Улады Індыі абмежавалі экспарт пшаніцы для забесьпячэньня ўласнай харчовай бясьпекі, піша The Times of India.
Гэты крок быў зроблены на фоне меркаванага значнага падзеньня вытворчасьці з прычыны моцнай сьпёкі і рэзкага росту ўнутраных коштаў на прадукты харчаваньня, асабліва на зерневыя. Абмежаваньні не закрануць экспартныя замовы, ужо заключаныя прыватнымі трэйдарамі, адзначае Hindustan Times.
Індыя — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца пшаніцы, яе доля складае 13,5%. Забарона на экспарт, верагодна, прывядзе да далейшага росту сусьветных цэн на прадукты харчаваньня.
Краіны Захаду неаднаразова папярэджвалі аб магчымым харчовым крызісе і голадзе ў шэрагу краін праз вайну Расеі з Украінай, бо абедзьве гэтыя дзяржавы — вядучыя экспартэры збожжа.
З прычыны баявых дзеяньняў амаль чатыры з паловай мільёны тон збожжа заблякаваныя ў партах Украіны. Прадукцыю немагчыма экспартаваць праз зачыненыя марскія шляхі. Расея і Ўкраіна абвінавачваюць адна адну ў зрывах паставак.
У сакавіку ААН зафіксавала рост цэнаў на прадукты больш як на 12 працэнтаў. Гэта стала рэкордам з 1990 году. Рэзкі рост цэнаў на прадукты харчаваньня і перабоі з пастаўкамі з Расеі і Ўкраіны паставілі пад пагрозу сытуацыю з харчамі ў краінах Блізкага Ўсходу, Афрыкі і некаторых рэгіёнах Азіі, дзе насельніцтва пастаянна недаядае і дзе мільёны людзей выжываюць за кошт субсыдаванага хлеба і таннай локшыны.