Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява БАЖ: «Журналісты павінны мець магчымасьць нармальна працаваць і жыць бяз страху за сваю сям’ю і сябе»


Камізэлька «Прэса»
Камізэлька «Прэса»

У Беларусі ў чэрвені пачынаюцца пяць судовых працэсаў над прадстаўнікамі мэдыя. Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала ўлады вызваліць іх і спыніць перасьлед.

У чэрвені ў Беларусі распачнуцца пяць крымінальных працэсаў над прадстаўнікамі мэдыя. Улады плянамерна перасьледуюць мэдыйнікаў, абвінавачваючы нашых калег паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ад удзелу ў пратэстах да дзяржаўнай здрады, — гаворыцца ў заяве БАЖ.

6 чэрвеня ў Менску ў закрытым рэжыме распачнецца суд у «справе інфармагенцтва БелаПАН». На лаве падсудных: былы намесьнік дырэктара інфармагенцтва Андрэй Аляксандраў (яго вінавацяць у «арганізацыі пратэстаў, ухіленьні ад выплаты падаткаў, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН альбо ўдзеле ў ім і здрадзе дзяржаве»), яго сяброўка Ірына Злобіна (вінавацяць у «арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве»), былы дырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў («ухіленьне ад выплаты падаткаў і стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН») і галоўны рэдактар Ірына Леўшына («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН альбо ўдзел у ім»).

7 чэрвеня ў Менску пачнуць судзіць галоўную рэдактарку закрытай уладамі газэты «Новы час» Аксану Колб. Рэдактарку незалежнага выданьня вінавацяць у арганізацыі пратэстаў і ўдзеле ў іх.

8 чэрвеня ў Магілёве ў закрытым рэжыме пачнуць судзіць фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка. Ужо пасьля яго затрыманьня ўлады ўнесьлі Радыё Свабода ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў, а цяпер журналіста будуць судзіць за ўдзел у такім фармаваньні.

Таксама ў чэрвені заплянаваны суд над журналісткай тэлеканала «Белсат» Кацярынай Андрэевай, якую ўжо асудзілі за асьвятленьне пратэстаў на 2 гады зьняволеньня і якая адсядзела за кратамі 1,5 года. Незадоўга да вызваленьня яе абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Кацярыне пагражае да 15 гадоў турмы.

У чэрвені пачнецца суд і над журналісткай тэлеканала «Белсат» Ірынай Слаўнікавай. Як і Андрэя Кузьнечыка, яе вінавацяць у стварэньні альбо ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні.

Усяго на дадзены момант за кратамі ў Беларусі ў жахлівых умовах утрымліваюць 27 прадстаўнікоў мэдыя. Гэта лічба, на вялікі жаль, павялічваецца. Беларуская асацыяцыя журналістаў падкрэсьлівае, што журналісты — не злачынцы. Свабода выказваньня зьяўляецца падмуркам дэмакратычнага грамадзтва. Журналісты павінны быць неадкладна вызваленыя з турмаў, мець магчымасьць нармальна працаваць і жыць бяз страху за сваю сям’ю і сябе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG