Вырасьлі тарыфы на газ і цяпло
Субсыдаваныя тарыфы на цеплазабесьпячэньне з 1 чэрвеня павысіліся з Br21,9245 да Br23,859 за 1 Гкал.
Акрамя таго, з 1 чэрвеня вызначана адзіная цана на прыродны газ (безь яе дыфэрэнцыяцыі ў ацяпляльны і летні пэрыяды), які выкарыстоўваецца ў памяшканьнях з усталяванымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу.
Зьніжаецца мыта на нафту і нафтапрадукты
Беларусь з 1 чэрвеня зьніжае памер экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты. Стаўка мыта на сырую нафту, мазут, бітум нафтавы, вазэлін і парафін, адпрацаваныя нафтапрадукты складзе — $44,8 за 1 т (раней — $49,6), на прамагонны бэнзін — $24,6 за 1 т (раней — $27,2) , на таварныя бэнзіны, дызэльнае паліва, лёгкія, сярэднія дыстыляты, бэнзоль, талюоль, ксілолы, алівы змазачныя — $13,4 за 1 т (раней — $14,8).
Расейскія чыгуначныя тарыфы паўплываюць на беларускі экспарт
Расейскія чыгункі з чэрвеня рэзка паднялі тарыфы на чыгуначныя грузаперавозкі. Павышэньне адбылося адразу на 11%. Акрамя таго, на ўсё лета скасоўваюцца льготы на перавозку вугалю.
Павышэньне не закране імпарт спажывецкіх тавараў і ўнутраных перавозак прадуктаў харчаваньня і будаўнічых матэрыялаў. Затое закране беларускі экспарт і адаб’ецца на імпарце тавараў з Расеі, бо вялікая колькасьць грузаў паміж краінамі сьледуе акурат па чыгунцы.
Новыя памежныя правілы ў трох раёнах
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ўвёў абмежаваньні на ўваход, уезд і часовае знаходжаньне грамадзян у памежнай паласе ў трох раёнах Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай — Брагінскім, Хойніцкім і Лоеўскім.
Абмежаваньні ўводзяцца з 1 чэрвеня па 31 жніўня «ў мэтах гарантаваньня памежнай бясьпекі». Яны не распаўсюджваюцца на тых, хто выконвае ў памежнай зоне працоўныя абавязкі ці ўдзельнічае ў ахове мяжы.
Таксама ў названы пэрыяд прыпыняецца выдача пропускаў у памежную паласу на тэрыторыі Брагінскага, Лоеўскага і Хойніцкага раёнаў.
Крызіс на «Белмэдпрэпаратах»
Дзяржаўны канцэрн «Белмэдпрэпараты» з 14 чэрвеня і як мінімум да канца ліпеня перавядзе сваіх супрацоўнікаў на 4-дзённы працоўны тыдзень. Распараджэньне датычыць амаль усіх аддзелаў прадпрыемства: закупак, продажаў і маркетынгу, бухгальтэрыі, кадраў, фармаканагляду, санітарна-прамысловай лябараторыі, вядучых інжынэраў і гэтак далей. Выключэньне — генэральны дырэктар.
Дадатковым выходным становіцца пятніца, аплата работы — «прапарцыйна фактычна адпрацаванаму часу». Прычыны рашэньня ў распараджэньні «Белфармпраму» тлумачацца фармулёўкай: «У мэтах аптымізацыі выдаткаў».
Праз заходнія санкцыі беларуская фармацэўтычная галіна сутыкнулася з шэрагам праблем: адгрузка некаторых прэпаратаў не плянуецца ў наступныя месяцы ці наагул у 2022 годзе.
Спыненьне плацяжоў у Беларусь з банку SEB
Трэці па памерах актываў банк Латвіі SEB з 1 чэрвеня спыніў абслугоўваньне плацяжоў у/з Расеі і Беларусі ва ўсіх валютах. Такое рашэньне ў банку прынялі з улікам «рызык, зьвязаных з вайной ва Ўкраіне, і росту аб’ёму санкцый у дачыненьні да Расеі і Беларусі».
Да 31 траўня ўключна былі даступныя як уваходныя, так і выходныя плацяжы, пасьля гэтай даты плацяжы ў/з Беларусі і Расеі будуць адхіляцца, сродкі будуць вяртацца адпраўніку. Рэгулярныя плацяжы закрыюцца аўтаматычна.
З 1 чэрвеня SEB будзе абслугоўваць толькі тыя плацяжы, якія патрэбны для забесьпячэньня найважнейшых дзяржаўных функцый, плацяжы ў мэтах гуманітарнай дапамогі або выплаты пэнсій. Пры гэтым банк рэкамэндуе атрымальнікам пэнсій і дапамог сачыць за тым, каб іх банк у Расеі ці Беларусі, які адпраўляе плацяжы, не знаходзіўся ў санкцыйным сьпісе і ня быў адключаны ад SWIFT.
Спыненьне перавозкі беларускіх тавараў у Літве
Зьмены на чыгунцы адбудуцца і ў іншай суседняй краіне — Літве, што зноў жа паўплывае на Беларусь. З 4 чэрвеня «Літоўскія чыгункі» спыняць перавозку падсанкцыйных тавараў — прадукцыі дрэваапрацоўкі, вырабаў з гумы, чорных мэталаў. У дачыненьні да гэтых груп тавараў уведзеныя абмежаваньні Эўразьвязу.
У літоўскім напрамку за мінулы год перавезьлі 16 мільёнаў тон грузаў, асноўная ўдзельная вага — гэта калій, астатнія абʼёмы — будаўнічыя матэрыялы, прадукцыя дрэваапрацоўкі, мэталы.