адну простую рэч: Беларусь — не Расея, а беларусы не падтрымліваюць вайну. Дапамагаючы нашай барацьбе за свабоду, вы набліжаеце квітнеючую будучыню Ўкраіны і Эўропы.
Цяпер, калі ЭЗ прымае рашэньне аб новых кандыдатах, надышоў момант пазначыць у дакумэнце па выніках дэбатаў эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі. Мы павінны распачаць абмеркаваньне формаў супрацоўніцтва паміж беларускім народам і Эўразьвязам.
Пакуль мы імкнёмся дасягнуць стратэгічных мэтаў, я прашу вас прасоўваць тыя ідэі, якія зблізяць Беларусь і Эўразьвяз: мабільнасьць беларусаў, выдача візаў, запуск студэнцкіх абменаў і адукацыйных праграм. Усё тое, у чым ня ўдзельнічае рэжым, толькі дапаможа нам. Нам трэба падтрымліваць народ і ціснуць на рэжым».
Таксама Сьвятлана Ціханоўская заклікала Эўразьвяз разам працаваць над стратэгічнай мэдыякампаніяй супрацьстаяньня расейскай прапагандзе. На яе думку, «разам мы зможам стварыць іншую хроніку свабоднай Беларусі — той, якой ёсьць месца ў Эўропе».
На канфэрэнцыі прадстаўнікі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай прадстаўляюць бачаньне магчымага супрацоўніцтва паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю напярэдадні рашэньня па кандыдатурах Малдовы, Украіны і Грузіі.
Арганізатары падкрэсьліваюць, што канфэрэнцыя такога маштабу, прысьвечаная выключна Беларусі, ладзіцца ў Эўрапарлямэнце ўпершыню з 2020 году. Паводле іх, гэта магчымасьць вярнуць Беларусь у парадак дня і знайсьці шляхі вырашэньня практычных праблем.
У 2020–2022 гадах у Сэйме Літвы ў Вільні адбыліся тры Форумы Каліноўскага, арганізаваныя сумесна Сэймам Літоўскай Рэспублікі і Офісам дэмакратычнага лідэра Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Гэта штогадовы круглы стол вядомых сусьветных лідэраў і экспэртаў аб будучыні Беларусі як часткі эўрапейскай сям’і. Ён быў заснаваны ў Вільні 24 жніўня 2020 году.