Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рыхтуе Крэмль для Беларусі «вяртаньне ў родную гавань»? Меркаваньне расейскага экспэрта


Ці ёсьць у плянах кіраўніцтва Расеі далучэньне да РФ Беларусі разам з абласьцямі Ўкраіны і Паўднёвай Асэтыяй? Які сусьветны лад хоча сфармаваць Пуцін? Ці верне Крэмль ядзерную зброю ў Беларусь у адказ на ўступленьне ў NATO Фінляндыі і Швэцыі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, экспэрт Фонду Карнэгі Аляксандар Баўнаў.

— Выданьне «Медуза» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ў Крамлі плянуюць правесьці рэфэрэндумы аб далучэньні да РФ у самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР », у занятай расейскімі войскамі Херсонскай вобласьці Ўкраіны, у самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі, а таксама ў Беларусі.

У сакавіку Дзьмітры Мядзьведзеў, намесьнік сакратара Рады бясьпекі РФ, апублікаваў артыкул, у якім заявіў, што далучэньне Беларусі да Расейскай імпэрыі пры Кацярыне ІІ было «вяртаньнем у родную гавань». Наколькі імаверна, што ў Крамлі абмяркоўваюць зьліцьцё Беларусі з Расеяй? Наколькі імаверна, што новае «вяртаньне Белай Русі ў родную гавань» рыхтуюць практычна?

Аляксандар Баўнаў
Аляксандар Баўнаў

— Гэта тры пытаньні. Першае — пра рэфэрэндумы на занятых украінскіх тэрыторыях, у тым ліку і на тых частках Украіны, якія былі «народнымі рэспублікамі» да 24 лютага. Асобнае пытаньне — гэта выпадак Беларусі. І трэцяе — рыторыка Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Што да першых двух пытаньняў, то ў Крамлі, як заўсёды, разглядаюць некалькі опцыяў, граюць на некалькіх інструмэнтах, будуць выбіраць у апошні момант. У разуменьні тых, хто прымае там рашэньні, гэта і ёсьць гнуткасьць, калі ты трымаеш напагатове некалькі варыянтаў, а потым выбіраеш зь іх адзін.

Як гэта было з вайной. Калі зьяўляецца спакушальны радыкальны варыянт, ён стварае ўласныя цэнтры прыцягненьня. Як мы бачым у выпадку зь Мядзьведзевым, да варыянту далучэньня Беларусі прыцягваецца розная намэнклятура, якая хоча зрабіць сабе палітычную кар’еру за кошт выхаду ў авангард, на крок паперадзе астатніх.

Радыкальны варыянт — ці то далучэньне Данбасу да Расеі, ці то, у тэрмінах Мядзьведзева, «узьяднаньне Беларусі з Расеяй» — будзе прывабны для пэўнай колькасьці намэнклятуры і інфармацыйных наймітаў. Некаторыя будуць рабіць на яго стаўку, таму што ён яскравы.

Засьвяціўшыся побач з такім варыянтам, можна праявіць ляяльнасьць і патрыятызм. І такім чынам радыкальныя варыянты набываюць уласную вагу. І яны могуць аказацца больш жыцьцяздольнымі, чым спакайнейшыя рашэньні. Хоць ня ведаю, пра якія спакойныя рашэньні можа цяпер ісьці гаворка.

Так што так — такія пляны ёсьць. Наконт Данбасу іх прасьцей рэалізаваць, наконт Беларусі — складаней. А Мядзьведзеву трэба вярнуцца ў шэрагі патрыятычнага лягеру, ён можа ў пэўным сэнсе нават узначаліць «партыю вайны», каб вярнуць сабе шанцы стаць пераемнікам Пуціна.

— У 2019 годзе, падчас тагачасных інтэграцыйных жарсьцяў, вы казалі, што ў Крамлі ідзе кастынг праектаў працягненьня паўнамоцтваў Пуціна пасьля 2024 году. Вы адзначалі, што ідэя зрабіць гэта праз далучэньне Беларусі да РФ — гэта адзін з варыянтаў, за ім нейкія крамлёўскія «вежы» стаяць, а іншыя яму пярэчаць. Цяперашняя сытуацыя адносна далучэньня Беларусі — гэта такі самы кастынг ці ўжо «браняпоезд стаў на рэйкі» і будзе каціцца да канца?

— Глябальна ў Крамлі выйграў праект перабудовы постсавецкай прасторы, тое, з чым Пуцін хоча прыйсьці да працягу сваіх паўнамоцтваў ці да абмену сябе на дэлегаванага пераемніка.

Пры гэтым перабудова постсавецкай прасторы — гэта частка перабудовы сусьветнага ладу. Бо сучасны сусьветны лад не прадугледжвае перабудовы постсавецкай прасторы па жаданьні Расеі.

Ёсьць захопленыя тэрыторыі. Іх можна альбо вярнуць, альбо неяк юрыдычна аформіць. Можна іх аформіць альбо як асобныя дзяржавы, альбо як часткі РФ. Субʼектнасьці ў гэтых тэрыторыяў няма ніякай. Для тых калябарантаў, якія працуюць зараз у мясцовых адміністрацыях, для былых чыноўнікаў, якія згадзіліся прадстаўляць Расею ў якасьці мясцовай улады, варыянт далучэньня да Расеі больш бясьпечны.

Што такое непрызнаныя дзяржавы, мы ведаем з досьведу «ДНР» і «ЛНР». Там незразумелая сытуацыя зь межамі. Ёсьць Херсонская вобласьць, якая цалкам занятая расейскімі войскамі, і ёсьць Запароская, якая занятая імі часткова.

Ці рабіць іх асобным рэгіёнам, ці часткай Данбасу, ці вярнуцца да праекту Наваросіі — пакуль незразумела. Але тут няма субʼектнасьці. Што захочуць у Маскве, тое і зробяць. Захочуць стварыць Паўднёва-Заходнюю Рэспубліку з наступным уваходжаньнем у саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі — створаць. Ці проста далучаць да Расеі.

Хоць мне здаецца, што прадугледжваецца пэўнае адрозьненьне ад статусу Крыму. Хочацца аддзяліць Крым ад астатніх украінскіх тэрыторыяў пад расейскім кантролем. На Крым як на асобны выпадак многія і на Захадзе былі згодныя, а на астатняе — нязгодныя. Гэтую невялікую розьніцу, магчыма, хочуць захаваць.

А ў Беларусі субʼектнасьць ёсьць. Яна міжнародна прызнаная дзяржава, яна чалец ААН і іншых міжнародных арганізацыяў. Ёсьць яшчэ і ўладалюбства Лукашэнкі, які зусім нядаўна зацята біўся за сваю ўладу з уласным насельніцтвам, прынамсі, зь яго незадаволенай часткай.

І раптам ён гэтую ўладу проста так аддасьць? Гэта заўсёды было перашкодай для поўнага недружалюбнага зьліцьця. Ён у пэўным сэнсе па-ранейшаму стаіць на шляху гэтага зьліцьця. Але гэта не перашкаджае стварыць нейкую канфігурацыю ў выглядзе больш шчыльнай саюзнай дзяржавы, якая будзе складацца з Расеі, Беларусі і, скажам, сьвежаствораных рэспублік поўдня і ўсходу Ўкраіны. Можа, плюс Абхазія, хоць яны, здаецца, не гараць жаданьнем.

І гэта будзе нешта кшталту перазаснаваньня «вялікай Расеі», новага СССР.

Хаця, калі Лукашэнка будзе губляць кантроль, ён хутчэй пагодзіцца, каб Расея ажыцьцяўляла кантроль за яго. Аднак мне здаецца, што ён занадта любіць уладу, каб агаварыць для сябе пэўны сувэрэнітэт.

— У пэўным сэнсе вайна ва Ўкраіне была адказам на адмову Захаду задаволіць расейскі ўльтыматум аб гарантыях бясьпекі РФ. Празь які мэханізм перамога ці хаця б посьпех Расеі ў вайне можа забясьпечыць выкананьне таго расейскага ўльтыматуму? Як гэта бачыцца ў Крамлі?

— У мяне няма адчуваньня, што ёсьць пэўная мяжа, дзе яны могуць спыніцца. Тое, як быў сфармуляваны восеньскі 2021 году ўльтыматум Захаду, тое, што да яго прыкладаліся расейскія праекты дамоўленасьцяў, якія Захаду было прапанавана падпісаць, — так робяць усурʼёз толькі тады, калі вы ўжо перамаглі.

Калі вы прыносіце такую паперу як мінімум раўнапраўнаму ўдзельніку дыскусіі, а яшчэ такому, які пераўзыходзіць вас і ў эканамічным, і ў вайсковым сэнсе, то гэта дзіўна выглядае.

Цяжка было сабе ўявіць, каб Захад гэтую паперу падпісаў. Але калі б раптам падпісаў, то ўварваньня, хутчэй за ўсё, сапраўды не было б.

Але гэта было амаль неверагодна, і таму ўварваньне разглядалася як асноўны сцэнар. А ўльтыматум быў своеасаблівай апэрацыяй прыкрыцьця. Маўляў, з Захадам жа дамаўляцца немагчыма.

Што тычыцца сусьветнага ладу, то, гледзячы па прыгаданым артыкуле Мядзьведзева, мае месца сумесь розных гістарычных эпохаў. Бярэцца адвольны гістарычны пэрыяд,, і на яго падставе робяцца нейкія высновы наконт сучаснасьці.

Чаму, паводле Мядзьведзева, Беларусь у XVIII стагодзьдзі «вярнулася ў родную гавань»? Таму што раней была Кіеўская Русь. Але з тае пары прайшло паўтысячагодзьдзя. Немагчыма пераафармляць сьвет на падставе мапаў паўтысячагадовай даўнасьці. Тым больш калі гэта сьвет капіталістычных эканомік і нацыянальных дзяржаваў.

Фэадальны сьвет быў збудаваны зусім інакш. Ён не прадугледжваў нейкай адной мовы ў насельніцтва, не прадугледжваў прыкметаў нацыі. Падданыя плацяць падаткі, і ўсё. Тады фэадальнай вярхушцы было ўсё роўна, на якой мове гавораць падданыя.

Нам не падабаецца, як яно цяпер, — кажуць у Крамлі. А як павінна быць? Як кажуць некаторыя палітолягі-гіпэррэалісты, у вялікіх дзяржаваў павінен быць тэрытарыяльны буфэр. Але вялікія — гэта якія? Турэччына — вялікая дзяржава? А Іран? А Армэнія?

Выглядае, што гаворка ідзе пра сьвет, зь якога выціснуты кіроўны лібэралізм, кіроўныя лібэральныя эліты. Сьвет бяз Сораса, Гейтса, без кампаніі Apple, без Дэмпартыі ЗША. Гэта сьвет, дзе ў ЗША кіруе Трамп, у Францыі — Лё Пэн, у Нямеччыне — «Альтэрнатыва для Нямеччыны».

Гэта ня проста сьвет, які нэўтральна глядзіць на пашырэньне расейскай сфэры ўплыву і пагаджаецца з гэтым пашырэньнем.

У наступным артыкуле Мядзьведзеў прыгадае, што Польшча таксама ж была нашая. І Варшаўская дамова калісьці была ў нас. Аддайце нам яе. А Сувораў Альпы пераходзіў.

У гэтай сумесі сучаснага і мінулага незразумела, дзе спыніцца.

У гэтым сьвеце Крэмль не задавальняе прыход незразумелай і чужой будучыні. Як далёка ён мог бы зайсьці, калі б мог, абапіраючыся на сваю сілу і рашучасьць? Ён хацеў бы, каб будучыня, якая ўвасобленая ў талерантных, лібэральных сілах, пацярпела глябальную паразу.

І каб у буйных краінах сьвету прыйшлі да ўлады праціўнікі лібэральнай будучыні. Вось гэта, напэўна, быў бы ідэальны сьвет для Пуціна і яго паплечнікаў.

— Яшчэ да вайны Лукашэнка заявіў, што калі Захад будзе пагражаць Беларусі і Расеі, магчымае вяртаньне ядзернай зброі ў Беларусь. Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна, днямі заявіў, што Фінляндыя ў NATO — гэта пагроза бясьпецы Расеі. Гэта такая пагроза, з прычыны якой могуць вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь?

— Гэта крыху двухсэнсоўная прапанова. Рашэньне ўвесьці ядзерную зброю ў Беларусь будзе папулярнае ў патрыятычным сэгмэнце насельніцтва Расеі, які цяпер складае большасьць, як ні дзіўна. Бо гэта чарговы «ўдар па зубах» Захаду. Маўляў, яны хацелі загнаць нас глыбока ў эўразійскі стэп, а мы вось вярнуліся на межы Эўропы са сваімі ракетамі. У Нямеччыне амэрыканскія ракеты ёсьць, вось і мы вернем.

Калі б Беларусь была на месцы Карэліі і не была б незалежнай дзяржавай, гэты варыянт разглядаўся б як непасрэдны адказ на далучэньне Фінляндыі і Швэцыі да NATO.

Фінляндыя і Швэцыя мусяць атрымаць сваю долю дыскамфорту. І іх грамадзяне павінны атрымаць такі аргумэнт для сваіх палітыкаў: навошта вы ўступілі ў NATO, на нас цяпер нацэленыя ракеты.

Але Беларусь у вайскова-тэхнічным сэнсе нічога не дадае да Калінінградзкай вобласьці ці да паўночнага захаду Расеі. Вам відней, наколькі гэта прэстыжна ў самой Беларусі, наколькі гэта ўзьніме рэйтынг Лукашэнкі. Мне здаецца, што гэта хутчэй ускладніць яго становішча. Як і ўдзел беларускай арміі ў уварваньні ва Ўкраіну.

Апытаньне Chatham House у Беларусі ў сакавіку 2022 году
Апытаньне Chatham House у Беларусі ў сакавіку 2022 году

Але ў Расеі гэта будзе папулярна. Хоць і ў Расеі ёсьць сілы, і не абавязкова крытычна настроеныя да Пуціна, якія задаюць пытаньні: а Беларусь — гэта надзейна? Калі яе паглынуць, то так, але калі яна застаецца незалежнай, то мы аддаём ядзерны арсэнал на захаваньне іншай дзяржаве зь вельмі амбітным лідэрам на чале. І, не зьяўляючыся ядзернай дзяржавай, ён абвесьціць Беларусь ядзернай дзяржавай. А што будзе зь Беларусьсю далей? А калі там да ўлады прыйдуць іншыя, не прарасейскія сілы, і яна застанецца зь ядзернымі ракетамі? Так што тут ёсьць такія ваганьні.

— Днямі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што калі КНР паспрабуе далучыць Тайвань сілай, ЗША будуць супрацьдзейнічаць гэтаму, у тым ліку і вайсковымі сродкамі. У дачыненьні да вайны ва Ўкраіне Байдэн выключае прамое ўцягваньне ЗША ў вайну, паводле яго словаў, гэта можа прывесьці да Трэцяй сусьветнай вайны. Чаму гэта не перашкода ў выпадку Тайваня?

— Тут відавочны набор адрозьненьняў. Па-першае, на Тайвані ёсьць амэрыканскія войскі і заўсёды былі. Ва Ўкраіне іх ніколі не было. Адна справа, калі твой саюзьнік — патэнцыйны ці актуальны — ваюе з Расеяй, і іншая справа, калі цябе выганяюць. Далучэньне Тайваня да КНР сілай — гэта выгнаньне амэрыканскіх войскаў і караблёў. Гэта зусім іншы ўдар па прэстыжы.

Па-другое, зь якога году Ўкраіна саюзьнік Захаду, ЗША, зь якога году ідзе размова аб нейкіх гарантыях Захаду? Можа, з 2014 году. Не пры Кучму яна ж стала саюзьнікам. А Тайвань быў саюзьнікам ЗША гадоў 70, з моманту, калі туды эвакуаваўся ўрад Чан Кайшы. Зусім іншая гісторыя вайсковага супрацоўніцтва.

У Азіі няма NATO. Вы можаце правесьці ў Эўропе лінію падзелу: мы ў Эўропе дапамагаем афіцыйным саюзьнікам па NATO, ну, і іншым саюзьнікам дапамагаем — па меры магчымасьцяў. Але афіцыйных абавязкаў у нас перад апошнімі няма. Хоць паводле дакумэнтаў і NATO не прадугледжвае імгненнага пачатку ваенных дзеяньняў у выпадку нападу на аднаго з чальцоў, а прадугледжвае імгненны пачатак ваенных кансультацыяў. А ў Азіі ёсьць двухбаковы вайсковы саюз ЗША і Тайваня, такое «NATO на дваіх». Калі вы не абароніце вашага саюзьніка на двухбаковай аснове, вы абрынеце ўсю сыстэму бясьпекі ў Азіі.

Па-трэцяе, ядзерныя патэнцыялы ЗША і КНР асымэтрычныя. ЗША і Расеі — сымэтрычныя, а з Кітаем — не. Кітай трымае ядзерную зброю для абароны ўласнай тэрыторыі, а не для зьмены сусьветнага ладу і зьнішчэньня Амэрыкі. У Кітаю сотні ядзерных зарадаў, а ня тысячы, як у Расеі і ЗША. І таму сусьветная вайна паміж ядзернымі дзяржавамі, як яна ўяўлялася ў гады «халоднай вайны», паміж Кітаем і ЗША немагчымая.

І па-чацьвёртае, больш стрыманыя паводзіны кітайцаў, якія, у адрозьненьне ад часоў Мао, не імкнуцца да сусьветнай вайны. У іх ёсьць іншыя сродкі зьмяніць сусьветны лад. У Расеі няма іншых спосабаў памяняць гэты лад, акрамя як прадэманстраваўшы сілу. У яе няма належнай эканамічнай вагі, у яе няма «мяккай моцы». А ў Кітаю ёсьць іншыя, акрамя сілы, сродкі скарэктаваць сусьветны лад на сваю карысьць. Чым яны, уласна, і займаюцца некалькі апошніх дзесяцігодзьдзяў. Яны сталі другой эканомікай сьвету, яны фактычна калянізуюць Афрыку, у іх ёсьць тэхналягічная прысутнасьць ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў разьвітых краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG