Фонд «Мэмарыялы Бухэнвальду і Мітэльбаў-Дора» сёлета адмовіўся запрашаць на мерапрыемствы беларускую і расейскую дэлегацыі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Замест гэтага Беларусь на цырымоніі прадстаўляў запрошаны фондам кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.
Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Паўла Латушкі, ён выступіў падчас цырымоніі разам з прадстаўніком Народнага пасольства Беларусі ў Нямеччыне Міхаілам Таўбэ і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Ўкраіны і Расеі. Яны прамовілі клятву ў памяць аб загінулых вязьнях канцлягера зь іх знакамітым дэвізам «Наша мэта — пабудаваць новы сьвет міру і свабоды».
«Мы спынім нашу барацьбу толькі тады, калі апошні зь вінаватых паўстане перад судом народаў», — фраза з клятвы, якую зачытаў Латушка.
Пасьля выступаў прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і Расеі была аб’яўлена хвіліна маўчаньня.
«Для мяне сама прысутнасьць, а таксама магчымасьць выступіць сёньня ў Бухенвальдзе — маральны абавязак і адказ дыктатарам, якія забыліся на найвялікшую трагедыю XX стагодзьдзя», — адзначыў Павал Латушка.
Ён усклаў да манумэнту вянок зь бел-чырвона-белай стужкай.
Бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі замест афіцыйнага чырвона-зялёнага быў вывешаны арганізатарамі і на флягштоку сярод сьцягоў астатніх краін-удзельніц, побач са сьцягам Украіны.
Паводле інфармацыі Свабоды, у цырымоніі ў Бухенвальдзе ўзяў удзел таксама прадстаўнік народных амбасадаў Беларусі Міхаіл Таўбэ.