Футбольным заўзятарам з Мазыра вынесьлі жорсткія прысуды
Пяць юнакоў пакаралі пазбаўленьнем волі на тэрміны ад 3 да 3,5 года.
23 лістапада ў Мазыры агучылі выракі групе маладых людзей, якіх пасьля затрыманьня ў траўні МУС Беларусі называў «футбольнымі фанатамі».
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Данііла Скіпальскага, Паўла Дворака, Аляксандра Сузько і Аляксандра Цімашэнку асудзілі на 3 гады калёніі з выплатай па 1,5 тысячы рублёў маральнай кампэнсацыі міліцыянту. Кірыла Канапацкага пакаралі трыма з паловай гадамі пазбаўленьня волі і такой жа сумай кампэнсацыі.
Затрыманьні прайшлі ў Мазыры 4 траўня. Тады арыштавалі звыш 10 жыхароў райцэнтру.
Большасьць затрыманых знаёмыя паміж сабой, яны фанаты футбольнага клюбу «Славія». Ім ад 18 да 27 гадоў.
19-гадовага Данііла Скіпальскага затрымалі, калі ён вяртаўся з працы.
«Чацьвёртага траўня ранкам вяртаўся з працы (ён працуе вартаўніком у будаўнічай фірме). На яго напалі два чалавекі ў цывільным, заламалі рукі. Пад’ехаў мікрааўтобус, адтуль выскачылі шэсьць чалавек са зброяй і пацягнулі ў мікрааўтобус. Гэта быў САХР (спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня. — РС)», — расказваў раней Свабодзе сваяк Данііла.
Блізкім паведамілі, што хлопцаў затрымалі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Сказалі, што яны кідалі камяні ў АМАП, выкарыстоўвалі пярцовыя балёнчыкі. Таксама іх абвінавацілі ў гвалце над міліцыянтам (артыкул 364 КК).
Пацярпелым прызналі начальніка мясцовага ДАІ.
Прысуд экс-міліцыянту: арышт
У Гомлі экс-міліцыянта асудзілі да 3 месяцаў арышту за зьліў дадзеных сваіх калегаў. Справу разглядаў суд Савецкага раёну і прысудзіў 30-гадоваму былому міліцыянту Ўладзімеру Кашко 3 месяцы арышту. Яго абвінавацілі ў зьліве адміністратару Telegram-каналу пэрсанальных зьвестак 27 супрацоўнікаў міліцыі Гомельшчыны, паведамляе «Вясна».
Дзеяньні Кашко кваліфікавалі паводле часткі 1 і 2 артыкулу 203-1 КК («наўмысныя незаконныя збор, перадача і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці і(ці) пэрсанальных дадзеных іншай асобы безь яе згоды, якія пацягнулі нанясеньне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна»). Гэты артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся толькі 26 траўня сёлета.
Адразу пасля ўнясеньня зьменаў гэты артыкул прымянілі супраць гомельскага міліцыянта.
Судзьдзя Андрэй Лагуновіч таксама пастанавіў спагнаць з гамельчука кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпелым у памеры 13 600 рублёў.
У Магілёве затрымалі маці з дачкой
Ад родных затрыманых стала вядома, што а 10.30 раніцы дадому да іх прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі дачку — Сенажэнку Лізавету. Празь некалькі гадзін затрымалі маці Лізаветы — Кацярыну Адзінцову. На дадзены момант яны знаходзяцца ў РАУСе Ленінскага раёну.
Санкцыя была толькі на імя Лізаветы. Па словах родных, ператрусу дома не было, прычына затрыманьня зьвязана з экстрэмізмам — меркавана, з «забароненымі» тэлеграм-каналамі.
Дзяўчыне, якая прыйшла зь бел-чырвона-белым сьцягам на апошні званок, прысудзілі штраф
17-гадовая Ядвіга Малашчанка прайшла на апошнім званку зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах і сфатаграфавалася зь ім. За гэта на яе завялі справу, некалькі разоў дапыталі і прапанавалі пакаяцца на відэа.
У складзеных участковым Дзьмітрыем Бублікам пратаколах было ўказана, што Малашчанка ўдзельнічала ў адзіночным пікетаваньні, публічна выказвала асабістыя і грамадзка-палітычныя інтарэсы і публічна пратэставала супраць дзейнай улады на тэрыторыі навучальнай установы і каля яе.
Ядвіга вінаватай сябе не прызнала.
Урэшце камісія ў справах непаўналетніх пры Баранавіцкім гарвыканкаме вынесла ёй папярэджаньне. Але пракурор гэтае рашэньне апратэставаў — і цяпер Ядвіга Малашчанка павінна заплаціць яшчэ і штраф — 70 рублёў, а таксама пеню да яго, паведаміла Радыё Рацыя.
Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай арыштавалі яшчэ раз
Аляксея Канеўскага ў Гомлі арыштавалі яшчэ на 15 сутак, паведаміў Тэлеграм-канал праваабарончай арганізацыі «Вясна». Артыкул, паводле якога яго асудзілі, пакуль невядомы. На волю ён мусіць выйсці 8 снежня.
Такім чынам, у гомельскім ізалятары Аляксей правядзе месяц.
Затрымалі салігорскага актывіста Паўла Батуева
У Салігорску адбываецца ператрус у актывіста Паўла Батуева. Пра гэта ўвечары паведаміў Тэлеграм-канал праваабарончай арганізацыі «Вясна». Пазьней дадалі, што актывіста затрымалі супрацоўнікі з Менску, калі ён ішоў забіраць дачку з дзіцячага садка. Затым яго павезьлі на вобшук у хату бацькі, дзе ён жыў апошнім часам. Пасьля заканчэньня гэтага вобшуку Паўла павезьлі на другі вобшук у яго асноўную кватэру. У межах якой справы затрыманы Павел Батуеў, пакуль невядома.