Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладых жыхароў Жлобіна, у тым ліку хлопца з разумовай адсталасьцю, адправілі ў калёнію за «масавыя беспарадкі»


Суд Жлобінскага раёну
Суд Жлобінскага раёну

Суд Жлобінскага раёну 5 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненьні да міліцыі» супраць дваіх жыхароў Жлобіну.

Суд пастанавіў пакараць 18-гадовага Яўгена Каханоўскага пазбаўленьнем волі на тры з паловай гады, а 21-гадоваму Дзьмітрыю Гопту, у якога разумовая адсталасьць, прысудзіў 2 гады калёніі.

Дзьмітрыя ўзялі пад варту ў залі суду. Да прысуду Яўген быў пад вартай, Дзьмітры — пад падпіскай, дома.

Дзмітры Гопта падчас працэсу
Дзмітры Гопта падчас працэсу

Справа тычылася падзей 10–11 жніўня ў Гомлі, калі людзі выйшлі на плошчу і патрабавалі сумленных выбараў. Пасьля жорсткага разгону шмат каго затрымалі. Маладых людзей абвінавачвалі ў тым, што ў ноч з 10 на 11 жніўня яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу, перашкаджалі руху транспарту, сьвісьцелі, выгуквалі лёзунгі, уцякалі ад міліцыі і кідалі камяні ў бок міліцыянтаў і транспарту праваахоўных органаў.

Міліцыянты пашкоджаньняў не атрымалі, але вайсковец унутраных войскаў часткі № 5525 Аляксандар Блыха праходзіў па справе як пацярпелы. На судзе ён паведаміў, што ў бок яго і таварышаў па службе ляцелі камяні і бутэлькі, якія «маглі прычыніць калецтва ці гібель».

Маці абвінавачанага Яўгена Каханоўскага Алеся і ягоны адвакат Сяргей Красноў
Маці абвінавачанага Яўгена Каханоўскага Алеся і ягоны адвакат Сяргей Красноў

Яўген Каханоўскі заявіў на судзе, што ня кідаў камянёў, не крычаў нічога. На сьледзтве ён казаў іншае (крычаў, кідаў). На судзе патлумачыў, што прызнаньні даў пад фізычным і псыхалягічным ціскам.

«Я быў у шоку, паніцы, калі мяне затрымалі. Мяне білі ў міліцыі і ў жывот, і па галаве, і па нагах, пагражалі „прэс-хатай“, калі я даваў не такія паказаньні, як трэба. Я пачаў агаворваць сябе і іншых. Я падпісаў, не чытаючы, бо баяўся, што зноў будуць біць», — сьведчыў жыхар Жлобіна.

Экспэртыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на псыхіятрычныя праблемы, Дзьмітры Гопта можа адказваць за свае дзеяньні.

Віну ён прызнаў цалкам і пагаджаўся з кожным сьцьверджаньнем пракурора, судзьдзі ці адваката. Перад судом 5 лютага ён моцна плакаў. Рыдаў хлопец і тады, калі яго забіралі пад варту.

Таксама ў Жлобіне судзяць 17-гадовага Віталя Прохарава і 18-гадовага Аляксандра Кі́селева па аналягічных артыкулах за падзеі 10–11 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG