Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Задача была паказаць Такаева як самастойнага і сьмелага палітыка». У Казахстане лічаць заявы прэзыдэнта дамоўленымі з Масквой


Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў
Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў

Заявы прэзыдэнта Казахстану Такаева на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме прымусілі частку экспэртаў гаварыць пра антырасейскі курс уладаў гэтай азіяцкай краіны. Але ў самім Казахстане заявы Такаева шмат хто ўспрыняў інакш.

На пленарным пасяджэньні эканамічнага форуму з удзелам Уладзіміра Пуціна 17 чэрвеня Такаеў адзначыў, што Казахстан не прызнае незалежнасьць так званых «ДНР» і «ЛНР».

Хто такі Такаеў

  • Касыму-Жамарту Такаеву 69 гадоў.
  • Ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў (МГИМО).
  • Валодае ангельскай, кітайскай, францускай мовамі.
  • Пачынаў у структуры МЗС СССР, працаваў у савецкай амбасадзе ў Кітаі, а пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Казахстану — у замежнапалітычным ведамстве гэтай краіны: ад рэфэрэнта да міністра.
  • Быў намесьнікам генэральнага сакратара ААН у эўрапейскім аддзяленьні ў Жэнэве і генэральным сакратаром Канфэрэнцыі ў раззбраеньні.
  • Таксама быў прэм’ер-міністрам Казахстану, дэпутатам парлямэнту і сьпікерам яго верхняй палаты. З апошняй пасады, згодна з Канстытуцыяй, і стаў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта пасьля адстаўкі Назарбаева ў красавіку 2019 году.
  • Такаева многія экспэрты называлі пераемнікам Назарбаева і лічылі, што экс-прэзыдэнт і пасьля адыходу ад улады будзе кантраляваць сытуацыю ў краіне. Аднак пасьля пратэстаў 2020 году ўплыў сям’і Назарбаева ў краіне значна аслаб. Частка экспэртаў нават заяўляла, што пратэсты былі наўмысна справакаваныя атачэньнем Такаева, каб пазбыцца ўплыву Назарбаева.
  • Пасьля ўвядзеньня міратворчай місіі АДКБ і канчатковага сыходу Назарбаева з палітычнай арэны ў Казахастане некаторыя экспэрты выказвалі здагадку, што Такаеў будзе праводзіць прарасейскую палітыку ў знак падзякі Крамлю за падтрымку падчас крызісу ў пачатку 2020 году.

Што Такаеў сказаў у Пецярбургу пра «ДНР» і «ЛНР»

«Наогул, падлічана, што калі права нацый на самавызначэньне ў рэальнасьці будзе рэалізавана на ўсім зямным шары, то замест 193 дзяржаў, якія цяпер уваходзяць у склад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, на зямлі ўзьнікне звыш 500 ці 600 дзяржаў. Зразумела, гэта будзе хаос. З гэтай прычыны мы не прызнаём ні Тайвань, ні Косава, ні Паўднёвую Асэтыю, ні Абхазію. І, па ўсёй верагоднасьці, гэты прынцып будзе ўжыты і ў дачыненьні да квазідзяржаўных тэрыторый, якімі, на наш погляд, зьяўляюцца Луганск і Данецк», — сказаў Такаеў.

Як адзначае журналістка казаскай службы Радыё Свабода Саніяш Тайкен, у Казахстане, дзе нярэдка гавораць аб пагрозе «крымскага сцэнара» і «данбаскага сцэнара», грамадзтва па-рознаму ўспрыняла выступ Такаева. Ёсьць і тыя, хто скептычна ставіцца да заяваў прэзыдэнта Казахстану, дапускаючы магчымае «ўзгадненьне» з Масквой.

Што гавораць пра заяву Такаева ў Казахастане

«Прэзыдэнт Такаеў не праявіў ніякага гераізму»

Былы дыплямат Казьбек Бейсебаеў лічыць, што Такаеў усяго толькі абазначыў афіцыйную пазыцыю краіны.

«Прэзыдэнт не праявіў ніякага гераізму. Ён агучыў толькі афіцыйную пазыцыю Казахстана. Што новага ён сказаў? Раней пра гэта ж заяўляў МЗС. А ў нас шырокая публіка кажа: «Вось малайчына! Седзячы побач з Пуціным, выказаўся, не баючыся». А чаму ён павінен баяцца Пуціна? Ён што, нейкі монстар? Прэзыдэнт дыпляматычна выказаў пазыцыю Казахстана, што нядзіўна, — кажа Казьбек Бейсебаеў.

На яго думку, калі б Казахстан прызнаў «ЛНР» і «ДНР», то адразу трапіў бы пад заходнія санкцыі, якія краіна ня зможа вытрымаць, бо вялізны прыбытак атрымлівае ад нафты.

«Задача была паказаць Такаева як самастойнага і сьмелага палітыка»

Палітоляг Дымаш Элжанаў прытрымліваецца думкі, што сказанае Такаевым не магло прагучаць без магчымага папярэдняга ўзгадненьня з Крамлём. Ён зьвяртае ўвагу на нядаўні візыт Нурсултана Назарбаева ў Маскву, дзе, падобна, абмяркоўваліся контуры ўдзелу Такаева ў форуме і пазыцыянаваньне на ім Казахстана.

«Мерапрыемствы такога ўзроўню, асабліва якія маюць палітычную значнасьць для Пуціна ў сьвятле ягонай ізаляцыі, не маглі праходзіць без папярэдняга абмеркаваньня і ўзгадненьня пазыцый двух бакоў. Для Пуціна было важна, каб прэзыдэнт Казахстана ўзяў удзел у форуме, для Такаева было важна скарэктаваць свой імідж у сьвятле падзей студзеня. Задача была паказаць Такаева як самастойнага і сьмелага палітыка, дыплямата, які сьмела парыруе пытаньні і ў той жа час вядзе прагматычную палітыку. Для адміністрацыі прэзыдэнта [Такаева] важна перагарнуць старонку і замясьціць тэму расстрэлу пратэстоўцаў „гісторыямі посьпеху“ для ўнутранай аўдыторыі», — лічыць Альжанаў.
Паводле яго, пасьля атрыманьня патрэбнай карцінкі пачалося арганізаванае тыражаваньне вобразу прэзыдэнта як моцнага дзяржаўнага дзеяча, які ўмее абараніць нацыянальныя інтарэсы нават у вельмі складаных сытуацыях, у сацыяльных сетках і мэдыя.

Мала хто гаворыць пра тое, што Такаеў пазьбег прамога адказу на пытаньне аб «спэцапэрацыі». Яго прасілі даць ёй ацэнку. Такаеў, на думку Альжанава, сфармуляваў свой адказ у бясьпечнай форме, «жанглюючы» нормамі міжнароднага права.

«Такаеў аслабіў уплыў сям’і Назарбаева, але людзі ўсё роўна не давяраюць уладзе»

Старшы навуковы супрацоўнік праграмы па Эўразіі і Расеі вашынгтонскага Фонду Карнэгі за міжнародны мір, экспэрт у Казахстане і Цэнтральнай Азіі Пол Стронскі гаворыць, што шмат хто думаў, што Такаеў будзе марыянэткай Назарбаева. Але на практыцы ўсё аказалася ня так.

«Спадар Такаеў вельмі праніклівы палітык, і ён аслабіў сям’ю Назарбаева і, здаецца, хоча пакінуць свой сьлед у будучыні Казахстана. Але ў краіне існуе дэфіцыт даверу. Ня так ужо шмат людзей давяраюць уладзе. Што б яна ні гаварыла, людзі ўсё роўна ёй не давяраюць», — лічыць Стронскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG