Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскае войска вызваліла 20 населеных пунктаў пад Харкавам і адціснула расейцаў да іхнай мяжы


Украінскія вайскоўцы зь мінамётамі
Украінскія вайскоўцы зь мінамётамі

Інстытут вывучэньня вайны расказаў пра посьпехі контранаступленьня ўкраінцаў на харкаўскім кірунку і пра пагрозу далучэньня Беларусі да баёў на баку Расеі.

У амэрыканскім аналітычным цэнтры ISW (Інстытут вывучэньня вайны) сьцьвярджаюць, што ў выніку контранаступленьня ўкраінскага войска ў Харкаўскай вобласьці расейскія сілы адышлі бліжэй да сваёй мяжы.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў 5 траўня аб пачатку контранаступальнай апэрацыі на слабажанскім кірунку.

Контранаступ у Харкаўскай вобласьці пасьпяховы

«Украінскі контранаступ на поўнач ад Харкава 10 траўня дазволіў пасьпяхова адкінуць расейскія войскі да мяжы Расеі і Ўкраіны. Украінскія сілы вызвалілі некалькі гарадоў на поўнач ад Харкава і працягваюць адкідваць праціўніка», — паведамілі экспэрты ISW.

Пры гэтым экспэрты сьцьвярджаюць, спасылаючыся на расейскія крыніцы, што армія Расеі адступіла і цяпер знаходзіцца за 10 кілямэтраў ад украінска-расейскай мяжы.

Украінскія СМІ раней паведамлялі аб вызваленьні 20 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці, але Генэральны штаб Украіны пакуль не ўдакладняе дакладнай колькасьці вызваленых вёсак і паселішчаў. Украінскі Генштаб паведамляе толькі, што расейцы канцэнтруюць свае высілкі на тым, каб «не дапусьціць прасоўваньня ўкраінскіх войскаў у кірунку дзяржаўнай мяжы Ўкраіны».

Экспэрты ISW сьцьвярджаюць, што расейцы пачалі перамяшчаць свае войскі з раёна горада Ізюм у кірунку ўкраінска-расейскай мяжы, каб «паспрабаваць зьмякчыць ціск контранаступленьня (украінцаў) і затрымаць іхнае далейшае прасоўваньне на поўнач да расейскай мяжы».

«Малаімаверна, што цяпер Беларусь далучыцца да вайны»

У Інстытуце вывучэньня вайны таксама мяркуюць, што пачатак другога этапу вайсковых манэўраў Беларусі і перадысьлякацыя часткі войскаў у кірунку беларуска-ўкраінскай мяжы нельга разглядаць як падрыхтоўку Беларусі да ўдзелу ў расейска-ўкраінскай вайне.

На думку экспэртаў ISW, такім чынам Аляксандар Лукашэнка дэманструе і сыгналізуе аб сваёй палітычнай падтрымцы Расеі ў яе вайне супраць Украіны.

«Вучэньні, хутчэй за ўсё, накіраваныя на прыцягненьне ўвагі NATO і, магчыма, каб сарваць вайсковую дапамогу Ўкраіне. Наўрад ці Беларусь уступіць у вайну ва Ўкраіне. Лукашэнка пасьпяхова рэпрэсаваў унутраную апазыцыю ў 2020 і 2021 гадах, але застаецца ўразьлівым у выпадку далейшых унутраных хваляваньняў, калі ягоны апарат бясьпекі аслабее. Ён, пэўна, не жадае рызыкаваць страціць сваіх вайскоўцаў у вайне, якая зацягваецца і пагаршаецца для Расеі», — патлумачылі экспэрты.

У Беларусі пачаўся другі этап раптоўнай праверкі сіл рэагаваньня. Вайсковыя манэўры заплянавалі ў адказ на вучэньні, якія з 1 траўня праходзяць на тэрыторыі краін NATO.

Аляксандар Лукашэнка 10 траўня правёў нараду пра дзяржаўную абаронную замову Беларусі на бягучы год. Пасьля гэтай нарады Міністэрства абароны выступіла з заявай. Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Адначасова Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла аб прызыве ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях з 10 траўня 430 асобаў з запасу на вайсковыя зборы тэрытарыяльнай абароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG