Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане трое паліцыянтаў прызналіся, што катавалі распаленым прасам затрыманых падчас студзеньскіх пратэстаў


Пяцёра супрацоўнікаў паліцыі Казахстану сталі падазраванымі ў справе аб ужываньні катаваньняў з выкарыстаньнем распаленага праса ў дачыненьні да затрыманых падчас студзеньскіх пратэстаў, паведаміў начальнік службы крымінальнага перасьледу Генэральнай пракуратуры Казахстану Серык Шалабаеў.

«Па справе аб катаваньнях з выкарыстаньнем распаленага паравога праса ў Алмацінскай вобласьці прызнаныя пацярпелымі 25 асобаў. Усе заяўнікі апісалі падобны спосаб катаваньняў. У выніку апэратыўна-сьледчых дзеяньняў спэцыяльнымі пракурорамі ўстаноўлена датычнасьць да катаваньняў пяці супрацоўнікаў паліцыі. Трое зь іх віну прызналі», — сказаў ён.

Шалабаеў таксама паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні да двух супрацоўнікаў дэпартамэнту Камітэту нацыянальнай бясьпекі Алмацінскай вобласьці, якія падазраюцца ў зьбіцьці затрыманага, наступствам чаго стала яго сьмерць.

Фактам недазволеных мэтадаў сьледзтва, паводле яго слоў, «аддаецца асаблівая ўвага»: цяпер спэцпракуроры расьсьледуюць восем «найбольш рэзанансных выпадкаў». Па гэтых справах падазронымі прызнаныя 15 супрацоўнікаў спэцыяльных і праваахоўных органаў, дзевяць зь іх цяпер пад вартай.

«Крымінальныя справы па катаваньнях характарызуюцца асаблівай спэцыфікай расьсьледаваньня. Большасьць пацярпелых ня могуць апазнаць датычных асобаў, бо тыя былі ў масках або без абмундзіраваньня. Па справах адсутнічаюць відэаматэрыялы, паколькі абсталяваньне было пашкоджанае ў выніку атакаў на будынкі паліцыі. Нягледзячы на гэта, забясьпечваецца правядзеньне ўсяго комплексу сьледчых і працэсуальных дзеяньняў па зборы доказаў», — заявіў прадстаўнік Генпракуратуры.

  • На пачатку студзеня мірныя мітынгі, якія пачаліся ў горадзе Жанаазэне, перарасьлі ў масавыя пратэсты па ўсёй краіне з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі. У некаторых рэгіёнах пачаліся пагромы, напады на адміністрацыйныя будынкі, аддзяленьні паліцыі, крамы.
  • Паводле афіцыйных зьвестак, падчас студзеньскіх пратэстаў і беспарадкаў загінулі 238 чалавек. Раней улады Казахстану паведамлялі, што па скаргах на катаваньні, якія падалі затрыманыя падчас і пасьля студзеньскіх падзей, па краіне было распачата больш за 200 спраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG