Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён быў такі добры — і да людзей, і да жывёл». Паблізу ад украінскай мяжы застрэлілі вэтэрынара, аматара рыбалкі з Гомля


Сяргей Чамбровіч, архіўнае фота
Сяргей Чамбровіч, архіўнае фота

З розных крыніц 10 траўня стала вядома, што 9 траўня на рыбалцы каля вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёну загінуў 45-гадовы жыхар Гомля Сяргей Чамбровіч.

«Гэта вестка ўзрушыла нас усіх. Пра здарэньне стала вядома ўчора, 9 траўня. Сяргей быў заўзяты рыбак. Вядома, што Ніжнія Жары — Мэка для беларускіх рыбакоў. Таму на сьвяты і Сяргей быў там, на Дняпры. Што здарылася менавіта — невядома. Факт той, што чалавек не жыве больш. Кажуць, застрэлілі. Можа, гэта былі і паляўнічыя», — расказала знаёмая сям’і.

Сяргей Чамбровіч скончыў Віцебскую вэтэрынарную акадэмію, шмат гадоў працаваў вэтэрынарам, апошнім часам — у ААТ «ПолiВетКлiнiка».

«Добры, сьціплы, добразычлівы, прафэсіянал, нікому ніколі не адмаўляў у дапамозе. Валянтэры часта зьвярталіся да яго па пытаньнях стэрылізацыі, лячэньня жывёл — ён нікому не адмаўляў», — кажа адна з жыхарак Гомля, якая займаецца дапамогай бадзяжным жывёлам.

Жонка нябожчыка працуе ў вэтэрынарнай аптэцы. У сям’і — двое сыноў, 12 і 19 гадоў. Вядома, што вядзецца сьледзтва.

У памежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласьці забаронена наведваць лясы. Брагінскі і Лоеўскі раёны ў красавіку сваімі рашэньнямі забаранілі плаваць на лодках па Дняпры і Сажы на мяжы з Украінай. Прычыны забароны не тлумачыліся.

5 красавіка ў Мазыры хавалі супрацоўніка КДБ, які падарваўся на міне каля вёскі Белая Сарока Нараўлянскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG