Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замест „Лукашэнку ў аўтазак!“ засьпяваць „Магутны Божа“». Кіраўніца «Вольнага хору» пра допыты, «Калинку-малинку» і нацыянальную ідэю


Галіна Казіміроўская з вольным хорам
Галіна Казіміроўская з вольным хорам

Пагутарылі з дырыгенткай «Вольнага хору» Галінай Казіміроўскай, якая 15 гадоў кіравала аматарскім харавым калектывам Concordia. Галіна лічыць, што менавіта хор можа стаць беларускай нацыянальнай ідэяй.

«Вольны хор» — культурны рух музыкаў, артыстаў, сьпевакоў з народу, які ўзьнік у жніўні 2020 году і стаў сымбалем беларускага пратэсту. Але многія сьпевакі вымушаны былі выехаць зь Беларусі ад перасьледу і ціску. Чаму беларускія ўлады напалохаліся харавых сьпеваў?

Галіна Казіміроўская
Галіна Казіміроўская

«Замест крычалкі „Лукашэнку ў аўтазак!“ можна засьпяваць „Магутны Божа“, і гэта вельмі аб’ядноўвае»

— «Вольны хор» нарадзіўся ў Дзень Незалежнасьці Беларусі 25 жніўня. І адразу стаў стаў сымбалем пратэсту. Пачыналі на прыступках філярмоніі, нечакана зьяўляліся ў гандлёвых цэнтрах, на дваровых канцэртах — і сталі шалёна папулярнымі. Колькасьць удзельнікаў дасягнула некалькіх соцень. У чым фэномэн «Вольнага хору»?

— Гэта была натуральная патрэба ў грамадзтве. Шмат людзей, якія любяць сьпяваць — музыкаў і ня толькі, — хацелі выказацца ў той момант, калі ўся наша краіна была ў такім ступары. Немагчыма было асэнсаваць увесь гэты гвалт, увесь гэты кашмар, падман. Быў такі эмацыйны момант — выйсьці і засьпяваць «Магутны Божа», паказаць, што мы разам. І гэта адгукнулася ў столькіх тысячах людзей. Замест «крычалкі» «Лукашэнку ў аўтазак!» можна засьпяваць «Магутны Божа», і гэта вельмі кранае, аб’ядноўвае. І гэта, як любая песьня, працэс сьпяваньня дапамагае нам самім жыць.

«У гэтым магла быць наша нацыянальная ідэя — хор, калі хор — гэта ўся краіна»

— Абвяргайце мяне, але ў бальшыні беларусаў хор асацыюецца са школай ці царквой. Ёсьць, вядома, унікальныя калектывы — «Унія», «Concordia», але яны разьлічаныя на вузкае кола слухачоў. Мне здаецца, масавым захапленьнем хор у Беларусі ня быў, як у краінах Балтыі, Украіне. Як так сталася, што «Вольны хор» у вельмі кароткі тэрмін літаральна ўзрушыў Беларусь? У чым прычына?

— Для мяне, з аднаго боку, гэта было як цуд — таму што я зь дзяцінства люблю хор, гэта маё жыцьцё. Я вучылася ў 1-й менскай музычнай школе, у нас быў клясны хор «Тоніка», мы вандравалі з гастролямі па сьвеце. І ўвогуле, сам працэс сьпяваньня разам — для мяне гэта лад жыцьця.

Так, заўсёды было вузкае кола людзей, каму гэта патрэбна, хто таксама адчувае, што гэта клясна. І калі «Вольны хор» выйшаў на такую шырокую прастору, я не магла нарадавацца: нарэшце людзі адчулі тое ж, што і я адчуваю ўсё жыцьцё: як гэта клясна, як гэта аб’ядноўвае! Ведаеце, ёсьць сьпеўныя краіны, дзе сьпяваньне ў хоры выхоўваецца з самага дзяцінства. Але гэта не пра нас.

Я лічу, што ў гэтым магла б быць наша нацыянальная ідэя — хор, калі хор — гэта ўся краіна. Я ўпэўнена, што сам працэс сьпеваў вельмі добра спрыяе і ўплывае на фізычнае і эмацыйнае здароўе. Людзі, якія сьпяваюць у хоры, не маглі б працаваць у АМАПе. Гэтыя людзі пазбаўленыя ўвогуле жорсткасьці і агрэсіі, таму што ў іх ёсьць добры стрыжань унутры, ёсьць добрыя спосабы выхаду энэргіі.

А па-другое, сам працэс сьпяваньня разам, у калектыве, так аб’ядноўвае! Хор — гэта такая прастора, дзе могуць існаваць самыя розныя людзі: зь вялікім голасам, з маленькім, з высокім, зь нізкім — яны ўсе патрэбныя. Вось гэта неймавернае адчуваньне, што ты патрэбен, што ты ўплываеш на музычнае гучаньне, што мы можам гэта рабіць разам і залежым адно ад аднаго. Таму што паасобку — гэта ня хор, гэта салісты, а калі мы побач — мы ўжо нацыя! А нам вельмі захацелася быць нацыяй, нам вельмі захацелася быць разам, адчуць, у чым мы падобныя.

Калі мы адчулі, што хочам сьпяваць, і зрабілі першыя крокі, гэта не называлася «Вольным хорам». Спачатку на прыступкі выходзілі найперш супрацоўнікі філярмоніі і сьпявалі. Мы з гэтых прыступак пайшлі, але гэта быў толькі пачатак. Першай акцыяй «Вольнага хору» мы лічым сьпевы ў гандлёвым цэнтры «Сталіца».

«100 гадоў таму ў нас былі аўтары вельмі важных песень-гімнаў: Тэраўскі, Равенскі, Шчаглоў-Куліковіч»

— Але яшчэ ж было важна, што сьпяваць. Што тады сьпявалі, як пасьпявалі рыхтавацца? З чаго, зь якіх твораў вы тады ў рэкордныя тэрміны запісалі альбом «Годныя песні»?

— Калі стала зразумела, што на наступны дзень пасьля першых сьпеваў людзі прыйдуць зноў, я патэлефанавала хормайстару. Ён у мяне пытаецца: «А што сьпяваць?» Я кажу: «Як што? «Пагоню», «Ваяцкі марш» — людзі нічога ня ведаюць, для іх гэтыя песьні нічога ня значаць.

І для мяне гэта была такая бездань, такая дзірка! Вы можаце прыехаць у Грузію, у Латвію, Украіну — у моладзі ёсьць багаж сваіх песень, які яны нясуць ад бабуль, ад бацькоў. У Нямеччыну можна прыехаць: у іх нямецкія гімны, якія ведаюць усе. А ў нас такіх песень няма. У нас проста яма. Усё, што рабілі савецкія ўлады, а потым і лукашэнкаўскі рэжым — гэта «абрусеньне»: «Подмосковные вечера», «Калинка-малинка», а свайго няма. Не атрымалася сувязі з нашымі бабулямі, дзядамі. Усё было забаронена, усё было забыта.

Для мяне быў шок, калі я як дырыгент, як хормайстар, як кампазытар стала зьбіраць: а дзе яно ўсё? Давайце вяртаць! Я 15 гадоў вучылася — у музычнай школе, вучэльні, кансэрваторыі, і ня ведала, напрыклад, дзейнасьці Ўладзімера Тэраўскага, які сабраў хор, напісаў шэраг цудоўных песень, у тым ліку і «Купалінку».

Я зьвярнулася спачатку да нашых музаказнаўцаў: можа, ёсьць творы, працы, дысэртацыі, дзе пра гэта можна знайсьці? І я гэта ўсё прынясу ў хор. 100 гадоў таму ў нас былі аўтары вельмі важных песень-гімнаў: Уладзімер Тэраўскі, Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, іншыя. Расстралялі Тэраўскага, вымусілі зьехаць Шчаглова-Куліковіча, Міколу Равенскага. Іх творы часткова выдаюцца замежнымі аматарскімі выдавецтвамі ў стане неапрацаваным, ня ўсё нават нармальна надрукавана. Прайшло 100 гадоў, а мы ў Беларусі ня маем гэтых твораў.

Быў адзіны чалавек, якому было ня ўсё роўна — стваральнік хору «Унія» Кірыла Насаеў, які адраджаў спадчыну Міколы Равенскага. Ён выдаў усе творы, якія магчыма было знайсьці. Гэта вельмі важная праца была скончаная ўжо пасьля сьмерці Насаева. Але шэраг твораў так і ня знайшлі.

А для мяне быў шок: як так? Гэта было забаронена савецкай уладай, але не было рэабілітавана незалежнай Рэспублікай Беларусь, якая паўстала ў 1991 годзе! Дзе яно ўсё? Чаму мы гэтага не вярнулі? Чаму ня білі ў званы?

І гэта стала маёй місіяй жыцьця: перадусім знаходзіць гэтыя творы, зьвязвацца зь Лёнданскімі і Лювэнскімі бібліятэкамі, якія высылалі мне тое, што ў іх было. Трэба было зрабіць сучасныя чатырохгалосныя апрацоўкі на зьмяшаны хор, набраць гэтыя ноты, адлічбаваць, каб было што сьпяваць. Часу было вельмі мала. Мы працавалі з рознымі сучаснымі кампазытарамі, якія дапамагалі ў гэтай справе.

За месяц мы падрыхтавалі зборнік «Годныя песьні». Калі ў мяне пытаюцца, як так хутка ўдалося, я адказваю, што сама не разумею. Я шмат гадоў дырыгую хорам, і на нармальны альбом ідзе некалькі месяцаў. Я праўда ня ведаю: быў нейкі адрэналін, ці што? Я не выходзіла з кабінэту, набірала па начах. І літаральна за некалькі рэпэтыцый мы вывучылі гэты рэпэртуар, хуценька запісалі гэтыя «Годныя песьні». А потым пачалі сьпяваць, выстаўляць онлайн, выконваць на акцыях, удзельнічаць у дваровых канцэртах.

«Стаяць мужчыны са сьлязамі на вачах, калі ты сьпяваеш тыя песьні, якія яны ніколі ня чулі і ня ведалі»

— Яшчэ адзін фэномэн восені 2020 году: дваровыя канцэрты. Адкуль яны ўзяліся ў краіне, якая ніколі не была «сьпеўнай», як вы ўжо зазначылі?

— Гэта для мяне самае любімае, кранальнае, што было падчас рэвалюцыі — дваровыя канцэрты. Гэта цуд! Прыходзіць хор, які раней успрымаўся ці як нейкі дзіцячы, піянэрскі, сумны, ці царкоўнае сьпяваньне бабак. У мяне тры вечары вольныя, а тут запыты зь сямі двароў, дзе нас чакаюць. І ты павінен выбраць кагосьці, бо паўсюль трапіць фізычна немагчыма. Ёсьць жа яшчэ рэпэтыцыі, нашы ўласныя акцыі...

Ты прыходзіш у нейкі двор у Серабранку, там 200 чалавек: жанчыны, мужчыны, якія ніколі на канцэрты ня ходзяць. А тут стаяць мужчыны са сьлязамі на вачах, калі ты сьпяваеш тыя песьні, якія яны ніколі ня чулі, ня ведалі — напэўна, гэта неяк покліч крыві. Песьня «Сьцяг» на верш Сяргея Панізьніка ці сучасныя песьні, якія ў нас любяць, — «Дзе наш край», «Красуня-вясна» (творы Зьмітра Вайцюшкевіча, адаптаваныя да хору), «Пагоня», ваярскія песьні, «Беларусь, мая шыпшына» на словы Дубоўкі — усё для іх было новае. І ўсё ў іх так абудзілася! Мы раздрукоўвалі тэксты, раздавалі людзям і вучылі зь імі гэтыя песьні.

Мы за месяц такую адукацыйную працу правялі, разьнесьлі гэтыя песьні па Менску. У той момант, калі ўзьнялася такая хваля, калі б нам далі волю і не было такога ціску, за 2-3 месяцы гэта разьнеслася б па ўсёй Беларусі! Паўсталі б дзясяткі хароў — прыхільнікаў «Вольнага хору» — ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. І за некалькі месяцаў мы навярсталі б тое, што дзясяткамі гадоў не маглі навярстаць.

«Гэта не пра „песенькі“, гэта абуджае пачуцьцё здаровага патрыятызму, гэта аб’ядноўвае нацыю»

— А чаму ўлады, сілавікі так спалохаліся песень і танцаў? У Берасьці ў «карагоднай справе» асудзілі больш за сотню чалавек. На ўдзельнікаў «Вольнага хору» пачаўся моцны ціск, арышты, «суткі», штрафы. Чаму?

— Гэта адказ на пытаньне, чаму я цяпер з вамі размаўляю з Варшавы. Многія ўдзельнікі «Вольнага хору» адбылі «суткі», некаторыя — па некалькі разоў, многіх аштрафавалі — усё было.

Чаму наша дзейнасьць стала такая небясьпечная? Яны, з таго боку, разумеюць моц гэтага руху. Таму што гэта ня проста «пра песенькі», гэта абуджае пачуцьцё здаровага патрыятызму, гэта аб’ядноўвае нацыю. Гэта надае сілаў і гэта надае веры, што мы хочам жыць у вольнай краіне. А ім гэта не патрэбна, ім патрэбна, каб усе хадзілі дэпрэсіўныя, паслухмяныя бараны, каб усе зьмірыліся.

Калі я сядзела на допытах у РУУС, мяне дапякалі пытаньнямі: што вы робіце, хто вас гэтаму навучыў, хто вам заплаціў, хто вамі кіруе з Захаду? Я сяджу і думаю: нейкі паралельны сусьвет! Здаровыя дарослыя дзядзькі зь нейкай жа адукацыяй, досьведам, якія лавілі бандытаў усё жыцьцё, — песень баяцца!

Песьня стала зброяй. Вось для мяне асабіста яна стала зброяй. Біцца я ня ўмею, карыстацца сапраўднай зброяй таксама ня ўмею. Але я несла песьню — гэта мой сьцяг, мой штандар. І ня толькі ў мяне — шмат у каго яшчэ гэта адгукнулася.

— І ўсё ж, чаму зьехалі?

— На мяне і яшчэ на некалькіх удзельнікаў «Вольнага хору» завялі крымінальныя справы, мне «сьвяціў» артыкул з абвінавачваньнямі ў тэрарызьме, гэта ад 8 да 20 гадоў (а цяпер ужо падпісалі і сьмяротнае пакараньне).

Я зразумела, што ўжо стала небясьпечна, мяне забяруць. А які ад мяне толк, калі я ў турме? Мы прынялі рашэньне, што я еду ў Варшаву. Частцы людзей з «Вольнага хору» таксама пагражалі крымінальнымі артыкуламі, а частка проста паехала за хорам. Таму што яны не маглі бяз хору, гэта стала сэнсам іхнага жыцьця. Пазабіралі сем’і, дзяцей, пакідалі працу, кватэры. І мы сюды прыехалі такой дзіўнай харавой сям’яй — толькі каб працягваць. Дзе жыць — усё роўна. Галоўнае быць разам і працягваць. Таму што гэта сэнс жыцьця. Цяжка. Кожны дзень задаю пытаньне: ці патрэбна гэта? Шмат спрэчак і нават сварак з боку тых, хто застаўся: маўляў, «паехалі, знайшлі сабе лепшае жыцьцё». Ну я хацела б расказаць ім пра гэта «лепшае» жыцьцё, чаго гэта каштуе і з чаго ўвогуле гэта складаецца.

Так, галоўны плюс гэтага жыцьця — ты не баісься, што цябе зараз забяруць. Можна хадзіць і не азірацца (не насіць, выбачайце, двое майтак на сабе і гігіенічныя сродкі з сабой), не хвалявацца. Таму што такое напружанае жыцьцё разбурае чалавека. Ня ведаю, колькі б яшчэ магла вытрымаць у Беларусі, бо на мяне праўда аказваліся рознага кшталту ціскі, пад дом прыяжджалі, сачылі за мной. Так жыць доўга немагчыма. Але я жыла. Пакуль гульня зусім не зьмяніла свае правілы.

«Калі хтосьці сядзіць у турмах, нехта павінен за іх крычаць. Вось мы і крычым, як можам»

— Як удалося адрадзіцца ў Варшаве? Іншая культура, хоць і блізкая^; чужая краіна, хоць і суседняя.

— Калі мы прыехалі сюды, то адразу паставілі за мэту: мы прыехалі не каб асімілявацца, інтэгравацца ў польскую культуру. Мы рандомна знаходзімся ў Варшаве, бо прасьцей было даехаць. Захаваньне хору таксама стала маёй мэтай: я не магу дапусьціць, што нарадзілася такая важная для нашага краю штука, якая сапраўды можа стаць такім нацыянальным рухавіком, — і каб гэта ўсё зьнікла.

Мы сьпяваем для ўсіх, мы сьпяваем за ўсіх, гэта голас народу, а ня нейкі там супэркалектыў. Гэта проста людзі, гэта мы ўсе, кожны з нас — гэта «Вольны хор». І нельга дапусьціць, каб гэты голас замоўк.

Гэта цяжка. Усё, што мы робім, спрабуем трансьляваць на Беларусь. Найперш мы хочам, каб гэта гучала там. Хаця і там, знаходзячыся ў Менску, мы ніколі не маглі рабіць адкрытых канцэртаў: былі падпольныя закрытыя канцэрты, якія трансьляваліся онлайн. Тое самае мы можам рабіць тут, і робім — онлайн-канцэрты.

Толькі тут мы зразумелі, што пра Беларусь людзі мала што ведаюць. Мы ўзялі на сябе такую місію: праз нашы канцэрты, выкарыстоўваючы песьні і мастацкія спосабы, паўсюль расказваць пра Беларусь. Немагчыма прызвычаіцца да таго, што ў нас столькі палітзьняволеных, што ў нас забіваюць людзей. Мы пра гэта гаворым. Кожны наш канцэрт — гэта мэсэдж, пасыл — найперш пра гэта, а потым ужо пра песьні, пра музыку.

Калі хтосьці сядзіць у турмах, нехта павінен за іх крычаць. Вось мы крычым, як можам.

Я не скажу, што гэта энэргія — хутчэй спосаб выжываньня: не спыняцца. Немагчыма не рабіць, таму выбіраеш рабіць.

«У нас зьявілася другая місія: расказаць, што мы таксама акупаваныя»

— Які цяпер рэпэртуар «Вольнага хору», што часова атабарыўся ў Варшаве? Ці адрозьніваецца ён ад таго, што сьпявалі ў Менску?

— Мы працягваем сьпяваць беларускія гімны, патрыятычныя песьні. Падрыхтавалі і запісалі новы альбом, таксама з твораў Равенскага, Куліковіча ды іншых. У нас няма мажлівасьцяў і сродкаў выдаць гэты альбом. І нават няма магчымасьцяў зьбіраць гэтыя сродкі, таму што выбухнула вайна і прыярытэты зрушыліся ў бок Украіны. Гэта нармальна і правільна.

Таму мы адклалі ў бок гэтыя праекты і ўключылі ў свой рэпэртуар украінскія песьні, каб паказаць нашу салідарнасьць.

У знак салідарнасьці мы сьпяваем некалькі ўкраінскіх песень такога ж напрамку, як і беларускія. У нас ёсьць рэкруцкія песьні, у іх — стралецкія. Як у нас ёсьць «Магутны Божа», у іх ёсьць «Малітва за Ўкраіну». Мы жанрава пераклікаемся з украінскім рэпэртуарам, які ўключылі ў сваю праграму. Так што мы разьвіваемся.

Мы рыхтуем ужо трэцюю праграму з твораў беларускіх аўтараў. Ня ведаю, калі дойдзе час, каб іх прэзэнтаваць. Бо зараз перадусім мы робім канцэрты салідарнасьці з Украінай.

Таму ў нас ужо зьявілася другая місія, бо шмат хто беларусаў успрымае як агрэсараў — таму што ня ведае, што адбываецца ў Беларусі. Адна праблема выходзіць з другой. Трэба расказаць пра Беларусь, што мы таксама акупаваныя, што бомбы на нас пакуль не ляцяць, але мы ня можам спыніць расейскіх вайскоўцаў на нашай тэрыторыі. Гэта ня мы робім. Гэта бандыты, якія захапілі ўладу. А мы — з Украінай, мы разам. І той канцэрт, які адбудзецца 20 траўня, павінен прадэманстраваць, што мы разам з Украінай.

Усім было абыякава, на Беларусь махалі рукой — маўляў, гэта наш лякальны канфлікт. Калі б у 2020-м сьвет адгукнуўся на нашу бяду і зрэагаваў, можа, і вайны гэтай не было б. Мне, канечне ж, цяжка нейкія прагнозы даваць, але абыякавасьць і суседняй Ўкраіны да нас, і заходніх краінаў таксама мелі месца. А зараз яны нас абвінавачваюць, што мы не даціснулі. Мы насамрэч зрабілі шмат. Я ж кажу: я не магу ўзяць у рукі зброю: рабіла, што магла. Выходзіла кожны раз на маршы, выказвала сваю пазыцыю, і як грамадзянка сваёй краіны змагалася, працягваю змагацца і далей. Для мяне нічога ня скончылася.

Мая мара — сьвята песьні. Мая мара — каб хор стаў беларускай нацыянальнай ідэяй. Каб мы сабраліся 10-тысячным хорам і засьпявалі тыя песьці, якія прайшлі з намі ўвесь гэты шлях. І я жыву з надзеяй, што гэта будзе. Мы вернемся ў вольную Беларусь, мы будзем яе адраджаць. Будзем будаваць, а не працягваць змагацца, каб людзьмі звацца«.

Галіна Казіміроўская — харавы дырыжор, цягам 15 гадоў кіруе харавым калектывам «Concordia», які сьпявае розную музыку: ад барока да сучасных твораў. Увесну 2020-га зьбірала подпісы за Віктара Бабарыку. 9 жніўня была каля стэлы, выходзіла на ўсе маршы. Пры канцы лета арганізавала «Вольны хор». У Беларусі на яе заведзеная крымінальныя справа па артыкуле «акт тэрарызму». Амаль год таму пераехала ў Варшаву, а за ёй і шмат удзельнікаў «Вольнага хору».

20 траўня «Вольны хор» выступае ў Варшаве з канцэртам у падтрымку Ўкраіны «Мы разам!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG