16 чэрвеня стала вядома, што сілавікі адпусьцілі на волю старшыню Беларускага незалежнага прафсаюза, выканаўцу абавязкаў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максіма Пазьнякова.
«Яго сустракалі прадстаўнікі БНП „Нафтан“ Вольга Брыцікава і Ніна Барысава. Пракурор папярэдзіў — пасьля трох правапарушэньняў цягам года, а Максіму ўжо выставіліі два абвінавачаньні, будуць крымінальныя справы», — гаворыцца ў паведамленьні БКДП.
Пазьнякоў адбыў два 15-дзённыя адміністрацыйныя арышты. Яго затрымалі 17 траўня ў Наваполацку. Пазьнякову паставілі ў віну тое, што на ягоным аватары ў «Фэйсбуку» быў сьцяг Украіны і заклік «за незалежнасьць».
18 і 19 красавіка па краіне пракацілася хваля затрыманьняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху.
Старшыня нізавой арганізацыі БНП на «Нафтане» Вольга Брыцікава адсядзела 75 дзён арышту і выйшла на волю 13 траўня. Яе прафсаюзную суполку 25 траўня пазбавілі рэгістрацыі.
10 чэрвеня стала вядома, што генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці ўсіх незалежных прафсаюзных арганізацый: асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў», а таксама яе сяброўскіх арганізацый — Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза мэталістаў, Беларускага незалежнага прафсаюза. прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.
Генпракуратура сьцьвярджае, што «з 2020 года дзейнасьць асобных прафсаюзаў набыла палітызаваны характар, кіраўнікі і чальцы гэтых арганізацый прымалі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасьці, несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зьместу».
Рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году.
Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Буд-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнёў.
«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Дакладна пра сутнасьць выстаўленых ім абвінавачаньняў амаль нічога невядома.