Лінкі ўнівэрсальнага доступу

65-гадовай актывістцы Алене Гнаўк прысудзілі 3,5 года калёніі за «паклёп на Лукашэнку»


Алена Гнаўк
Алена Гнаўк

Пад вартай Алена Гнаўк знаходзілася пяць месяцаў. Агулам яе асудзілі ўжо у чатырох крымінальных справах.

Сёньня, 17 чэрвеня, судзьдзя Юры Жытко прызнаў 65-гадовую палітзьняволеную актывістку з Пружанаў вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку») і арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») за восеньскія пасты ў Фэйсбуку і Інстаграме пра курдзкія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

У выніку Алене Гнаўк прысудзілі 3 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 3200 рублёў. Пра гэта паведамілі родныя актывісткі ў Facebook.

Разгляд чарговай крымінальнай справы палітзьняволенай Алены Гнаўк, асуджанай раней на 3 гады «хатняй хіміі», пачаўся 13 чэрвеня ў судзе Пружанскага раёну. Працэс праходзіў у адкрытым рэжыме.

Перасьлед Алены Гнаўк

  • У траўні 2021 году асудзілі на два гады «хатняй хіміі» ў межах берасьцейскай «карагоднай справы».
  • У верасьні яна атрымала новы тэрмін — яшчэ два гады «хіміі». Паводле абвінавачаньня, Алена Гнаўк падчас разгляду сваёй ранейшай крымінальнай справы за ўдзел у «карагодзе пратэсту» вымавіла фразу, дзе была абраза ў адрас Лукашэнкі. Сумарнае пакараньне — тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
  • 26 сьнежня Гнаўк затрымалі за «бел-чырвона-белы пікет» каля яе дома і прысудзілі 1450 рублёў штрафу паводле арт. 24.23 КаАП. 11 студзеня 2022 году Алену Гнаўк зноў затрымалі за акцыю зь бел-чырвона-белымі мяхамі на «хатняй хіміі» і прысудзілі 15 дзён арышту. Пэнсіянэрцы забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць, і яна абвясьціла галадоўку ў Пружанскім ІЧУ.
  • З ізалятара яе ня выпусьцілі. Стала вядома, што выставілі абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Цяпер Алене Гнаўк пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Хто такая Алена Гнаўк?

Алена Гнаўк нарадзілася на Палесьсі ў 1957 годзе ў шматдзетнай сям’і. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — юрыдычную і эканамічную. У 1978 годзе яна скончыла Маскоўскі юрыдычны інстытут, а ў 1993-м — факультэт сусьветнай эканомікі Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін (МГИМО). Некалькі гадоў Гнаўк жыла ў Маскве, аказвала юрыдычныя паслугі ў сфэры будаўніцтва.

Да затрыманьня Гнаўк жыла ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёну, актыўна займалася грамадзкім жыцьцём, яна шчырая праваслаўная верніца.

Шмат беларусаў называюць Алену «берасьцейскай Нінай Багінскай». За сваю апазыцыйную дзейнасьць Гнаўк, як і актывістку Багінскую, ня раз перасьледавалі ўлады — затрымлівалі, штрафавалі і арыштоўвалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG