Як паведаміла выданьне Deschide.md, у Беларусі ўкраінскага дэпутата падазраюць у хабарніцтве і карупцыі.
Свабода сабрала, што вядома пра Яўгена Якавенку.
Нарадзіўся ў Кіргізстане, вучыўся на Данбасе
З афіцыйнай біяграфіі вядома, што Яўген Якавенка нарадзіўся ў 1965 годзе ў горадзе Ош (Кіргізстан), але школу заканчваў у пасёлку Наўгародзкае Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці (з 2016 году паселішчу вярнулі гістарычную назву Нью-Ёрк). У 2014 годзе ўкраінскія войскі вызвалілі яго ад кантраляваных Расеяй незаконных узброеных фармаваньняў. Цяпер гэты населены пункт захапіла расейская армія.
Мае дзьве вышэйшыя адукацыі
Першую вышэйшую адукацыю Якавенка атрымаў у 1993 годзе па спэцыяльнасьці «правазнаўства» ў Днепрапятроўскім горным інстытуце.
У 2002 годзе завочна скончыў Нацыянальную акадэмію ўнутраных спраў (Кіеў) і атрымаў кваліфікацыю юрыста.
Выбіраўся ў парлямэнт ад партыі «Батьківщина», але ў фракцыю не ўвайшоў
Яўген Якавенка ў 2019 годзе балятаваўся ў Вярхоўную Раду Ўкраіны ад партыі Юліі Цімашэнкі ў аднамандатнай акрузе свайго дзяцінства, у Бахмуцкім раёне Данецкай вобласьці, але пасьля перамогі так і не ўвайшоў у складу фракцыі «Батьківщина». З гэтай прычыны ў партыі не камэнтуюць ягонага затрыманьня і дэпутацкай дзейнасьці.
Ягонымі найбліжэйшымі канкурэнтамі ў выбарчай гонцы былі выхадцы з Партыі рэгіёнаў, якую ачольвалі прэзыдэнт-уцякач Віктар Януковіч і прэм’ер-міністар Мікола Азараў. Якавенка перамог зь перавагай у 781 голас прадстаўніка партыі «Апазыцыйная плятформа «За життя!», цяпер ужо арыштаванага Віктара Медзьведчука.
Украінскія СМІ тады шмат пісалі аб магчымым подкупе ім выбарнікаў і фальсыфікацыях. Гэтую справу нават расьсьледавала Служба бясьпекі Ўкраіны, якая высьветліла, што незаконнай дзейнасьцю займаўся адзін зь мясцовых крымінальных аўтарытэтаў. Але тады не змаглі давесьці ягоную сувязь зь Якавенкам.
Партыя «Батьківщина» ўсе абвінавачаньні ў фальсыфікацыі катэгарычна адхіляла.
У парлямэнце, быўшы пазафракцыйным, найчасьцей галасаваў разам з дэпутатамі праўладнай фракцыі «Слуга народу». Пэрыядычна ягоная пазыцыя ў падтрыманьні законапраектаў супадала з пазыцыяй фракцый Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», Юліі Цімашэнкі «Батьківщина» і «Апазыцыйнай плятформы «За життя!» Віктара Медзьведчука.
У маладосьці працаваў на шахце, а потым стварыў свой бізнэс
Пасьля службы ў войску Яўген Якавенка працаваў на шахце ў Тарэцку Данецкай вобласьці.
У 2001 годзе, за год да заканчэньня Нацыянальнай акадэміі ўнутраных спраў, заснаваў гандлёва-прамысловую кампанію «Алькон» з 300 грыўнямі статутнага капіталу (на той момант каля 60 даляраў у эквіваленце. – РС).
Кампанія зарэгістравана ў Дніпры, у статутных дакумэнтах асноўным відам яе дзейнасьці вызначаны неспэцыялізаваны гандаль.
Чым гандляваў і як зьвязаны зь Беларусьсю
Вядома, што кампанія Якавенкі была пасярэдніцай у пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі, паліва, мэталяў і ўгнаеньняў, а таксама займалася гандлем грузавым аўтамабільным транспартам. Па сутнасьці, ягоная дзейнасьць магла быць зьвязаная і з прасоўваньнем беларускай прадукцыі на ўкраінскім рынку.
Кампанія ня мае афіцыйнага сайту, а ўсе пазначаныя ў юрыдычных дакумэнтах тэлефоны аказаліся нядзейнымі.
Сярод рэзыдэнтаў свабодных эканамічных зон Беларусі, абнародаваных на адпаведных сайтах, імя Яўгена Якавенкі і назва ягонай кампаніі ня згадваюцца. Але зь відаў дзейнасьці кампаніі, якую ён пасьля выбраньня ў парлямэнт перапісаў на жонку Тацяну, вынікае, што ў сфэру ягоных інтарэсаў маглі трапіць беларускія нафтапрадукты, угнаеньні і грузавыя аўтамабілі.
У публічнай прасторы адсутнічае інфармацыя і аб сустрэчах Яўгена Якавенкі зь якімі-небудзь афіцыйнымі асобамі Беларусі.
Украінскія СМІ пісалі, што Яўген Якавенка ў 90-я гады займаўся нібыта «крухмальнай» кантрабандай і таму яго часта называлі «Жэня-Крухмал».
Пазьней Яўгену Якавенку прыпісвалі кантрабанду цыгарэт, але ў публікацыях ніколі не прыводзілі канкрэтных доказаў ягонай датычнасьці да гэтага. У той жа час украінскія журналісты пераконваюць, што дэпутат меў «эксклюзіўны» доступ да Горадзенскай тытунёвай фабрыкі, прадукцыю якой ён пастаўляў у Прыднястроўе, а адтуль ва Ўкраіну і ў эўрапейскія краіны.