Як піша Hrodna Life, паседжаньні ў абодвух працэсах пачаліся 17 траўня. Арганізацыю «Гонар Радзімы», зарэгістраваную ў 2017 годзе, ліквідоўвае судзьдзя Жанна Краўчанка, а абʼяднаньне былых малалетніх вязьняў фашысцкіх канцлягераў — Юрый Карэцкі. Абедзьве ліквідацыі пачаліся па пазове Ўпраўленьня юстыцыі Горадзенскага аблвыканкаму.
Чым займалася абʼяднаньне былых малалетніх вязьняў
Горадзенскае абласное грамадзкае абʼяднаньне былых малалетніх вязьняў фашысцкіх канцлягераў заснавалі ў 1995 годзе. Яго мэта — узмацненьне грамадзкай увагі да былых вязьняў фашызму. Арганізацыю ўзначальвае Захар Тарасевіч. Яго зь сямʼёй падчас вайны павезьлі ў канцлягер Віцебску, а адтуль у верасьні 1943 году даставілі ў канцлягер Аўшвіц (сёньня — горад Асьвенцім у Польшчы).
Арганізацыя праводзіла сустрэчы былых вязьняў канцлягераў, удзельнічала ў навуковых пошуках і дасьледаваньнях гісторыі, рыхтавала публікацыі успамінаў былых малалетніх вязьняў фашысцкіх канцлягераў.
У 2022 годзе ў Горадні ўжо ліквідавалі Гродзенскае грамадзкае абʼяднаньне «Краязнаўчае таварыства — Коматава». Зь лета 2021 года больш за 10 арганізацый у Горадні ліквідавалі па рашэньні суда, сем — па рашэньні выканкамаў, некаторыя пачалі працэс ліквідацыі самастойна.