Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 чэрвеня: за «зьліў» зьвестак сілавікоў затрымалі адвакатку, ёй пагражае да 12 гадоў турмы


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне ў Менску

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян за выказваньне сваёй пазыцыі і за пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі.

Праз абвінавачваньне ў «зьліве» зьвестак сілавікоў затрымалі адвакатку

Сёньня на праўладных тэлеграм-каналах выйшла «пакаяльнае» відэа з адвакаткай юрыдычнай кансультацыі № 2 Маскоўскага раёну Менску Настасьсяй Лазарэнкай. На відэа бачна, што сілавікі прыехалі затрымліваць жанчыну з аўтаматамі і ў бронекамізэльках — яны залезьлі ў вокны і выламалі дзьверы.

У допісе сьцьвярджаецца, што на яе заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Артыкул прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

СК: жыхар Віцебску скапіяваў з сыстэмы дадзеныя амаль 1,5 мільёна беларусаў і скінуў іх «экстрэмістам»

Сьледчы камітэт Беларусі сьцьвярджае, што 35-гадовы работнік разьлікова-касавага цэнтру ў Віцебску разьмяшчаў у «экстрэмісцкіх» Telegram-каналах інфармацыю аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных праваахоўнікаў, службовых асобаў і іх сваякоў, адміністраваў «экстрэмісцкі» Telegram-канал, а таксама нібыта заклікаў да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках.

Яму выставілі абвінавачаньне паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: у незаконных дзеяньнях у дачыненьні да пэрсанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1), падрыхтоўцы людзей да ўдзелу ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 2 арт. 342), публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368), прадстаўніка ўлады (арт. 369), кіраваньні «экстрэмісцкім фармаваньнем» (ч. 1 арт. 361-1) і навучаньні людзей для ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293).

Матэрыялы справы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Вынесены чарговы прысуд за абразу Лукашэнкі

3 чэрвеня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску два гады «хатняй хіміі» прысудзілі Ніне Майтак. Судзьдзя Юлія Блізьнюк прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу — за абразу Лукашэнкі. Падрабязнасьці суду пакуль невядомыя, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG