Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне створаць Раду «дэрусыфікацыі, дэкамунізацыі і дэкалянізацыі»


Дэмантаж скульптуры пад «Аркай Свабоды ўкраінскага народу» ў Кіеве
Дэмантаж скульптуры пад «Аркай Свабоды ўкраінскага народу» ў Кіеве

Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны мае намер стварыць дарадчы орган, які будзе займацца пытаньнямі «дэрусыфікацыі, дэкамунізацыі і дэкалянізацыі».

Паведамленьне аб гэтым было апублікавана ў аўторак, 7 чэрвеня, на старонцы ўкраінскага Мінкульту ў Facebook, піша DW.

Як зазначаецца, у задачы новай рады будзе ўваходзіць абмеркаваньне пытаньняў дэмантажу або пераносу помнікаў і іншых аб’ектаў савецкай мінуўшчыны, «закліканых замацоўваць ва Ўкраіне расейскія прапагандысцкія наратывы». Пры гэтым рашэньні павінны будуць прымацца ў дыялёгу з органамі мясцовага самакіраваньня і супольнасьцю.

Як растлумачылі ў Міністэрстве культуры, у сувязі з поўнамаштабным расейскім уварваньнем ва Ўкраіне «значна актывізаваўся запыт на замену савецкай і расейскай спадчыны ўкраінскай». У прыватнасьці, у красавіку ў цэнтры Кіева дэмантавалі скульптуру двух рабочых пад «Аркай дружбы народаў» (цяпер — «Арка Свабоды ўкраінскага народу»), устаноўленую ў 1982 годзе ў якасьці сымбаля «ўзьяднаньня» Ўкраіны і Расеі. Акрамя таго, пасьля расейскага ўварваньня адразу ў некалькіх населеных пунктах Украіны зьнесьлі помнікі Аляксандру Пушкіну, а ў Харкаве дэмантавалі помнік Аляксандру Неўскаму.

Зьмены плянуюць унесьці і ва ўкраінскую школьную праграму. Як заявіў у аўторак у эфіры нацыянальнага ТБ-маратону намесьнік міністра адукацыі Ўкраіны Андрэй Вітрэнка, зь яе выключаць кнігі, якія «ўсхваляюць расейскае войска». У якасьці прыкладу ён прывёў «Вайну і мір» Льва Талстога.

Паводле Вітрэнкі, «ідуць дыскусіі» пра тое, ці пакідаць кагосьці з расейскіх пісьменьнікаў у праграме замежнай літаратуры, у рамках якой іхныя творы сёньня вывучаюцца ва ўкраінскіх школах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG