Сёлета Міністэрства адукацыі вызначыла сваім загадам месца правядзеньня выпускнога і «не вітае» адзначэньне выпуску ў рэстаране ці аграсядзібе.
Сьвяткаваць дазволена толькі ў школе.
«У бацькоўскіх чатах ня вельмі камфортная абстаноўка»
Алеся (імя зьмененае. — РС) рыхтуецца сёлета да выпускнога дачкі, якая заканчвае 11 клясу звычайнай менскай школы. Падрыхтоўка і размовы пра выпускны пачаліся ў іхнай клясе яшчэ ўзімку. Рэальная падрыхтоўка — недзе паўтара месяца таму. Адміністрацыя школы настойвае, каб адзначалі выпускны толькі ў школе.
«Прычым бацькі на ім будуць прысутнічаць у якасьці вартаўнікоў — бо ў фуршэце ўдзел прымаць ня будуць, толькі назіраць за дзецьмі. Разам з тым бацькі ў нашай клясе загадзя дамовіліся з аграсядзібай, музыкантамі, здымкамі. Таму вырашылі нічога не зьмяняць і сьвяткаваць на сядзібе, употай ад адміністрацыі і ня ў дзень выпуску ў школе. Іншая выпускная кляса пагадзілася на ўмовы адміністрацыі — будуць сьвяткаваць у школе. Праз такія розныя падыходы ў бацькоўскіх чатах ня надта камфортная абстаноўка», — расказала Алеся.
Яна кажа, што наўрад ці ў апошні момант можна знайсьці добрых музыкаў, каб годна адзначыць сьвята ў школе.
«Там будзе нейкая мастацкая самадзейнасьць, ежа можа быць са школьнай сталоўкі. Дзецям хочацца іншага, тым больш у нас такая кляса вольналюбівая. Сьвяткаваньне ў школе з усімі абмежаваньнямі імі ўспрымаецца як нейкі палон», — зазначыла маці выпускніцы.
За сядзібу бацькі здавалі грошы — па 100 даляраў з чалавека. «У гэтую суму ўваходзіць усё — і ежа, транспарт, вядоўца, і музыка. Апроч альбома. Ён каштуе 85 рублёў. Яшчэ 15 рублёў здавалі на кветкі, цукеркі, падарункі першаклясьнікам — карацей, на афіцыйную частку», — пералічыла Алеся.
Яшчэ дзеці вучыліся танцаваць вальс — для гэтага наймалі харэографа. За ўсе заняткі заплацілі па 15 даляраў.
Яна дадала, што стандарту ў адзеньні на выпускны няма. Яе дачка замовіла сукенку ў інтэрнэт-краме і сказала, што макіяж і фрызуру адмыслова рабіць ня будзе.
«Частка бацькоў хацела, каб на выпускны быў лімузын. Але дзеці адмовіліся — не захацелі патасу. Насамрэч у нас добры, практычны бацькоўскі камітэт. Яны грошы на вецер не пускаюць, шукаюць, дзе што таньнейшае», — кажа Алеся.
«Хто пойдзе на банкетную частку ў Палац Рэспублікі — здавалі па 200 даляраў»
У чытачкі Свабоды дачка сёлета заканчвае ліцэй. На апошні званок і ўрачыстую частку выпускнога бацькі здавалі па 50 даляраў. Урачыстая частка — гэта чырвоны дыван, фатазона, упрыгажэньне залі, урачыстае ўручэньне пасьведчаньняў. На падарунак кляснаму кіраўніку здавалі 20 рублёў, на фотаальбом — 80 рублёў.
«Тыя, хто вырашыў ісьці на банкетную частку ў Палац Рэспублікі, мусяць здаць па 200 даляраў за выпускніка і аднаго з бацькоў. За другога з бацькоў — яшчэ 50 даляраў», — расказала чытачка.
За дзьве сукенкі (на апошні званок і на выпускны) і туфлі для дачкі бацькі аддалі 400 рублёў, куплялі ў інтэрнэт-краме.
«Ніякіх урачыстых фрызур, макіяжу, манікюру дачка не плянуе. Наогул у ліцэі дзяўчаты, хлопцы і іх бацькі не імкнуцца да нейкай раскошы ў выглядзе лімузынаў ці іншай дурасьці», — дадала яна.
«Доўга абмяркоўвалі ў чатах колер стужкі на выпускны»
Марыя (імя зьмененае. — РС) жыве ў адным з райцэнтраў. Яе дачка сёлета заканчвае 11 клясу. Кажа, што сьвяткаваць будуць у школе.
«Бо бацькоўскі камітэт сказаў, што аграсядзібам забаранілі сёлета прымаць выпускнікоў. Мая дачка ідзе толькі на ўрачыстую частку, на забаўляльную яна не захацела ісьці», — кажа Марыя.
На ўрачыстую частку бацькі здавалі па 200 рублёў. З гэтых грошай 50 рублёў — за альбом, 20 — на падарунак школе, астатняе — на транспарт, кветкі, шарыкі, дэкор залі.
Марыя кажа, што на забаўляльную частку замаўлялі вядоўца з музычнай апаратурай. Ягоныя паслугі каштуюць 300 даляраў.
«Мая дачка сукенкі не захацела, кажа, што гэта непрактычна, потым будзе вісець у шафе. Таму пойдзе ў гарнітуры, які пазьней можна насіць. У бацькоўскім чаце вельмі доўга абмяркоўвалі колер стужкі на выпускны. Бо некаму прапанаваны колер не пасаваў да сукенкі, некаму іншы колер не падабаўся, нарэшце спыніліся на залатых», — дадала Марыя.
Афіцыйна
На прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі расказалі пра асаблівасьці выпускных. Кансультант упраўленьня сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай працы міністэрства Ларыса Емяльянчык расказала, што 27 траўня ў Маладэчне пройдзе рэспубліканскі школьны званок. На яго зьбяруць паўтары тысячы дзяўчат і юнакоў з усёй краіны.
«Выпускнікі пройдуць калёнай па горадзе, ускладуць кветкі да манумэнта Перамогі, затым у лядовым палацы ўзнагародзяць найлепшых выпускнікоў і пройдзе дыскатэка з удзелам папулярных выканаўцаў», — паведаміла Емяльянчык.
Паводле яе, рэглямэнтаваны і зьмест сцэнароў выпускных вечароў, апошняга званку, якія «ў абавязковым парадку ўключаць і мерапрыемствы, прысьвечаныя Году гістарычнай памяці».
У дзень апошніх званкоў і выпускных вечароў забароняць прадаваць алькаголь. Забарона ня тычыцца кавярняў і рэстаранаў.
Па зьвестках міністэрства, цяпер у Беларусі 1 мільён 66 тысяч школьнікаў. 9-я клясы заканчваюць 97,7 тысячы чалавек, 11-я — 52,3 тысячы.