Адваката Брагінца асудзілі на 15 сутак за «непадпарадкаваньне»
Адваката Віталя Брагінца асудзілі на 15 сутак за нібыта непадпарадкаваньне каля РУУС (артыкул 24.3 КаАП) Як паведамляе «Наша Ніва», такі прысуд у судзе Партызанскага раёну Менску вынесла судзьдзя Натальля Дзядкова. Брагінца затрымалі супрацоўнікі КДБ зранку 23 траўня на выхадзе з дому. Пазьней яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасьць да пратэставай дзейнасьці». Адтуль ён, як сьцьвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысьці», і ў гэтым і было непадпарадкаваньне.
У Расеі затрымалі беларуса, абвешчанага ў вышук за абразу Лукашэнкі
У Беларусі на затрыманага расейскімі сілавікамі мужчыну раней завялі крымінальную справу і абвясьцілі яго ў фэдэральны вышук, паведамляе выданьне «Мегаполіс».
Паводле выданьня, паліцыю ў Піцеры папярэдзілі аб «падазроным чалавеку» на вуліцы. Нарад патрульных падышоў да незнаёмца і даведаўся ад яго, што ён працуе сантэхнікам у кампаніі, якая займаецца газыфікацыяй. Высьветлілася, што ён знаходзіўся ў фэдэральным вышуку.
У Беларусі на яго завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. У выніку яго арыштавалі.
Працягваюцца рэпрэсіі супраць актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі
Па інфармацыі Радыё Свабода, у галоўны офіс Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску па вуліцы Багамолава, 13а прыйшлі сілавікі. Падразьдзяленьне, якое яны прадстаўляюць, пакуль невядомае. Адбыўся ператрус.
Таксама сілавікі, праўдападобна з КДБ, прыйшлі ў офіс старшыні БНП на «Беларуськаліі» Аляксандра Мішука. Паводле крыніцы, зь імі разам у офісе панятыя, нікога іншага туды не пускаюць.
Сілавікі вывезьлі старшыню Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў ААТ «Беларуськалій» Аляксандра Мішука пасьля ператрусу ў ягонай кватэры, працавалі супрацоўнікі КДБ зь Менску, паведаміла прэс-служба СПБ.
Прадстаўнікі БНП на «Беларуськаліі» па-ранейшаму маюць доступ на працоўныя месцы на фабрыках, рудаўпраўленьнях, дапаможных цэхах.
З Наваполацку Свабодзе паведамілі, што 25 траўня высяляюць з арэнднага офісу суполку БНП работнікаў ААТ «Нафтан».
18 і 19 красавіка па Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і затрыманьняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Шэраг лідэраў і ўдзельнікаў прафсаюзаў з таго часу знаходзяцца за кратамі, іх прызналі палітвязьнямі. Частку адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.