Пра гэта паведамляе BPN са спасылкай на прэсавую службу НАК.
«Дэлегацыя Беларусі (так быў агучаны публічна яе ўдзел) прайшла пад нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам і ўсклала вянок да помніку ахвярам канцлягеру, — зазначаецца ў рэлізе НАК. — У канцлягеры нацысты ўтрымлівалі палітзьняволеных, што надае асаблівы сымбалізм удзелу прадстаўнікоў Беларусі ў цырымоніі. Сярод закатаваных у засьценках былі і беларусы».
Адбылася гутарка Латушкі са старшынём Міжнароднага фонду мэмарыялу Вілі Мэрні, які зазначыў, што выступае за неадкладнае вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў і «абураны арыштамі чальцоў незалежных прафсаюзаў» у красавіку.
19 красавіка Аўстрыйскае агенцтва друку паведаміла, што афіцыйныя дэлегацыі зь Беларусі і Расеі не запрасілі на цырымонію гадавіны вызваленьня канцлягеру. «Удзел абедзьвюх краінаў быў бы несумяшчальны з клятвай вязьняў Маўтхаўзэна і іх імкненьнем да міру і свабоды», — зазначыў Мэрні.
Тым не менш, у МЗС Беларусі 26 красавіка заявілі, што афіцыйны Менск будзе прадстаўлены на цырымоніі, бо мае запрашэньне. «Па стане на сёньняшні дзень ніхто гэтае запрашэньне ў нас не адклікаў. Таму, хто б што ў аўстрыйскай прэсе ні заяўляў, амбасада Рэспублікі Беларусь запрошаная, мае намер і будзе ўдзельнічаць у памятных мерапрыемствах», — заявіў тады прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Тэлеканал АНТ паведаміў сёньня, што супрацоўнікі амбасады Беларусі ў Аўстрыі таксама ўсклалі кветкі да мэмарыялу загіблым у Маўтхаўзэне і да помніку загібламу там савецкаму генэралу Дзьмітрыю Карбышаву.
Раней было адкліканае запрашэньне расейскай і беларускай афіцыйным дэлегацыям наведаць цырымонію з нагоды 77-й гадавіны вызваленьня канцлягеру Бухэнвальд і яго філіяла Мітэльбау-Дора ў Нямеччыне. Прычынай такога рашэньня стала гібель 96-гадовага Барыса Раманчанкі, аднаго з былых вязьняў лягеру, у Харкаве пасьля абстрэлу расейскімі войскамі 18 сакавіка.
У цырымоніі ад Беларусі ўзяў удзел Павал Латушка і прадстаўнік «Народнай амбасады» у Нямеччыне Міхаіл Таўбе.
Перад цырымоніяй ускладаньня кветак і вянкоў 10 красавіка чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг Беларусі быў заменены на бел-чырвона-белы. У сувязі з гэтым Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу паводле артыкулу КК «Распальваньне нацыянальнай варожасьці».