На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.
Магда
- У савецкія часы ў нэкралёгах буйных дзяржаўных асобаў было прынята пісаць — краіна асірацела. З сыходам Краўчука Ўкраіна не асірацела. Працягваецца вайна Ўкраіны за незалежнасьць. Але падмурак незалежнасьці заклаў Краўчук.
- Краўчук быў цікавы чалавек. У мяне ёсьць кніга, выдадзеная ў савецкія часы наконт пытаньняў контрапрапаганды. І кіраваў калектывам аўтараў Краўчук. Ён да таго, як стаць першым сакратаром ЦК КПУ, быў сакратаром у пытаньнях ідэалёгіі.
- Тады ён ідэалягічна змагаўся з тымі, з кім пасьля 1991 году будаваў незалежную Ўкраіну.
- Ён сумленна выйграў прэзыдэнцкія выбары ў 1991 годзе. А ў 1994 годзе ён пайшоў на датэрміновыя выбары, якія выйграў Леанід Кучма. У Краўчука хапіла годнасьці прызнаць сваю паразу.
- У 1998 годзе ён стаў парлямэнтарам па сьпісе сацыял-дэмакратычнай партыі. У той камандзе былі і Віктар Медзьвядчук, і Яўген Марчук, і Рыгор Суркіс.
- Краўчук даў прыклад мірнага пераходу ўлады ад аднаго прэзыдэнта да іншага. І паказаў, што пасьля прэзыдэнцтва ёсьць палітычнае жыцьцё.
- Ён быў агітатарам і ў Кучмы, і ў Януковіча, і ў Цімашэнкі. Але гэта не зьмяншае яго палітычнай вагі.
- У часы кіраваньня Кучмы я працаваў у апараце сталага прадстаўніка прэзыдэнта ў Вярхоўнай Радзе. І мне давялося ўдзельнічаць у падрыхтоўцы аднаго палітычнага дакумэнта, галоўным у гэтым быў Краўчук. І я тады адчуў, якая ў яго глыбокая кіраўнічая партыйная школа. І дакумэнт атрымаўся вельмі граматны.
- Краўчук ніколі публічна не шкадаваў пра сваю камуністычную кар’еру, пра сваё змаганьне з антыкамунізмам і нацыяналізмам. І ня каяўся ў гэтым.
- Ён родам з Валыні. А тады ў юнака на Валыні было два шляхі — альбо ў падпольле АУН, альбо рабіць камуністычную карʼеру. І абодва шляхі былі няпростыя.
- Краўчук быў арганічны для сваёй краіны. Яго называлі сівым лісам. Ён быў увасабленьнем Украіны, якая пераходзіла ад савецкай да незалежнай.
- Украіна часоў застою была, як той казаў, сьвяцейшая за папу Рымскага ў датрыманьні ідэалаў камунізму. Але я не прыгадаю, каб хто з украінскіх дысыдэнтаў адмаўляўся паціснуць руку Краўчуку.
- Апошняя пасада Краўчука была — кіраўнік украінскай дэлегацыі ў трохбаковых перамовах па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Яго сьмерць канчаткова паставіла кропку і на функцыянаваньні гэтай групы, і на Менскіх пагадненьнях.
- Юрыдычна гэта адбылося 24 лютага сёлета, а больш дакладна — 21 лютага, калі Расея прызнала незалежнасьць «ЛДНР».
- Краўчук быў чалавек дамоўленасьцяў. Спачатку — з нацыянал-патрыётамі, потым — з амэрыканцамі наконт Будапэшцкага мэмарандуму (хоць падпісаў яго ўжо Кучма). А потым — Менскія пагадненьні, бясслаўны канец якіх не зьвязаны зь ім наўпрост.
- У нас ва Ўкраіне часта абмяркоўваецца — а што было б, калі б першым прэзыдэнтам Украіны абралі Вячаслава Чарнавола, лідэра Народнага Руху? У мяне ёсьць вялікія сумневы, што гэта было магчымым у тагачаснай Украіне.
- Я тады быў школьнікам, але мне і тады здавалася, што Краўчук больш пераканаўчы. Ён быў з пэўным апаратным досьведам савецкай партыйнай школы.
- Напярэдадні здабыцьця незалежнасьці Ўкраіны рудымэнтаў кампартыйнай улады было вельмі шмат. Украіна была кузьняй кадраў для Масквы.
- З 1992 году Масква пачала гаварыць пра Ўкраіну як пра часова страчаную тэрыторыю. Ніякіх ілюзіяў тут ня трэба мець.
- Краўчук выступіў у ролі ледакола для многіх савецкіх чыньнікаў.
- Цяперашняя вайна — гэта вайна за незалежнасьць. А вайны за незалежнасьць было немагчыма пазьбегнуць. Гэта завяршэньне працэсу фармаваньня ўкраінскай палітычнай нацыі.
- Я мяркую, запавет Краўчука — ня бойцеся мяняцца. Але беражыце Ўкраіну.