Лінкі ўнівэрсальнага доступу

468 мільёнаў эўра за месяц. Як ЭЗ працягвае гандляваць зь Беларусьсю


Мноства санкцый не замінаюць краінам ЭЗ набываць прадукты і тавары ў Беларусі. Глядзім, што набываюць і хто найбольш.

Экспарт зь Беларусі ў краіны ЭЗ, нягледзячы на санкцыі, не спыняецца. Пра гэта сьведчаць сьвежыя дадзеныя, якія Свабода атрымала ад Эўрастату.

468 мільёнаў эўра — на такую суму Беларусь прадала прадуктаў і тавараў у ЭЗ за сакавік. У лютым (а вайна пачалася толькі ў канцы месяца) экспарт Беларусі ў ЭЗ склаў менш — 436 мільёнаў эўра, то бок за час вайны ён вырас на 6,8%.

Па словах акадэмічнага дырэктара Beroc Кацярыны Барнуковай, гэта можа быць зьвязана з тым, што люты — кароткі месяц, і што санкцыі яшчэ не спрацавалі напоўніцу.

«Рост у адносінах да лютага — не паказчык, бо люты — кароткі месяц. Мы бачым падзеньне ў адносінах да студзеня, які больш вялікі месяц, і там якраз мінэральныя прадукты, якія трапілі пад санкцыі, таксама хімічныя прадукты, уключна з угнаеньнямі», — кажа Кацярына Барнукова.

У параўнаньні са студзенем продаж беларускіх тавараў у ЭЗ у сакавіку прасеў на 45 мільёнаў эўра.

Якія прадукты і тавары ЭЗ набываў у Беларусі ў сакавіку

Найбольш ЭЗ у сакавіку набываў у Беларусі драўніну і вырабы зь яе — на 140 мільёнаў эўра. На другім месцы — некаштоўныя мэталы і вырабы зь іх: 85,9 мільёна эўра. Таксама ЭЗ закупіў мінэральных прадуктаў зь Беларусі — на 53,6 мільёна эўра, машын і мэханічных прыстасаваньняў — на 25,6 мільёна эўра.

«Санкцыі ўвялі напрыканцы лютага, і нібыта яны мусілі пачынаць дзейнічаць адразу. Дзіўна, што ёсьць рост па экспарце мэталаў і дрэва, бо гэтыя катэгорыі тавараў трапілі пад санкцыі. Магчыма, там проста закрываліся кантракты ці санкцыі не пасьпелі ўступіць у сілу», — кажа Кацярына Барнукова.

Хто з краін ЭЗ набывае найбольш беларускіх прадуктаў і тавараў

Пяць самых буйных пакупнікоў беларускіх прадуктаў з ЭЗ у сакавіку:

Літва — 142,6 мільёна эўра Польшча — 119,3 мільёна эўра Нямеччына — 57,7 мільёна эўра Латвія — 44,1 мільёна эўра Нідэрлянды — 18,1 мільёна эўра

Як зьмянілася дынаміка

Літва ў сакавіку ў параўнаньні зь лютым імпартавала зь Беларусі прадуктаў больш на 42,6 мільёна эўра. Латвія таксама нарасьціла беларускі імпарт — на 15,7 мільёна эўра, Польшча — на 9,4 мільёна эўра, Нямеччына — на 4,8 мільёна эўра.

Нідэрлянды за месяц скарацілі імпарт зь Беларусі на 3 мільёны эўра.

У Літвы, Польшчы і Нямеччыны самы вялікі па грашовым аб’ёме прадукт імпарту зь Беларусі — дрэва і прадукты зь яго, у Нідэрляндаў — некаштоўныя мэталы.

Што з набыцьцём тавараў у ЭЗ Беларусьсю

Продаж тавараў з ЭЗ у Беларусь упаў на 28% за месяц.

За сакавік Беларусь набыла ў краінах ЭЗ прадуктаў і тавараў на 366,7 мільёнаў эўра. Найбольш значныя: прадукты хімічнай вытворчасьці — 92 мільёны эўра, гародніна — 37 мільёнаў эўра, гатовыя прадукты харчаваньня і напоі — 18,1 мільёна эўра.

Самыя галоўныя пастаўшчыкі тавараў:

  • Нямеччына — 72,2 мільёна эўра
  • Літва — 59 мільёнаў эўра
  • Польшча — 88 мільёнаў эўра

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG