Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У краінах Эўропы зафіксавалі выпадкі рэдкай віруснай хваробы


Сып на целе пры восьпе малпаў
Сып на целе пры восьпе малпаў

У краінах Эўропы, а таксама ў ЗША, Канадзе і Аўстраліі правяраюць магчымыя выпадкі воспы малпаў.

Як паведамляе BBC, апошнімі днямі праверка ідзе ў Францыі, Італіі, Швэцыі і Аўстраліі, а раней пацьверджаныя выпадкі хваробы зафіксавалі ў Канадзе, ЗША, Гішпаніі, Партугаліі.

Нямецкае выданьне Focus таксама паведаміла пра пацьверджаны 20 траўня выпадак у Нямеччыне.

Сусьветная арганізацыя здароўя склікае экстраную нараду экспэртаў для абмеркаваньня ўспышкі воспы малпаў, паведамляе The Telegraph.

Воспа малпаў найчасьцей сустракаецца ў адносна ізаляваных раёнах цэнтральнай і заходняй Афрыкі. Выпадкі хваробы па-за гэтым рэгіёнам звычайна зьвязаныя з падарожжамі туды.

Паводле брытанскай Нацыянальнай службы аховы здароўя, звычайна воспа малпаў у чалавека працякае ў мяккай форме і большасьць людзей папраўляецца цягам некалькіх тыдняў. Хвароба таксама ня надта заразная. Заразіцца можна пры спажываньні мяса дзікіх жывёлаў альбо пры шчыльным кантакце з заражанай жывёлай ці чалавекам.

Пачатковыя сымптомы воспы малпаў — высокая тэмпэратура, галаўны боль і боль у цягліцах, запаленьне лімфавузлоў і стомленасьць. Потым на скуры зьяўляецца высыпка, як пры ветраной воспы (вятранкі).

У краінах Эўразьвязу няма ўхваленай вакцыны супраць гэтай хваробы, аднак, паводле гішпанскага выданьня El País, сыстэма аховы здароўя Гішпаніі закупіла партыю вакцын супраць натуральнай воспы. Гэтыя два вірусы належаць да адной сям’і.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG