Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 траўня: 3 месяцы арышту за сарваны сьцяг; пабіты сілавікамі брат палітвязьня не выходзіць на сувязь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць з палітычных матываў.

Тры месяцы арышту за сарваны зь сельскага Дома культуры дзяржаўны сьцяг

У Магілёўскім раённым судзе тры месяцы арышту паводле артыкулу 370 Крымінальнага кодэксу (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) асудзілі 39-гадовага мясцовага жыхара Ігара Шнэйдэрава, даведаліся праваабаронцы «Вясна» 13 траўня.

Суд адбыўся яшчэ 22 красавіка, справу разглядаў судзьдзя Максім Курпачэнка.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, у ноч з 6 па 7 сакавіка 2022 году мужчына дастаў з замацаванага на будынку сельскага Дома культуры ў вёсцы Нікіцінічы Магілёўскага раёну трымальніка тронец зь дзяржаўным сьцягам Беларусі, пасьля чаго стаў размахваць ім з боку ў бок. Далей Шнэйдэраў, паводле абвінавачаньня, «выказваючы абразьлівае стаўленьне да сьцяга», абгарнуў яго палатно вакол тронца і аднёс у гараж.

Пракурор запрасіла для Шнэйдэрава тры месяцы арышту. Менавіта такое пакараньне і прызначыў судзьдзя.

«Буду адзначаць тыдзень». За камэнтар пра пляны пасьля сьмерці Лукашэнкі — 2 гады «хіміі»

3 траўня 2021 году жыхар Берасьця Кірыл Піліпук убачыў у «Одноклассниках» карцінку з Лукашэнкам у труне і вырашыў пакінуць камэнтар: «Калі гэты клоўн здохне, я буду адзначаць тыдзень».

Пасьля за гэты камэнтар на яго завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 КК («зьнявага прэзыдэнта»). А 10-га і 11 сакавіка 2022 году адбыўся суд. Працэс разглядаўся ў Маскоўскім судзе Берасьця, паведамляе «Вясна | Брэст».

На судзе быў абвешчаны вынік судова-лінгвістычнай экспэртызы: паводле яе, у згаданым камэнтары «маецца нэгатыўная ацэнка прэзыдэнта Беларусі, выказаная словам „клоўн“».

У выніку судзьдзя Іна Клышпач прысудзіла Піліпуку прысудзілі 2 гады «хіміі».

Пабіты сілавікамі брат палітвязьня Арцём Дубскі не выходзіць на сувязь

Пасьля затрыманьня 11 траўня і пабіцьця Арцём Дубскі не выходзіць на сувязь. Прыкладна апоўдні 12 траўня, ён напісаў, што едзе ў Мінск на допыт, і больш на сувязь не выходзіў, паведамляе 13 траўня @MAYDAYMog.

Арцёма Дубскага, былога палітвязьня і брата палітзьняволенага Ільлі Дубскага, асуджанага да 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «распальваньне сацыяльнай варожасьці», затрымалі, калі ён прыехаў у Беларусь наведаць сваякоў. 11 траўня, каля 17 гадзін, мужчына разам са сваёй маці, сястрой і дзьвюма пляменьніцамі выходзіў з «Гандлёвага дома на Нямізе», калі да яго падбеглі шэсьць байцоў у масках. У Арцёма вырвалі з рук тэлефон, павалілі на зямлю і пабілі, пасьля чаго надзелі кайданкі, закінулі ў аўтамабіль і адвезьлі ў будынак КДБ.

Працэсуальнага статусу ў Дубскага не было, аднак яго дапыталі. У Арцёма пыталіся, ці завэрбаваны ён польскімі спэцслужбамі, колькі гадоў ужо жыве ў Польшчы, ці праходзіў вайсковую падрыхтоўку, ці ўваходзіць у апазыцыйныя структуры.

Пазьней Дубскаму паведамілі, што прычынай захопу стала ягонае «ацэначнае меркаваньне аб тым, што грамадзянін Беларусі, які знаходзіцца ў Польшчы — Сяргей Васільеў — зьяўляецца агентам КДБ РБ». У Дубскага сапраўды быў канфлікт з гэтым чалавекам — у 2018 годзе ён напісаў у польскія праваахоўныя органы заяву, што Васільеў мае дачыненьне да беларускіх спэцслужбаў.

Пасьля допыту, які доўжыўся да 1:20, Дубскаму прапанавалі застацца на «службовай кватэры» на ноч, каб 12 траўня ён зноў зьявіўся ў КДБ і даў пісьмовыя тлумачэньні, а таксама прайшоў паліграф. Калі Дубскі адмовіўся, чэкісты на відэакамэру зачыталі мужчыну позву аб неабходнасьці яўкі ў КДБ да 14:30 12 траўня. Па дарозе зь Менску ў Асіповічы, дзе жыве зараз Дубскі, яго аўтамабіль перасьледаваў чорны Volkswagen Jetta, які прастаяў ля дома Дубскага ўсю ноч.

У Мазыры ГУБАЗіК затрымаў экаактывіста Паўла Наздру за публікацыю аб перасоўваньні расейскіх войскаў

У «пакаяльным» відэа Павал распавядае, што «зрабіў публікацыю на тэлеграм-канале „Беларускі гаюн“ аб перасоўваньні расейскіх войскаў у горадзе Мазыры». За гэта на яго завялі справу па арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), піша «Палеская Вясна».

Па гэтым артыкуле актывісту пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Павел Наздра зьяўляўся прадстаўніком ініцыятывы «Зялёны дазор» у Мазыры. У горадзе ён арганізоўваў шэраг экалягічных акцыяў і ініцыятываў, у якіх удзельнічалі ў тым ліку і прадстаўнікі ўлады. Таксама Павел зьяўляецца адным з сузаснавальнікаў партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя.

Блогера, які зьняў пратэст работнікаў малаказаводу ў Маладэчне, затрымалі ў той жа вечар Малаказавоз

Маладэчанскага фармацэўта Расьціслава Чапурнага, які 11 траўня засьняў на відэа сход работнікаў маладачанскага малочнага камбіната на прахадной, у той жа вечар Чапурнога схапілі сілавікі.

«Яго затрымалі ў той жа вечар, калі ён здымаў работнікаў малочнага камбіната. Як і дзе яго схапілі, я ня ведаю. Але ў той жа вечар прыйшлі па яго жонку, сказалі: „Хадземце“. Яна пацікавілася, дзе Расьціслаў, адказ быў: „А Расьціслаў ужо ў нас“, — расказаў „НН“ сябар блогера. — Пасьля ў іх дома быў ператрус, забралі мабільнікі, кампутарную тэхніку». Дакладна лёс блогера невядомы. Яго сябар кажа, што Чапурному ўжо прысудзілі 10 сутак. Таксама ёсьць асьцярога, што цяпер Расьціслава могуць абвінаваціць у чымсьці больш сур’ёзным, па чутках, нават у тым, што ён сам арганізаваў той «страйк».

Пасьля 75 сутак за кратамі на волю выйшла старшыня незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Вольга Брыцікава

Вольгу Брыцікаву затрымалі 27 лютага. Яе пяць разоў запар арыштоўвалі на 15 дзён па адміністрацыйных артыкулах за «несанкцыянаванае пікетаваньне» (за антываенныя акцыі пратэсту). Жанчыну ўтрымлівалі ў часовым ізалятары Вушачаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG