Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: былы міліцыянт Кашко адбыў пакараньне, Осіпаву накінулі тэрмін, Моніч 3 месяцы ў ШЫЗА


Уладзімер Кашко
Уладзімер Кашко

Прызнаны палітвязьнем былы міліцыянт з Гомля Ўладзімер Кашко адбыў тэрмін пакараньня і 31 траўня выйшаў на волю са сьледчага ізалятара № 3, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Летась у лістападзе мужчыну прыгаварылі да трох месяцаў арышту паводле арт. 203-1 КК (незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных). Яго абвінавацілі ў перадачы адміністратару «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу пэрсанальных дадзеных 27 супрацоўнікаў міліцыі Гомельскай вобласьці.

Судзьдзя Андрэй Лагуновіч таксама пастанавіў спагнаць з палітвязьня кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпелым у памеры 13,6 тыс. рублёў.

Палітвязьня Сяргея Моніча амаль тры месяцы трымаюць у штрафным ізалятары магілёўскай калёніі

У штрафным ізалятары зьняволеным не выдаюць пасьцельную бялізну і не выводзяць на штодзённыя прагулкі.

Сяргей Моніч — жыхар Заслаўя, у яго двое непаўналетніх дзяцей. Асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі.

Мужчыну затрымалі 21 сьнежня 2020 году. У красавіку 2021 году суд Менскага раёну прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства) — за надпісы «АМАП — забойцы» і «3%», а таксама паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — за надпіс «Кубракоў — фашыст». Таксама ён прызнаны вінаватым у захоўваньні і перавозцы наркатычных сродкаў — 0,1 г марыхуаны — бяз мэты збыту (ч. 1 арт. 328 КК).

Ціхану Восіпаву накінулі 7 месяцаў да 11-гадовага пакараньня

У магілёўскай калёніі № 15 адбывае пакараньне асуджаны на 11 гадоў пазбаўленьня волі 26-гадовы палітвязень Ціхан Восіпаў. Яму дадалі яшчэ сем месяцаў зьняволеньня паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы), рэжым утрыманьня зьменены з узмоцненага на строгі.

У сярэдзіне сьнежня 2021 году стала вядома, што Восіпава да 15 красавіка 2022 году зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) — камэру з больш строгім рэжымам утрыманьня.

Восіпава затрымалі 14 жніўня 2020 году, у траўні 2021-га асудзілі, прызнаўшы вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: замах на забойства вайскоўцаў (ч. 1 арт. 14 і арт. 362 КК), удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), заведама ілжывы данос (ч. 1 арт. 400 КК).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG