Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Фядуту зноў перавялі на «Валадарку», 19-гадовага Каханоўскага –на турэмны рэжым. Палітвязьняў ужо 1217


Архіўнае фота. Аляксандар Фядута на прэзэнтацыі сваёй кнігі «Следы на снегу», 30 траўня 2018 году
Архіўнае фота. Аляксандар Фядута на прэзэнтацыі сваёй кнігі «Следы на снегу», 30 траўня 2018 году

Па стане на 28 траўня беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 1217 чалавек.

Яшчэ 15 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі. На 28 траўня іх у Беларусі ўжо 1217

Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі вязьнямі яшчэ 15 чалавек — Максіма Лебедзева, Алега Аўдзеенку, Аляксандра Кастэнку, Дзяніса Коршуна, Алену Жарыну, Руслана Міхайлава, Дзьмітрыя Шкаленка, Сяргея Клютчэню, Андрэя Клютчэню, Івана Ібрагімава, Уладзімера Дземчанку, Мікіту Скотнікава, Вячаслава Арэстава, Алесю Курэйчык, Аляксандра Плюцінскага. Як паведамляе цэнтар Вясна, праваабаронцы патрабуюць неадкладна іх вызваліць і спыніць іх крымінальны перасьлед.

Аляксандра Федуту зноў перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Марына Шыбко. Жонка палітвязьня мяркуе, што справа набліжаецца да суда.

Апошнія некалькі тыдняў Фядута знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе знаёміўся з крымінальнай справай. Па словах жонкі Фядуты, у «амэрыканцы» ён пасьпеў купіць крыху кніг — «вельмі сумаваў бяз гэтага «шопінгу». І ў цэлым Фядута ў зьняволеньні шмат чытае.

Пасля азнаямленьня з матэрыяламі сваёй справы ён напісаў, што, «перачытаўшы свае допыты», зрабіў выснову: «пакуль мне за сябе ня сорамна».

Супрацоўнікі КДБ затрымалі Фядуту 12 красавіка ў Маскве. Цяпер ён — фігурант крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (арт. 357 Крымінальнага кодэксу). За кратамі палітвязьня ўтрымліваюць ужо больш за год.

У сярэдзіне сьнежня ў Фядуты дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасьць, а праз тры дні ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі, таксама ён хварэў на пнэўманію.

Палітвязьню Яўгену Каханоўскаму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў крытую турму

Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», у канцы красавіка ў наваполацкай калёніі над палітвязьнем Яўгенам Каханоўскім адбыўся суд па ўзмацненьні рэжыму. Суд пастанавіў перавесьці хлопца на «турэмны» рэжым.

Этап у жодзінскую турму № 8 доўжыўся тры тыдні. У калёніі на хлопца ўвесь час аказваўся ціск: яго абмежавалі ў атрыманьні пасылак і бандэроляў, у званках, некалькі разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, а потым перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Адразу пасьля пераводу ў жодзінскую турму Яўгена зноў зьмясьцілі ў карцар.

Палітвязьня асудзілі за падзеі ў жніўні 2020 году ў Жлобіне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яму прысудзілі 3,5 года калёніі.

Палітзьняволенага Кіма Самусенку этапавалі ў магілёўскую калёнію

Стала вядома, што актывіста і сябра рады грамадзкага руху «Дзея» Кіма Самусенку днямі перавялі з турмы № 4 у папраўчую калёнію № 15 Магілёва, паведамляе «Вясна».

Кіма асудзілі па справе «падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «ўзлому кампутарнай сыстэмы Менгарвыканкаму» да шасьці з паловай гадоў калёніі. На волі Кіма чакае жонка Алеся і амаль двухгадовая дачка Лада, якая апошні раз бачыла бацьку, калі ёй было толькі шэсьць месяцаў.

Да палітзьняволенага Яўгена Галіча не дапускаюць адваката

Стала вядома, што да палітвязьня Яўгена Галіча, які ўтрымліваецца ў СІЗА № 3 у Гомлі, ужо тыдзень не дапускаюць адваката. Неякіх тлумачэньняў аб прычынах гэтага ні адвакату, ні маці Яўгена не даюць; ад маці толькі прымаюць перадачы для зьняволенага, паведамляе «Вясна».

Як стала вядома, справу Яўгена Галіча цяпер вядзе новы сьледчы – Багданаў. Сьледчы даў дазвол на наведваньне адвакатам свайго падабароннага, і павінен быў такі ж дакумэнт адаслаць у СІЗА. Але супрацоўнікі СІЗА сьцьвярджаюць, што дазволу не атрымлівалі.

Адвакатка папрасіла ў сьледчага выслаць ёй факсымільную копію дазволу, але пакуль яе не атрымала. Апошні раз яна сустракалася са сваім падабаронным 2 тыдні таму падчас допыту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG