Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра Ўкраіну дырэктар сказаў усім маўчаць». Як беларускія школы рыхтуюцца да Дня Перамогі


Дзень Перамогі ў Менску, 2008 год
Дзень Перамогі ў Менску, 2008 год

У дзіцячых садках і школах Беларусі апошні тыдзень назіраецца «патрыятычны ўздым», зьвязаны з набліжэньнем 9 траўня. Дзеці ўдзельнічаюць у шматлікіх акцыях, канцэртах і выставах, прысьвечаных Вялікай Айчыннай вайне.

У школах Рагачоўскага раёну праходзіць акцыя «Окна войны». Яе сэнс — упрыгожыць вокны школ сымбалямі, зьвязанымі з 9 траўня.

Акцыя — калька з расейскай прапаганды. У Расеі яшчэ два гады таму школьнікі «ўпрыгожвалі вокны».

У асноўным сьвяткаваньне 9 траўня ў школах сёлета не адрозьніваецца ад іншых гадоў — наведваньне музэяў, ускладаньне кветак, конкурсы малюнкаў і песень. Але ўвялі ва ўжытак словы «квэст, пэрформанс, чэлендж».

Свабода пагутарыла з маці школьніцы і настаўніцай пра ідэалягічную афарбоўку сьвята ва ўмовах вайны ва Ўкраіне.

«Дзеці намагаюцца напісаць на плякатах „Не — вайне“, але цяпер за такія словы людзей судзяць»

Жыхарка Менску Марына (імя зьмененае. — РС) кажа, што «трохі пабойваецца» 9 траўня. Яе дачка вучыцца ў малодшых клясах.

«Памятаючы, як на Дзень адзінства 2 красавіка дзецям расказвалі, што „Мы з Расеяй практычна адна краіна“ — і гэта пасьля пачатку вайны, а на дзень хатніх гадаванцаў у школы прыехала міліцыя з сабакамі, то я апасаюся 9 траўня. Дзецям прапанавалі ці плякат намаляваць да Дня Перамогі, ці верш вывучыць. Дзеці парываюцца маляваць і пісаць плякаты „Не — вайне“, „Вайна — гэта жах“, „Нельга забыць“. Гэта, па сутнасьці, добрыя словы, але, як на сёньняшні час, за „Не — вайне“ людзей судзяць. І як будзе са школьнымі малюнкамі, няясна», — кажа Марына.

Яна дадае, што настаўніца абмяжоўвае дзяцей у выказваньнях.

«Яна прасіла дзяцей „ня лезьці ў палітыку“. Самі ж пры гэтым нічога не расказваюць. Але даюць дзецям танкі размалёўваць, георгіеўскія стужкі па клясе разьвешваюць, кажуць, што „Расея — гэта нашы“. Я ўжо думала, каб гэтымі днямі пакінуць дзіця дома. Бо апасаюся, каб не пачалі выстройваць іх у школе літарай Z, як у Расеі», — кажа маці школьніцы.

«Інфармацыйная гадзіна прысьвечаная Вялікай Айчыннай вайне, але некаторыя настаўнікі гавораць пра „гібрыдную вайну“ Захаду»

Настаўніца адной са школ Гомля Анастасія (імя зьмененае. — РС) кажа, што дырэктар загадаў на тэму вайны ва Ўкраіне маўчаць, зь дзецьмі пра гэта не размаўляць.

«У плянах выхаваўчай працы — інфармацыйная гадзіна, прысьвечаная Вялікай Айчыннай вайне, але некаторыя настаўнікі лічаць патрэбным гаварыць на ёй пра „гібрыдную вайну, якую вядзе Захад“. Але гэта ўсё асабістае, афіцыйнага ўказаньня пра канкрэтную пазыцыю па вайне ва Ўкраіне няма. Калі пасьля выбараў 2020 году людзі былі падзеленыя, то цяпер усе проста маўчаць. Мне здаецца, што „ябацькі“ ня ведаюць, якую пазыцыю заняць. У нашым калектыве большасьць разумее, што насамрэч адбываецца, а меншасьць проста маўчыць», — кажа Анастасія.

Яна кажа, што паводзіны кіраўніцтва розных школ адрозьніваюцца.

«Ёсьць школы „узорна-паказальныя“, якія на слыху. У іх расейскі прапагандыст Салаўёў проста зорка і кумір. Ёсьць больш сьціплыя школы, у спальных раёнах. Я ў такой працую, нас ня надта тут прымушаюць „рваць кашулі“ на сабе ў пляне ідэалёгіі», — дадала настаўніца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG