Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку пажару ў шклоўскім РАУС загінуў мужчына. Жыхары гораду кажуць, што ён падпаліў сябе і сьледчага


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

31 траўня ў адным з кабінэтаў шклоўскага РАУС адбылося ўзгараньне канфіскаванай маёмасьці, пачаўся пажар. У кабінэце былі супрацоўнік міліцыі і дастаўлены для разгляду жыхар Магілёва. У выніку апошні загінуў, супрацоўнік шпіталізаваны, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце ўзгараньня. Паводле СК, загінулы мужчына — раней неаднаразова судзімы, разбор праводзіўся па паведамленьні аб крадзяжы бэнзапіл.

Яму выканалі экстранную апэрацыю — нэкратамію.

Як расказалі журналістам «Зеркало» тры крыніцы, мужчыну выклікалі на допыт, і ён падпаліў сябе і сьледчага.

«Горад абмяркоўвае, відавочцы расказваюць, што мужчыну выклікалі на допыт, і ён падпаліў сябе і сьледчага. У кабінэце быў пажар, засталіся сьляды на будынку, — напісаў супрацоўнік аднаго са шклоўскіх прадпрыемстваў. — Знаёмы бачыў абпаленыя рэчы і кучу разявак каля РАУС».

Па ягоных словах, сьледчы знаходзіцца ў раённай лякарні.

«Стан пацыента, які знаходзіцца ў аддзеле рэанімацыі Шклоўскай ЦРБ, на сёньняшні момант — крайне цяжкі, — паведаміў пазьней тэлеграм-канал Мінздароўя. — У пацыента дыягнаставана 76% апёкаў скураных покрываў агульнай паверхні цела, тэрмаігаляцыйная траўма».

Паводле другога суразмоўцы «Зеркало», мужчына, які ўчыніў падпал, пранёс у будынак бэнзін.

Па інфармацыі журналістаў, пацярпелага сьледчага завуць Дзьмітры Хадарэнка, яму 27 гадоў. У траўні 2018 году ён расказваў раённай газэце «Ударны фронт», што ўладкаваўся ў райаддзел у жніўні 2017 году, прыйшоў пасьля інстытуту МУС, «можна сказаць, зьдзейсьніў дзіцячую мару». Праз 5 месяцаў, у кастрычніку 2018-га, на сьвяткаваньні юбілею Крымінальнага вышуку Беларусі Дзьмітрыю Хадарэнку ўручылі грамату УУС Магілёўскага аблвыканкаму, ён быў у званьні старшага лейтэнанта міліцыі. Увосень 2020-га таксама атрымаў грамату ад начальніка УУС.

Таксама паведамляюць, што ў памяшканьні падчас пажару мог знаходзіцца яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі. Ён не пацярпеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG