Гамельчука асудзілі да 2,5 гадоў калёніі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады і зьліў асабістых дадзеных
У судзе Чыгуначнага раёну Гомеля 2 чэрвеня да 2.5 гадоў калёніі асудзілі 49-гадовага Сяргея Індзюкова.
Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватнам жыцьці і пэрсанальных дадзеных), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта).
Судзьдзя Яўген Шаршнёў разглядаў справу ў закрытым рэжыме.
Канчаткова Сяргею Індзюкову прызначана 2 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем тэрміну пакараньня ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму, са штрафам у памеры 60 базавых велічыняў (1 920 рублёў).
У Бабруйску затрымалі журналіста «Коммерческого курьера»
Як даведаліся праваабаронцы«Вясны», учора ў Бабруйску на працоўным месцы затрымалі журналіста мясцовай газэты «Коммерческий курьер» Дзьмітрыя Суслава.
Учора днём супрацоўнікі РАУС прыйшлі ў рэдакцыю выданьня і, не патлумачыўшы прычыны, забралі журналіста. Вядома, што Суслава да позьняга вечара трымалі ў РАУС, пасьля чаго адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, як мінімум да панядзелка 6 чэрвеня.
У Менску затрымалі ўладальніка караоке-бара «Шум»
Мужчыну завуць Аляксей, яму 41 год. Ён быў адным з заснавальнікаў вядомага караоке-бара «Шум», які працаваў на Кастрычніцкай. Два тыдні таму без тлумачэньня прычынаў дамову на арэнду бара скасавалі, і ён неўзабаве выехаў, піша «Наша Ніва».
Аляксей захапляўся гістарычнай рэканструкцыяй і даволі актыўна вёў сацсеткі. Там ён пісаў пра палітычную сытуацыю ў краіне, а таксама пра вайну, падтрымліваў Украіну.
У «пакаяльным» відэа сілавікі самі паведамілі, што арыштавалі мужчыну выпадкова — за публікацыю нейкай карыкатуры ў Фэйсбуку. Пасьля гэтага яны нібыта выявілі, што ён быў падпісаны на плян «Перамога». Ці завялі на мужчыну крымінальную справу, пакуль не вядома.
Сайты і сацсеткі BYSOL, By_Help, Media Solidarity і яшчэ 4 праектаў прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Суд Партызанскага раёна Менску прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі»:
- Тры ютуб-каналы праекту Nexta і яго старонкі ў сацсетках (раней у сьпісе былі толькі тэлеграм-каналы і лягатып).
- Сайт і сацсеткі фондаў BYSOL, By_Help, Media Solidarity, а таксама сацсеткі іх заснавальнікаў: Андрэя Стрыжака, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксей Лявончыка.
- Сайт і сацсеткі праекту «Беларусам.рl», а таксама Voices from Belarus і інстаграм-старонкі яго кіраўнікоў Марыі Забары і Аляксандры Зверавай.
- Дадатак Digital Solidarity, яго сайт і сацсеткі.
Інфармацыя пра гэта зьявілася ў Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.