Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злавесныя параўнаньні Лукашэнкі: палохаў Украінай, а напужаў Расеяй


Усе мілітарысцкія гульні вакол мяжы з Украінай закліканыя прадэманстраваць ляяльнасьць рэжыму Лукашэнкі Расеі, адцягнуць частку ўкраінскіх войскаў з Данбасу на беларускую мяжу. І адначасова адбіцца ад патрабаваньня Масквы больш актыўна ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне.

Сьцісла:

  • Беларускія ўлады дэманструюць нейкую пэрманэнтную вайсковую актыўнасьць, нават можна сказаць мітусьню, у зьвязку з вайной ва Ўкраіне.
  • Здаецца, афіцыйны Кіеў вырашыў пэўным чынам скарэктаваць сваю пазыцыю адносна Беларусі.
  • Лукашэнка заявіў, што ва Ўкраіне разгортваецца сцэнар, не рэалізаваны ў Беларусі. Заява вельмі двухсэнсоўная і дае глебу для розных інтэрпрэтацый.

«Нарэшце, пасьля цэлага месяца дыскусій ЭЗ прыняў шосты пакет санкцый супраць Расеі ў якасьці пакараньня за яе агрэсію супраць Украіны. Адначасова новыя антырасейскія санкцыі ўвялі і ЗША.

Беларусь гэтыя новыя захады зачэпяць мала, хіба што ўскосна, рыкашэтам. ЭЗ прыняў рашэньне аб адключэньні ад сыстэмы SWIFT «Белінвэстбанку». Санкцыі ЗША супраць расейскай інжынірынгавай кампаніі «ФЦНИВТ» СНВА «Элерон» распаўсюджваюцца і на яе прадстаўніцтва ў Беларусі, якое разьмешчана на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы.

Тое, што новыя санкцыі тычацца Беларусі нязначна, даволі адметна. Гэта значыць, што Беларусь не разглядаецца на Захадзе як самастойны суб’ект адносна вайны ва Ўкраіне».

Тым часам беларускія ўлады дэманструюць нейкую пэрманэнтную вайсковую актыўнасьць, нават можна сказаць мітусьню, у зьвязку з вайной ва Ўкраіне. То абвяшчаюць пра трэці этап праверкі гатоўнасьці сіл хуткага рэагаваньня. То правяраюць баяздольнасьць тэрытарыяльнай абароны, у асобных раёнах мабілізуюць у войска рэзэрвістаў. То Лукашэнка даручыў стварыць у беларускіх Узброеных сілах Паўднёвае апэратыўнае камандаваньне, а заадно сфармаваць народнае апалчэньне. То ўзводзяць інжынэрныя збудаваньні, закладваюць міны на мяжы з Польшчай і Ўкраінай.

Усе гэтыя мілітарысцкія гульні закліканы прадэманстраваць ляяльнасьць Расеі, адцягнуць частку ўкраінскіх войскаў з Данбасу на мяжу з Беларусьсю. І адначасова адбіцца ад патрабаваньня Масквы больш актыўна ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне. Маўляў, глядзіце, як мы актыўнічаем. Якія могуць быць прэтэнзіі?

Цікава, што, здаецца, афіцыйны Кіеў вырашыў пэўным чынам скарэктаваць сваю пазыцыю адносна Беларусі. Дасюль з вуснаў афіцыйных асобаў Украіны гучалі жорсткія ацэнкі пазыцыі Менску, асуджэньні і нават час ад часу пагрозы за саўдзел у агрэсіі.

Аднак тон апошняй заявы дарадцы кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксея Арастовіча трохі іншы. Там праглядаецца спроба неяк зразумець паводзіны ці нават падыграць кіраўніцтву Беларусі. Так, Арастовіч лічыць, што ўсе апошнія дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі сьведчаць пра ягонае лявіраваньне між ціскам Крамля і разуменьнем немагчымасьці наступу беларускіх войскаў на Ўкраіну. Больш за тое, украінскі сьпікер сьцьвярджае, што рашэньні аб стварэньні «народнага апалчэньня» і паўднёвага апэратыўнага камандаваньня на мяжы з Украінай ухваленыя ў сувязі з расейскай, а не ўкраінскай пагрозай. Вэрсія сумнеўная, аднак важна, што яна прамаўляецца чалавекам, які зьяўляецца «гаварушчай галавой» афіцыйнага Кіева.

Дарэчы, Лукашэнка міжволі згуляў на вэрсію Арастовіча. 31 траўня падчас нарады ў пытаньнях інфармацыйнай палітыкі ён заявіў: «Гледзячы на Ўкраіну, мы разумеем, што там разгортваецца сцэнар, не рэалізаваны на нашай зямлі. Калі задаём пытаньне, а што было б з намі, калі ласка, глядзіце на Ўкраіну. Мы разумеем узровень пагроз, актыўнасьць якіх усяго толькі перамясьцілася на тэрыторыю суседняй краіны».

Што меў на ўвазе Лукашэнка? Заява вельмі двухсэнсоўная і дае глебу для розных інтэрпрэтацый.

На маю думку, гэта была чарговая спроба напужаць беларусаў Украінай. Ужо шмат гадоў як афіцыйная прапаганда ператварыла паўднёвага суседа ў дзяжурны адмоўны прыклад няўдалай дзяржавы, якой пужаюць маленькіх дзяцей. І Лукашэнка проста апэляваў да звыклага наратыву пра Ўкраіну, у якой усё дрэнна, бо там дэмакратыя (чытай: анархія) і яна сябруе з Захадам.

Аднак шмат хто зразумеў гэтую рэпліку па-іншаму. Маўляў, Лукашэнка меў на ўвазе, што калі б у 2020 годзе перамог народ, то Расея ўвяла б сюды свае войскі, Менск і іншыя гарады бамбілі б і абстрэльвалі з ракет. Як тое цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Такі ў беларусаў саюзьнік.

Выглядае вельмі злавесна. Жадаючы напужаць Украінай, Лукашэнка міжволі напалохаў беларусаў Расеяй.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG