Дакумэнт быў ухвалены на пленарным пасяджэньні ў Страсбуры ўвечары 8 чэрвеня. Падчас галасаваньня 438 эўрадэпутатаў прагаласавалі «за», 65 — «супраць», і 94 устрымаліся.
Эўрапарлямэнт прапануе Радзе ЭЗ надаць Украіне статус кандыдата ў якасьці «выразнага палітычнага сыгналу салідарнасьці з народам Украіны».
«Эўрапейскі парлямэнт будзе працягваць падтрымліваць вас у вашым імкненьні атрымаць статус кандыдата ў ЭЗ. Мы ведаем, наколькі важна цяпер даць выразны сыгнал, што месца Ўкраіны ў нашай эўрапейскай сям’і. Скажыце ўсім: Украіна — гэта Эўропа», — заявіла старшыня Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэцола падчас пленарнага пасяджэньня.
Перад зацьвярджэньнем рэзалюцыі эўрадэпутаты выслухалі сьпікера Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслана Стэфанчука. З трыбуны Эўрапарлямэнту ён заявіў, што ўкраінскаму народу цяпер вельмі важна атрымаць ад Эўропы «гэты палітычны пасыл».
«Сябры, калі мы не атрымаем гэтага паведамленьня 24 чэрвеня, Пуцін атрымае гэтае паведамленьне, і ён зразумее, што цяпер ён можа беспакарана працягваць. Мы гарантуем, што, атрымаўшы гэты імпульс, палітычнае пасланьне, мы гатовыя працягваць працу», — сказаў Стэфанчук.
Рашэньні адносна статусу Ўкраіны ў якасьці кандыдата будуць прынятыя на саміце ЭЗ 23–24 чэрвеня ў Бруселі. Сёньня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ніякі «сурагатны варыянт» кандыдатуры Ўкраіне не падыдзе. Ён прызнаў, што ЭЗ па-ранейшаму скептычна ставіцца да наданьня такога статусу Ўкраіне.