Беларускія творцы культуры, аб’яднаныя ў «Вольны хор», выступілі ў Варшаве ў падтрымку рэпрэсаваных беларускіх спартоўцаў. На стадыёне клюбу аматарскай лігі AKS «Zły» яны зьявіліся ў бел-чырвона-белых строях і з партрэтамі пацярпелых спартоўцаў, многія зь якіх цяпер у турме або ў вымушанай эміграцыі.
На арэне «Дон Пэдра» ў польскай сталіцы зладзілі Дзень беларускай культуры, акрамя футбольных матчаў у жаночай і мужчынскай лігах і выступу «Вольнага хору» дыктар згадаў некалькі імёнаў рэпрэсаваных атлетаў і паведаміў прысутным пра забойствы, катаваньні, сфабрыкаваныя справы і іншы перасьлед пратэстоўцаў у Беларусі.
Гледачы на стадыёне набывалі майкі зь беларускімі надпісамі і плякатамі ад кампаніі Modnaja cišotka.
«Вольны хор» паўстаў у жніўні 2020 году ў адказ на палітычныя падзеі ў Беларусі. Удзельнікі калектыву праславіліся нечаканым зьяўленьнем у розных грамадзкіх месцах Менску (мэтро, вакзал, бібліятэка, філярмонія, цырк, гандлёвыя цэнтры і г.д.) і выконвалі кампазыцыі, якія сталі найбольш папулярнымі падчас маштабных пратэстаў.
Удзельнікі харавога калектыву былі змушаныя пакінуць Беларусь празь небясьпеку перасьледу, як і шэраг іншых беларускіх дзеячоў культуры.