Пакуль у Беларусі помнікі Леніну «ўпрыгожваюць» цэнтральныя плошчы гарадоў, а дзяцей у школах «дабраахвотна-прымусова» запісваюць у піянэры, у Латвіі зьбіраюцца зьнесьці манумэнт савецкім вайскоўцам. Тут савецкую спадчыну ня лічаць сьвятыняй па змоўчаньні, а помнікі — прадмет шырокай і гарачай грамадзкай дыскусіі.
Тыя, хто супраць зносу помніка ў Рызе, часта падмяняюць паняцьці і абвінавачваюць супрацьлеглы бок у сымпатыі да фашызму. Іх лёгіка ў гэтым выпадку такая: хто ня любіць СССР, той любіць Гітлера. Але ўсё ня так проста, бо нелюбоў да савецкай акупацыі ня значыць аўтаматычную любоў да акупацыі нямецкай.
Чым больш я назіраю за цяперашнім канфліктам вакол помніка, тым больш упэўніваюся, што рэч увогуле ня ў ім. Помнік — гэта сымбаль, а спрачаюцца людзі за ідэі. І не за мінулае, якое ўжо не зьмяніць, а за будучыню — якой яны хочуць яе бачыць. Канфлікт вакол помніка — гэта насамрэч канфлікт наконт цяперашняй Латвіі і таго, як на яе ўплывае Расея.
У Латвіі жыве шмат расейскамоўных людзей, і стаўленьне да савецкай спадчыны, а таксама мары пра сьветлую будучыню тут моцна завязаныя на моўным фактары. Так, апытаньне на пачатку вайны паказала, што сярод людзей, якія дома карыстаюцца латыскай мовай, 90% падтрымлівалі ў цяперашняй вайне Украіну. А сярод тых, хто гаворыць дома па-расейску, гэтай пазыцыі прытрымліваліся толькі 22%.
Можна доўга і ўпарта прыводзіць у прыклад сваіх «не такіх» расейскамоўных знаёмых, даказваючы, што ня ўсё так адназначна. Асобныя прыклады не зьмяняюць тэндэнцыі: амаль 80% людзей у Латвіі, якія гавораць дома па-расейску, не падтрымлівалі Украіну на пачатку вайны (46% не падтрымліваюць ні тых, ні другіх, 21% стаіць на баку Расеі, і яшчэ 11% кажуць, што ім цяжка адказаць).
У сытуацыі, калі Расея нападае на Ўкраіну і ўчыняе там масавыя забойствы, усе пазыцыі, акрамя «я адназначна за Ўкраіну» — гэта фактычна падтрымка краіны-агрэсара.
Паводле новага апытаньня, у красавіку карціна троху зьмянілася: адназначна падтрымліваць Ўкраіну стала 30% расейскамоўных, а Расею — 13%.
Вы можаце спытацца, да чаго тут увогуле помнік савецкім вайскоўцам. А рэч у тым, што адкрытая падтрымка расейскай вайсковай агрэсіі ў Латвіі забаронена, і людзі, якія вельмі любяць палітыку Пуціна, жывучы ў краіне NATO, троху партызаняць з дапамогай гэтага помніка. Выйсьці за помнік тут фактычна значыць выйсьці за Расію. Такая рэальнасьць.
Я размаўляла з людзьмі і на акцыі супраць зносу помніка, і на акцыі ў падтрымку дэмантажу. Людзі, якія супраць зносу, амаль імгненна забывалі ў размове пра помнік і пачыналі казаць пра нацыстаў «Азова», дзяцей Данбасу і моц Расеі. А на шэсьці за знос помніка было безьліч людзей з украінскімі сьцягамі і ў майках з надпісам «русский военный корабль, иди нах**».
Я спытала ў некаторых зь іх, чаму яны прыйшлі на шэсьце і чаму абралі менавіта гэтае адзеньне. І рознымі словамі ўсе яны казалі адно і тое ж — яны ня хочуць, каб Расея і далей маніпулявала пачуцьцямі людзей (павагай да продкаў, удзячнасьцю героям і інш.) для разьвязваньня войнаў, генацыду і акупацыі земляў.
А шматлікія абразы і пагрозы з боку расейскіх чыноўнікаў у адрас жыхарак і жыхароў Латвіі толькі пацьвярджаюць, што захаваньне помніка — гэта не пытаньне павагі да продкаў, а пытаньне, ці прытрымліваецеся вы расейскіх правілаў гульні. Не, дзякуй, ня трэба.
Латвія Расеі нічога не павінна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.