Якое таталітарнае грамадзтва апісаў Орўэл
У кнізе Орўэл апісаў таталітарнае грамадзтва будучыні, шмат у чым змадэляванае на ўзор нацысцкай Нямеччыны і найперш сталінскага СССР. Але аўтар таксама скарыстаў матывы жыцьця ў Брытаніі падчас вайны.
Дзе адбываюцца падзеі ў кнізе
Дзеяньне кнігі адбываецца ў Акіяніі — краіне, якая ўвесь час ваюе або з Эўразіяй, або з Усходазіяй. У 1984 вораг — Эўразія, таму для дзяржаўнай прапаганды тая была варожай спрадвеку і няспынна. «Акіянія вяла вайну з Эўразіяй — значыць, Акіянія ваявала з Эўразіяй заўсёды і ва ўсе часы».
Хто такі «Вялікі Брат»
Усю ўладу ў Акіяніі трымае Партыя на чале зь Вялікім Братам. «Вялікі Брат бясхібны і ўсёмагутны. Кожны посьпех, кожнае дасягненьне, кожная перамога, кожнае навуковае адкрыцьцё, усе веды, уся мудрасьць, усё шчасьце, уся цнота непасрэдна прыпісваюцца яго кіраўнічай і натхняльнай ролі».
На чым трымаецца таталітарная ўлада
У Акіяніі чатыры галоўныя міністэрствы: «Міністэрства Праўды займалася інфармацыяй, забавамі, адукацыяй і мастацтвам. Міністэрства Міру займалася вайной. Міністэрства Любові сачыла за выкананьнем законаў і захаваньнем парадку. Міністэрства Дастатку адказвала за эканоміку. На навамове яны называліся: Мінпраў, Мінмір, Мінлюб і Міндаст».
Як прапаганда зьмяняе рэчаіснасьць «задняй датай»
Галоўны герой кнігі, Ўінстан Сьміт, працуе ў Міністэрстве Праўды і перапісвае мінулае: «Яшчэ ў лютым Міністэрства Дастатку выступіла з абяцаньнем (у афіцыйнай мове — „катэгарычнай гарантыяй“), што ў 1984 годзе ня будзе ніякіх скарачэньняў нормы на шакаляд. У сапраўднасьці, як ужо ведаў Ўінстан, у канцы гэтага тыдня норма шакаляду зьмяншалася з трыццаці да дваццаці грамаў. Заставалася толькі замест ранейшага абяцаньня падставіць папярэджаньне, што, магчыма, будзе неабходна скараціць норму на працягу красавіка».
«Навамоў» Орўэла: вайна — гэта мір
Важнае месца ў кнізе займае «навамоў» — афіцыйная мова Акіяніі. Навамову прысьвечаны асобны дадатак у кнізе. «Ён быў распрацаваны дзеля забесьпячэньня ідэалягічных патрэб Ангсоцу, або Ангельскага Сацыялізму».
Навамоў памяняў сэнсы многіх словаў. Галоўныя партыйныя лёзунгі, якія вісяць на фасадах будынкаў:
ВАЙНА — ГЭТА МІР
СВАБОДА — ГЭТА РАБСТВА
НЯВЕДАНЬНЕ — ГЭТА СІЛА
Чаму «1984»
Спачатку Оруэл даў кнізе назву «Апошні чалавек у Эўропе». У лісьце да свайго выдаўца Фрэдрыка Ўорбурга ў кастрычніку 1948 году ён напісаў, што вагаецца паміж гэтай назвай і «1984». Выдавец выбраў апошнюю назву, якую палічыў лепшай для продажу кнігі.
Некаторыя літаратуразнаўцы лічаць, што назва «1984» атрымалася проста зьменай апошніх лічбаў у 1948 годзе, калі Оруэл скончыў кнігу. Іншыя гэта аспрэчваюць і называюць крыніцай натхненьня верш жонкі Орўэла Эйлін «Канец стагодзьдзя: 1984».
Забаранілі ў СССР, выдалі ў незалежнай Беларусі
У СССР кніга была забароненай да канца 1980-х гадоў. На беларускую мову поўны тэкст кнігі яшчэ ў сярэдзіне 1980-х пераклаў Сяргей Шупа. У 1989 годзе гэты пераклад адмовіўся публікаваць часопіс «Полымя». Кніга выйшла ў 1992 годзе ў сэрыі «Бібліятэка замежнай прозы» выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Радок з кнігі гучыць у песьні «Радыё Свабода» гурту «Уліс»
Не пакіне нас надзея
Там, дзе няма цемнаты
Стрэнемся мы...
Песьня была напісаная ў 1990 годзе. Аўтар словаў Фэлікс Аксёнцаў сказаў пра гэта так: «Сувязь з Орўэлам існуе, але зь іншага боку. Выраз „там, дзе няма цемнаты, стрэнемся мы“ мае прыкладна тое ж дачыненьне да цытаты з „1984“, што словы „Радыё Свабода“ да славутае радыёстанцыі. Гэта спроба выкарыстаньня вядомых словазлучэньняў у новых кантэкстах».
Найбольш перакладаны ў сьвеце ангельскамоўны раман
«1984» перакладзены больш як на 60 моваў сьвету. На мовах суседзяў гэты твор спачатку выходзіў у эміграцыі: па-польску ў 1953-м, па-расейску ў 1957-м. Пасьля адмены забароны «1984» выйшаў у Польшчы ў 1988-м, у Расеі ў 1989-м, у Латвіі і Эстоніі ў 1990-м, у Літве ў 1992-м, ва Ўкраіне ў 2013-м (затое па-ўкраінску існуе цэлых пяць перакладаў гэтай кнігі).