«Па меры таго, як у Эўропе надыходзіць летні сэзон зь мерапрыемствамі пры ўдзеле вялікай колькасьці людзей, я непакоюся, што перадача вірусу можа паскорыцца», — заявіў дырэктар рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге. Ён адзначыў, што асноўны спосаб перадачы — шчыльны фізычны кантакт з хворым.
Фабіян Леендэрц, доктар нямецкага Інстытуту Робэрта Коха, назваў успышку воспы малпаў эпідэміяй, аднак выказаў меркаваньне, што яна працягнецца нядоўга. «Сёньня хворых лёгка адсачыць і ізаляваць. Акрамя таго, у нас ёсьць лекі і эфэктыўныя вакцыны, якія можна выкарыстоўваць у выпадку неабходнасьці», — сказаў Леендэрц.
Воспа малпаў — рэдкае інфэкцыйнае захворваньне, найболей распаўсюджанае ў аддаленых раёнах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі. Яго сымптомы — млоснасьць, тэмпэратура, сып, сьверб, а таксама боль у цягліцах. Выпадкі захворваньня па-за межамі рэгіёну часта зьвязаны з паездкамі ў неспрыяльныя з пункту гледжання эпідэміялёгіі зоны. Вірус распаўсюджваецца праз кантакт, але яго здольнасьць заражаць арганізм невысокая.
Да 21 траўня 2022 году за межамі Афрыкі зафіксавалі больш за 100 выпадкаў захворваньняў на воспу малпаў. Прынамсі восем краінаў Эўропы — Бэльгія, Францыя, Нямеччына, Італія, Партугалія, Гішпанія, Швэцыя і Вялікая Брытанія — паведамілі пра выпадкі воспы малпаў за апошнія дні. Таксама выпадкі хваробы былі зарэгістраваныя ў Аўстраліі, Канадзе і Злучаных Штатах, адзначае САЗ.
Сусьветная арганізацыя здароўя склікала экстраную нараду экспэртаў для абмеркаваньня ўспышкі воспы малпаў.