Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратэгічныя бамбавікі Расеі і Кітаю правялі палёт падчас візыту Байдэна ў Японію. Што гэта значыць


Расейскі стратэгічны бамбавік Ту-95
Расейскі стратэгічны бамбавік Ту-95

Расейскія і кітайскія стратэгічныя бамбавікі ў аўторак правялі першы сумесны палёт з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Самалёты, здольныя несьці ядзерную зброю, падняліся ў паветра і праляцелі над Японскім і Усходне-Кітайскім морамі.

Гэта адбылося на фоне візыту ў рэгіён прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які ў аўторак сустрэўся зь лідэрамі Аўстраліі, Японіі і Індыі. Гэтыя краіны ўдзельнічаюць у так званым Чатырохбаковым дыялёгу па бясьпецы (Quad coalition), які, як лічаць у Пэкіне, накіраваны на стрымліваньне Кітаю.

Як піша New York Times, сумесныя расейска-кітайскія вучэньні сталі важным знакам таго, што партнэрства паміж Масквой і Пэкінам застаецца трывалым, нягледзячы на шматлікія ахвяры сярод мірнага насельніцтва ва Ўкраіне.

Паўднёвакарэйскае агенцтва «Ронхап» са спасылкай на афіцыйных асобаў паведаміла, што два кітайскія і чатыры расейскія самалёты праляцелі недалёка ад усходняга ўзьбярэжжа Паўднёвай Карэі, аднак не парушылі яе паветраную прастору.

Міністэрства абароны РФ пацьвердзіла сумесны палёт стратэгічных ракетаносцаў Ту-95МС ВКС Расеі і стратэгічных бамбавікоў «Хун-6К» ВПС Народна-вызвольнага войска КНР. Працягласьць палёту склала 13 гадзін. У ваенным ведамстве Расеі заявілі, што палёт ня быў накіраваны супраць трэціх краін.

«Гэта азначае, што Кітай па-ранейшаму гатовы шчыльна супрацоўнічаць з Расеяй, у тым ліку ў вайсковай сфэры», — пракамэнтаваў «Голасу Амэрыкі» сумесны палёт высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША.

«Кітай не дыстанцыюецца ад Расеі. Наадварот, гэтыя вучэньні паказваюць гатоўнасьць Кітаю дапамагаць Расеі абараняцца на ўсходзе, пакуль яна ваюе на захадзе», — заявіў ён.

Высокапастаўлены прадстаўнік Белага Дома таксама лічыць, што вучэньні бамбавікоў паказалі, што Расея будзе падтрымліваць Кітай у яго тэрытарыяльных спрэчках з суседзямі ва Ўсходнім і Паўднёва-Кітайскім морах.

  • 23 траўня, падчас візыту ў Японію, прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што калі Кітай паспрабуе захапіць Тайвань сілай, ЗША гатовыя абараняць востраў ваенным шляхам.
  • Уладзімір Пуцін наведаў Пэкін за 3 тыдні да ўварваньня ва Ўкраіну. Расея і Кітай тады падпісалі дэклярацыю, у якой гаварылася аб «бязьмежным партнэрстве». Выведка краінаў Захаду перакананая, што Кітай ведаў аб плянах расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і прасіў Пуціна адкласьці яго да завяршэньня Алімпіяды ў Пэкіне, што і было зроблена.
  • Кітай не асудзіў расейскае ўварваньне, фактычна ўсклаўшы адказнасьць за яго на краіны Захаду. Разам з тым Пэкін заяўляе аб прыхільнасьці тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Краіны Захаду асьцерагаюцца, што на фоне расейскага ўварваньня Кітай можа зрабіць спробу сілай усталяваць кантроль над Тайванем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG