Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што ўзаемадзеяньне Астаны з Масквой будзе будавацца ў рамках санкцыйнага рэжыму.
Паводле Такаева, Казахстан будзе выконваць усе абмежаваньні, якія сусьветная супольнасьць наклала на Расею, хоць праца з Масквой працягнецца.
«Санкцыі ёсьць санкцыі, мы не павінны іх парушаць, тым больш мы атрымліваем апавяшчэньні ў дачыненьні да таго, што ў выпадку парушэньня санкцый рушаць усьлед так званыя другасныя санкцыі з боку Захаду ў дачыненьні да нашай эканомікі», — сказаў Такаеў у інтэрвію тэлеканалу «Россия 24».
На пачатку 2022 году ў Казахстане адбыліся маштабныя пратэсты. Для дапамогі ў іх здушэньні ўлады запрасілі ў краіну войскі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Пераважна гэта былі расейскія вайскоўцы, але таксама там прысутнічалі і вайскоўцы Беларусі.