Сваёй гісторыяй Алена падзялілася з блогам «Галасы». Свабода перадрукоўвае гэты тэкст.
Апошнія пяць гадоў Алена жыла з сынам за 17 кілямэтраў ад Чарнігава, у дачным пасёлку. Адсюль яна штодзень дабіралася на працу ў чарнігаўскую школу. Езьдзіла на маршрутцы.
«Пра вайну даведалася ад дырэктаркі школы ў Viber»
«Я падымаюся рана, каля пятай раніцы ўжо на нагах. А сёмай раніцы іду на маршрутку, каб ехаць у Чарнігаў. 24 лютага я не глядзела і ня слухала навін. Сабралася і пайшла на маршрутку. І тут жа — абстрэлы, выбухі. Зрабіла круг і вярнулася дахаты. Дырэктарка школы напісала ў Viber, што па ўсёй Украіне цяпер паветраная трывога. У нас бамбёжкі пачаліся зь першага дня», — расказвае Алена.
На той момант у яе не было наяўных грошай і прадуктаў. Алена з сынам пайшлі ў суседняе сяло, каб зьняць грошы і купіць прадукты.
«Не пасьпелі... Людзей было вельмі шмат. Хто эвакуаваўся, хто запас рабіў. Так мы нічога і не купілі. Вярнуліся дахаты. Не было нават кавалка хлеба. Над галавой ляталі „Грады“, ішлі баі — і гэта ўсё ў першы дзень. Мы толькі прайшлі мясцовасьць адну — аж туды трапіла ракета. Так пачаліся страшныя дні для нас. З пограбу практычна не вылазілі. Там і елі, і спалі. Добра, што была бульба. Варылі яе ў мундзірах, ноччу вылазілі, каб набраць вады», — узгадвае ўкраінка.
«Неадэкватны вясковец проста зайшоў у хату і кінуў пад ногі гранату»
Каля пасёлку, па словах Алены, стаяў кінуты танк.
«Адзін мясцовы жыхар, ён неадэкватны, я так разумею, забраў з таго танку гранаты і рацыі. Потым расейцы кружлялі па пасёлку — шукалі тыя рацыі. Нас, праўда, не чапалі яны. Адзін мясцовы ўсталяваў генэратар. Мы да яго хадзілі, каб зарадзіць мабільныя. І я там пачала пры ўсіх выказвацца, што такімі дзеяньнямі, як тое, што забралі расейскія рацыі, нас усіх проста ставяць пад удар. 14 сакавіка той неадэкватны чалавек зайшоў у хату, там былі я зь сяброўкай і яшчэ адзін хлопец, і проста кінуў нам пад ногі гранату! Ён проста сказаў нам: „Дагуляліся!“ Дзякуй Богу, што сына тады не было дома — ён быў у суседзяў. Гэта проста цуд, што мы наогул выжылі», — кажа Алена.
Вяскоўцы аказалі пацярпелым першую дапамогу, наклалі жгуты. Жанчын хацелі везьці ў шпіталь у Чарнігаў, але дарогі былі замінаваныя.
«Расейцы маглі нас прапусьціць, але яны сказалі, што едзьце на сваю рызыку, дарогі замінаваныя. У выніку нас мясцовыя завезьлі да гэтага чалавека ў хату, які нас і падарваў. Ён, дарэчы, адмаўляў гэта. Казаў: „Гэта ня я быў, гэта мой двайнік“. Я за тую ноч дзесяць разоў разьвіталася з сынам... Бо крыві было страчана вельмі шмат. Ранкам той чалавек, відаць, працьверазеў, спалохаўся, што ў хаце будзе два трупы — я і сяброўка, і пайшоў прасіць дапамогі да расейскіх вайскоўцаў. Яны нас забралі, аказалі першую дапамогу, завезьлі ў палявы шпіталь на беларускай тэрыторыі, каля мяжы. Там нас паглядзелі і на верталёце адправілі ў Гомель», — расказала ўкраінка.
«Уразіла, што чужыя людзі дапамаглі нам літаральна ўсім»
У Алены і яе сяброўкі з сабой не было ніякіх рэчаў. Адзеньне, што было на іх пры выбуху, было парэзанае, калі ім аказвалі дапамогу, залітае крывёй.
«У гомельскім шпіталі нам дапамагалі і лекары, і звычайныя, незнаёмыя людзі. Мяне ўразіла, што чужыя людзі дапамаглі нам літаральна ўсім. Лекар з рэанімацыі і цяпер наведвае нас. Стаўленьне такое, што мы не чакалі. Дзякуй, што засталіся жывыя, хоць і бяз ног», — кажа ўкраінка.
Праз маці, якая ва Ўкраіне, яна знайшла італьянскую клініку, дзе абяцаюць дапамагчы з пратэзаваньнем.
«Але мне трэба суправаджэньне — бо клініка ня мае сядзелак. Паехаў бы мой сын, але ён прызыўнога ўзросту, такіх з Украіны не выпускаюць. Яго могуць выпусьціць са мной — але для гэтага мне трэба прайсьці дасьледаваньне маёй траўмы менавіта ва ўкраінскім шпіталі. Цяпер пытаньне нумар адзін — як мне трапіць ва Ўкраіну. Бо інфармацыя розная. То пускаюць туды, то не пускаюць, то трэба праз Польшчу ехаць. І тады ўжо з Украіны дабірацца да Італіі», — кажа Алена.
Цяпер яна з дапамогай неабыякавых беларусаў зьбірае грошы — на дарогу дахаты і на дарогу да Італіі. Дапамагчы Алене можна грашыма на рахунак: IBAN BY84AKBB30140012789570070000 BIC AKBBBY2X, карта «Беларусбанк»: 9112380117895765, тэрмін дзеяньня 04/27.
Зьвязацца зь ёю можна ў Instagram.