У інтэрвію тэлеканалу ARD, якое цытуе BBC, Мэркель заявіла, што ёй няма за што прасіць прабачэньня: ні за сваю рэакцыю на анэксію Расеяй Крыму, калі яна падтрымала антырасейскія санкцыі, ні за супрацьдзеяньне ўступленьню Ўкраіны ў NATO, якое яна лічыла заўчасным.
Украіна прасіла даць ёй «Плян дзеяньняў для сяброўства ў NATO» пры прэзыдэнце Юшчанку і была дастаткова блізкая да гэтага. Аднак у 2008 годзе на бухарэсцкім саміце альянсу яна атрымала адмову праз пазыцыю Нямеччыны і Францыі.
Былая канцлерка патлумачыла, што разумела, як думае Пуцін, і не хацела яго правакаваць.
«Велізарная трагедыя, што гэта не спрацавала, але я не вінавачу сябе ў тым, што спрабавала», — прызналася Мэркель. Яна таксама заявіла, што ў тыя гады Ўкраіна не была гатова далучыцца да NATO, паколькі, паводле яе, была яшчэ нясталай дэмакратыяй і кіравалася алігархамі.
«Таму мы не маглі сказаць: окей, заўтра мы возьмем яе ў NATO, — растлумачыла Мэркель. — Украіна не была той краінай, якой мы ведаем яе цяпер. Гэта была вельмі расколатая Ўкраіна... рознагалосьсі былі нават паміж рэфармісцкімі сіламі — Цімашэнкай і Юшчанкам. Гэта значыць, што яна не была ўнутры краіны з узмацнелай дэмакратыяй».
У 2008 годзе апытаньні ўкраінцаў паказвалі, што ўступленьне ў NATO падтрымлівалі 20-30% апытаных, а супраць выступалі каля 40-50%. Радыкальна сытуацыя з падтрымкай зьмянілася ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе.
«Нельга стаць сябрам NATO за адзін дзень, — сказала Мэркель. — Я была цалкам упэўненая, што Пуцін не дазволіць так проста гэтаму адбыцца. Зь яго пункту гледжаньня гэта было б абвяшчэньне вайны».
Паводле Мэркель, такім чынам удалося выйграць час: «Гэта крыху супакоіла сытуацыю і дало Ўкраіне час разьвіцца ў краіну, якой яна стала сёньня».
Празь некалькі месяцаў пасьля саміту ў Бухарэсьце Расея напала на Грузію, а ў 2014 годзе яе войскі анэксавалі ўкраінскі Крым.