Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З масавага тэрору ў Беларусі і пачыналася вайна супраць Украіны». Сяргей Дубавец прэзэнтаваў кнігі аб падзеях 2020 і 2021 гадоў


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Кнігі «Галасы Беларусі — 2020» і «Галасы Беларусі — 2021» — аб тым, што было зусім нядаўна, што перажываў амаль кожны жыхар краіны. Праўда, для адных гэта ўжо гісторыя, а для іншых — рана, якая баліць.

«Мы яшчэ жывём гэтымі падзеямі, калі адстаронімся, то зразумеем, што гэта ўнікальныя выданьні, магчыма, найлепшыя, якія выходзілі ў бібліятэцы Свабоды», — сказаў на пачатку прэзэнтацыі ўкладальнік кніг Сяргей Дубавец.

Прэзэнтацыя прайшла ў Вільні, у Менску пакуль такое немагчыма. Спробы арганізатараў папрасіць Дубаўца адкласьці пачатак хаця б на пяць хвілін былі марныя. «Хай прывыкаюць да пунктуальнасьці. Пачынаць трэба цюцелька ў цюцельку».

Кнігі напісаныя ў жанры шматгалосься, таго самага, за якое Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.

«Гэта больш чым літаратура. З гэтага будуць пісацца апавяданьні, аповесьці, раманы. Тут ёсьць процьма сюжэтаў, характараў, сотні герояў. Гэта вяршыня бібліятэкі Свабоды, а можа і ўсёй нашай літаратуры. Гэта галасы людзей, якія расказваюць пра свае перажываньні падчас падзей 2020 і 2021 гадоў. Калі беларусы ўпершыню за нашым часам зірнулі самі ў сябе і пабачылі там — ад самых высокіх нотаў захапленьня да самых нізкіх нотаў азьвярэньня», — кажа ўкладальнік.

Галіна Сівалава, экс-дырэктарка Віленскай беларускай гімназіі
Галіна Сівалава, экс-дырэктарка Віленскай беларускай гімназіі

Героі кнігі — людзі, якія на працягу 2020 і 2021 гадоў расказвалі журналістам Свабоды пра тое, што зь імі адбылася, што яны праносілі празь сябе — ад шматтысячных шэсьцяў да зьдзекаў у турмах. Важным для сябе рэдактар лічыў перанесьці ў тэкст інтанацыі, стыль вуснай мовы.

«Тэкстаў было на пяць кніг, але выбіралася тое, дзе была інтанацыя. Гэта тое, што бярэ. Як гісторыя чалавека, які быў адзін у карцары, а вакол толькі голыя сьцены. Кожную раніцу ён прачынаўся, сьнедаў. А потым пачынаў мыць карцар — ён рабіў гэта як сваю работу. Цэлы дзень, потым вячэраў і клаўся спаць. Гэта быў ягоны спосаб захаваць сваю нармальнасьць. Мы бачым шмат жахлівых гісторый, якія пераварочваюць душу», — расказвае Дубавец.

На думку рэдактара, у 2020-м многія беларусы якраз убачылі сваю «нармальнасьць», убачылі, што яны такія ж, як французы ці немцы.

«Людзі зразумелі, што яны народ, нацыя. Які тут можа быць „рускі сьвет“? 2020 — гэта вяртаньне да нашай суб’ектнасьці, што мы можам рабіць нешта без падказак».

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі правёў паралелі з падзеямі 1863 году, калі таксама быў моцны ўздым, які скончыўся вялікім пагромам тых, хто выступіў супраць царскіх уладаў. «Ці не дарма ўсё гэта было?» — спытаўся Харэўскі.

Сяргей Харэўскі (зьлева) і прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Аляксандар Калбаска
Сяргей Харэўскі (зьлева) і прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Аляксандар Калбаска

«Нішто не дарэмнае, што робіцца парываньнем духу ў адзінстве, — кажа Сяргей Дубавец. — Мы ўбачылі столькі эўфарыі, столькі любові да радзімы. Гэта можна ўбачыць па вымярэньні стаўленьня беларусаў і расейцаў да вайны ва Ўкраіне — яно рознае. З масавага тэрору ў Беларусі ў 2020-м і пачалася вайна супраць Ўкраіны. Каб пайсьці з поўначы на Кіеў, ім спатрэбілася беларуская зямля. Усё рыхтавалася, зачыстка грамадзянскай супольнасьці, але і тое ўсіх зачысьціць не змаглі. Будаваць сёньня нацыю не на беларускай мове — гэта адразу „рускі сьвет“. Казка пра тое, што мова — гэта толькі сродак стасункаў, больш ня пройдзе».

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

Дырэктарка горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка сказала, што пакуль не гатовая чытаць такую кнігу, каб зноў перажываць увесь гэты боль.

«Бел-чырвона-белы сьцяг яднаў людзей. Дзякуючы АМАПу сьцяг прырос да людзей, калі іх прымушалі прайсьці па ім. „Сьцяг мне ножкі сагрэў“, — казала адна з гераінь, якую мучылі холадам. „Ішла па чырвоным, каб белае не замазаць“, — казала іншая. Калі я працаваў над гэтымі кнігамі і ў мяне пыталіся, чым я займаюся, то адказваў: „Я ўвесь у гематомах“. Бо ўсё гэта бярэш да сэрца», — кажа ўкладальнік.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Кніга пра 2020 год мае падзагаловак «Нас усіх заб’юць!» — «Мы пераможам!», пра 2021 — «Пахне чабор!» — «Пахне вечна!». Ці народзіцца такі пазнавальны вобраз пра 2022 год, Сяргей Дубавец пакуль ня ўпэўнены. Таму і невядома, ці будзе працяг гэтай сэрыі.

Спампаваць «Галасы Беларусі — 2020» і «Галасы Беларусі — 2021» можна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG