Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сойме Літвы ў Вільні праходзіць трэці штогадовы Форум Каліноўскага


Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне другога Форуму Каліноўскага, 21 сакавіка 2021 году
Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне другога Форуму Каліноўскага, 21 сакавіка 2021 году

Форум Каліноўскага сумесна праводзяць Сойм Літоўскай рэспублікі і Офіс дэмакратычнага лідэра Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай.

Гэта штогадовы круглы стол вядомых сусветных лідэраў і экспэртаў аб будучыні Беларусі як часткі эўрапейскай сям’і, заснаваны ў Вільні 24 жніўня 2020 году.

Сёлетні Форум Каліноўскага прысьвечаны ўшанаваньню даробку героя беларускага адраджэньня і працягу яго місіі ў сучасным кантэксце. Праца форуму праходзіць у трох асноўных аспэктах:

  • падтрымка незалежнасці Беларусі;
  • абмеркаваньне пытаньня, які ўклад парлямэнцкая дыпляматыя можа ўнесці ў будучыню дэмакратычнай Беларусі;
  • тактыка і стратэгія Лукашэнкі, якую цяпер рэалізуе дыктатар.

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца ў кантэксьце цяперашняй агрэсіі Расеі ва Ўкраіне. У форуме бяруць удзел прадстаўнікі ня толькі нацыянальных урадаў, але і парлямэнтаў, роля якіх у барацьбе за дэмакратыю ў нашыя дні становіцца яшчэ больш важнай.

У першай частцы форуму, мадэратарам якой быў Франак Вячорка, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, выступілі сярод іншых:

  • Вікторыя Чміліце-Нільсэн, сьпікерка Сойму Літвы;
  • Інгрыда Шыманіце, прэм’ер-міністарка ўраду Літвы;
  • Робэрт Мэнэндэс, старшыня камітэту замежных справаў Сэнату ЗША;
  • Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычнай Беларусі;
  • Руслан Стэфанчук, сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны;
  • Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША пры АБСЭ;
  • Дэйвід Макалістэр, старшыня камітэту замежных справаў Эўрапарлямэнту;
  • Павал Фішэр, старшыня камітэту замежных справаў Сэнату Чэхіі;
  • Вікторыя Спарц, чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША;
  • Стывэн Нікс, дырэктар эўразійскай праграмы Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту;
  • Віціс Юрконіс, дырэктар праектаў Freedom House.

Цытаты з выступу некаторых удзельнікаў форуму:

Руслан Стэфанчук:

«Мы не ўпершыню змагаемся з расейскай агрэсіяй. Але ўпершыню нас падтрымлівае ўся аб’яднаная Эўропа і ўсе магутныя дэмакратычныя дзяржавы ў сьвеце. Мы не адны. Я хачу падзякаваць усім, хто сабраўся тут, за тое, што вы ўжо зрабілі і што працягваеце рабіць для маёй краіны і майго народу».

Вікторыя Чміліце-Нільсэн

«Я аптымістка. Па-першае, беларускую апазыцыю не зламалі. Яна працягвае дзейнічаць тут, у Вільні, у Варшаве, у іншых сталіцах і, вядома, у самой Беларусі. За апошні год лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская працавала нястомна, каб пераканаць сьвет, што рэжым Лукашэнкі не прадстаўляе волі народу і што патрэбны далейшыя санкцыі і ціск супраць яго. Па-другое, нягледзячы расейскія ракеты, бомбы і танкі, якія зьнішчаюць украінскія гарады і забіваюць людзей ужо амаль месяц, Расеі не ўдалося паняволіць Украіну. Наадварот, сёньня дух, воля і адзінства Ўкраіны мацнейшыя, чым калі-небудзь раней».

Інгрыда Шыманіце

«Украіна сёньня мужна змагаецца ня толькі за сябе, але і за ўвесь свабодны сьвет. Гэтае змаганьне папраўдзе мяняе глябальныя правілы гульні. У канчатковым выніку Ўкраіна пераможа, Бо ў іншым выпадку ня будзе канца».

Інгрыда Шыманіце заявіла пра сытуацыю ў Беларусі:

«Сёньня беларускі дыктатар, баязьлівец, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі, ня толькі пасадзіў у турмы або выслаў свабодных жыхароў сваёй краіны. Ён канчаткова і беззваротна здрадзіў свой народ, зрабіў Беларусь – ня тую, сапраўдную, а тую, якую ён з апошніх сіл спрабуе ўтрымаць у сваім кулаку, – саюзьніцай крамлёўскай агрэсіі і пляцдармам вайны Расеі супраць Украіны», – заявіла яна Інгрыда Шыманіце, якую цытуе Delfi.lt.

Сьвятлана Ціханоўская

«Сёньня, праз 160 гадоў (пасьля пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага) расейскі тыран спрабуе забіць увесь народ — Украіну. Забіць народ, які выбраў свабоду і сувэрэннасьць. Мы, беларусы, гэта востра разумеем: украінскі і беларускі лёсы цяпер ўзаемазьвязаныя. У выпадку падзеньня Ўкраіны ў Беларусі ня будзе ніякай будучыні, акрамя рабства ўнутры Расейскай імперыі. У Эўропы таксама ня будзе мірнай будучыні. Калі Украіна пераможа, у нас будзе шанец вярнуцца ў эўрапейскую сям’ю.».

Майкл Карпэнтэр

«Украіна не належыць Расеі, Украіна не належыць ніякай іншай краіне. І Беларусь таксама не належыць Расеі. Украіна належыць украінскаму народу, а Беларусь — беларускаму».

Дэйвід Макалістэр

«Асабліва шакуе тое, што Расея і Беларусь, краіны, якія панесьлі неймаверныя страты падчас зьверстваў Другой сусьветнай вайны, цяпер нясуць сьмерць і зьнішчэньне мірнай і дэмакратычнай суседцы — Украіне».

  • Форум арганізаваны Соймам Літоўскай Рэспублікі ў супрацоўніцтве з амбасадай ЗША ў Беларусі, амбасадай Польшчы ў Літве, Офісам Святланы Ціханоўскай у Вільні, Інстытутам Джорджа Буша, Нацыянальным фондам дэмакратыі (NED), Міжнародным рэспубліканскім інстытутам (House) , Літоўска-нямецкім форумам, Швэдзкім міжнародным ліберальным цэнтрам (SILC), Educatio: Інстытутам разьвіцьця і адукацыі.
  • У першым паседжаньні Форуму ўзялі ўдзел многія высокапастаўленыя палітычныя прадстаўнікі, у тым ліку намеснік дзяржсакратара ЗША Стывэн Біган, а таксама вядучыя навукоўцы, спэцыялісты па Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Удзельнікі выказалі вялікую падтрымку беларускай апазыцыі і змагарам за свабоду і заклікалі да рашучага супраціву рэпрэсіям нелегітымнага рэжыму ў Беларусі і антыдэмакратычнай яго падтрымцы Расейскай Федэрацыяй.
  • Другі Форум Каліноўскага адбыўся 22 сакавіка 2021 году. На ім былі пастаўлены тры асноўныя мэты: а) дасягненьне інклюзіўнага нацыянальнага дыялёгу; б) правядзеньне свабодных і сумленных выбараў пад эгідай АБСЭ, і в) падтрымка незалежных СМІ, праваабаронцаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці і патрабаваньне безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. У Форуме прынялі ўдзел многія вядомыя палітычныя дзеячы з Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, такія як Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, старшыня Камітэту міжнародных спраў Кангрэсу ЗША Боб Мэнэндэс, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент і іншыя палітычныя прадстаўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG