На дзяржаўным тэлеканале СТБ выйшаў сюжэт пра забойства пэнсіянэраў у Слуцкім раёне. Вядоўца дала зразумець, што сьмяротны прысуд асуджанаму Віктару Скрундзіку ўжо выканалі.
«Сёньня яму 30. Магло б быць. Першы сьмяротны прысуд сёлета», — адзначыла вядоўца.
Іншыя фігуранты справы Валянцін Бушнін і Віталь Мяцеж атрымалі 18 і 22 гады калёніі адпаведна, яшчэ адзін фігурант — 1 год папраўчых работ.
Прысуд Віктару Скрундзіку і іншым фігурантам выносілі двойчы, бо справу накіроўвалі на паўторны разгляд. У абодвух выпадках вырак быў аднолькавы.
Другі раз старшынём судовай камісіі быў судзьдзя Сяргей Япіхаў — той жа, які разглядаў справу Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака і пакараў сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады працяглымі тэрмінамі зьняволеньня (11 і 10 гадоў адпаведна).
Група Скрундзіка і паплечнікаў дзейнічала з канца 2018 году і да пачатку 2019-га. Яны забілі двух пэнсіянэраў у Слуцкім раёне і падпалілі іхныя дамы, а таксама абрабавалі яшчэ адну старую жанчыну, але яна выжыла.
Агульная сума іхнага здабытку склала 230 рублёў, а таксама тэлевізар і некалькі бутэлек алькаголю.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).