«Грамадзяне (Украіны. — РС) могуць зьвяртацца праз консула. Ведаю, што ёсьць праблемы, што іх шмат, а консульства не павялічыла магчымасьці. Колькі дэпартавана ў Беларусь — ня маю лічбы, але маю агульную колькасьць дэпартаваных. Яна троху адрозьніваецца ад той, якую дае расейскі бок», — сказала Ірына Верашчук 20 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.
Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны ўдакладніла, што, паводле ўкраінскай выведкі, з Украіны незаконна вывезена 1,2 мільёна ўкраінскіх грамадзян, у тым ліку 200 тысяч дзяцей.
На пытаньне Свабоды, ці вядзе ўрад Украіны перамовы зь беларускім бокам аб дапамозе ўкраінцам у вяртаньні на радзіму, Ірына Верашчук адказала, што такіх перамоў няма.
«Я і маё міністэрства не размаўляем з уладамі Беларусі, бо ня лічым іх бокам (перамоў. — РС). У нас ёсьць вораг — Расея. І я так бачу, што спадар Лукашэнка зьяўляецца памагатым Пуціна, і я ня ведаю, ці варта размаўляць (з Лукашэнкам. — РС) наўпрост. Магчыма, у Міністэрстве замежных спраў... У мяне такога мандату размаўляць зь імі няма. Мы размаўляем з расейскім бокам», — патлумачыла яна.
Ірына Верашчук таксама паведаміла пра адсутнасьць інфармацыі аб вайсковых палонных — грамадзянах Беларусі, якія абаранялі Марыюпаль і завод «Азоўсталь». Але ў выпадку пацьвярджэньня зьвестак, што яны ў расейскім палоне, будуць настойваць на іх абмене.
«Мы лічым усіх іншаземцаў камбатантамі паводле ўсіх жэнэўскіх канвэнцый. Мы гатовыя іх абменьваць. Усе іншаземцы, якія ваююць на баку Ўкраіны, лічацца камбатантамі і карыстаюцца ўсімі правамі і гарантыямі абароны, якія маюць і нашы вайскоўцы. Але асобна па беларусах такой інфармацыі ня маем», — падкрэсьліла Ірына Верашчук.
Беларусы ваююць на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях. Вядома, што ў баях на «Азоўсталі» ўдзельнічалі сама меней 5 беларусаў.