«Магчымасьць для гульцоў любой нацыянальнасьці ўдзельнічаць у турнірах на аснове заслуг і без дыскрымінацыі мае асноватворнае значэньне для ATP-туру. Рашэньне Ўімбэлдана забараніць расейскім і беларускім гульцам удзельнічаць у турніры ў Брытаніі гэтым летам падрывае гэты прынцып і цэласнасьць рэйтынгавай сыстэмы ATP», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
У сувязі з гэтым у АТР «ня бачаць іншага выйсьця, акрамя як прыбраць рэйтынгавыя ачкі ATP з Уімбэлдана на 2022 год».
У заяве падкрэсьліваецца, што «аднабаковыя рашэньні такога кшталту, калі іх не прыняць да ўвагі, ствараюць разбуральны прэцэдэнт для астатняй часткі тура».
20 красавіка аргкамітэт Уімбэлданскага турніру вырашыў не дапускаць да спаборніцтваў спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне. Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў і Жаночая тэнісная асацыяцыя гэты крок не падтрымалі.