За час ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Пуцін настроіў супраць сябе і «партыю вайны», і тых, хто хоча міру, піша расейскамоўны незалежны сайт «Медуза», рэдакцыя якога знаходзіцца ў Рызе, са спасылкай на свае крыніцы ў расейскіх элітах.
На працягу трох месяцаў ад моманту уварваньня Расеі ва Ўкраіну многія прадстаўнікі расейскіх элітаў некалькі разоў памянялі сваю пазыцыю як у адносінах да вайны, так і да сытуацыі ў сваёй краіне.
Незадаволенасьць дзеяньнямі Пуціна, маштабамі санкцый і тэмпамі «спэцапэрацыі»
Як кажуць крыніцы «Медузы» блізкія да Крамля, цяпер сярод расейскіх элітаў вельмі шмат хто не задаволены асабіста Ўладзімірам Пуціным. Пры гэтым такой пазыцыі прытрымліваюцца і тыя, хто выступае за працяг вайны, і тыя, хто хоча міру, піша выданьне і адзначае, цяпер — праз тры месяцы з пачатку ўварваньня — у ацэнках таго, што адбываецца, сярод чыноўнікаў высокага рангу пераважае пэсымізм.
Разам з тым у Крамлі па-ранейшаму ня бачаць рэалістычнага сцэнару, пры якім улады маглі б скончыць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне — і захаваць свой рэйтынг.
Многія чальцы ўраду незадаволеныя тым, што Пуцін пачаў вайну, не падумаўшы пра маштабы санкцый. Таксама незадаволенасьць выклікаюць і тэмпы «спэцапэрацыі», нібыта многія ў расейскіх элітах думаюць, што можна было б дзейнічаць больш рашуча, паведамілі «Медузе» крыніцы, блізкія да прэзыдэнцкай адміністрацыі і да ўраду Расеі.
Нягледзячы на тое, што многія чыноўнікі лічаць, што «трэба дзейнічаць больш жорстка» і працягваць вайну «да перамогі» з шырокай мабілізацыяй рэзэрвістаў, паводле інфармацыі суразмоўцаў «Медузы», на мабілізацыю ў Крамлі не гатовыя.
Пры гэтым крыніцы адзначаюць, што «партыя міру» — у асобе найбуйнейшых бізнэсоўцаў і большасьці «цывільных» чыноўнікаў — таксама незадаволеная дзеяньнямі Пуціна, бо ня бачыць зь яго боку рэальных крокаў для дасягненьня міру з Украінай. Затое заўважаюць шматлікія цяжкасьці ў эканоміцы.
«Будучыня пасьля Пуціна»
Блізкія да Адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду суразмоўцы «Медузы» адзначаюць, што на такім фоне ва ўладзе ўсё часьцей абмяркоўваецца тэма «будучыні пасьля Пуціна».
Паводле адной з крыніц, у Крамлі негалосна абмяркоўваюцца нават фігуры пераемнікаў. Сярод іх мэр Масквы Сяргей Сабянін, намесьнік старшыні Савету бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў і першы намесьнік кіраўніка АП Сяргей Кірыенка.
Крыніцы «Медузы» тлумачаць, што Кірыенка ў апошні час рэгулярна мае зносіны з Пуціным з нагоды Данбасу (чыноўнік нядаўна стаў крамлёўскім куратарам гэтага акупаванага рэгіёну) і эканомікі. Таксама Кірыенка, як і кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў, уваходзіць у «блізкае кола» Пуціна.
Разам з тым суразмоўцы «Медузы» падкрэсьліваюць, што нават пры абмеркаваньні Кірыенкі і іншых гіпатэтычных пераемнікаў усе ва ўладзе разумеюць: Пуцін можа пакінуць пасаду прэзыдэнта толькі пры сур’ёзным пагаршэньні стану здароўя.
«Анэксія Беларусі»
Таксама, як піша «Медуза», у Крамлі не адмовіліся ад ідэі правесьці рэфэрэндумы аб далучэньні да Расеі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама занятай расейскімі войскамі Херсонскай вобласьці Ўкраіны. Калі менавіта яны змогуць прайсьці, залежыць ад сытуацыі на фронце.
Тыя ж крыніцы не выключаюць, што разам з рэфэрэндумамі ў самаабвешчаных рэспубліках Данбасу можа прайсьці плебісцыт аб «зьліцьці» з Расеяй у Беларусі.
«Але гэта калі атрымаецца праціснуць Лукашэнку, які такога сцэнару ўсяляк пазьбягае», — падкрэсьлівае адзін з суразмоўцаў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў на пытаньні «Медузы» на момант публікацыі не адказаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.