Галоўнае на гэты момант
- Падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку, да мяжы з Украінай.
- Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ аб лэнд-лізе для Ўкраіны. Такое адбылося ў гісторыі ўпершыню з часоў ІІ сусьветнай вайны.
- Пасла Расеі аблілі чырвоным сыропам пры спробе ўскласьці кветкі ў Варшаве. Крэмль заявіў пратэст.
- Міністар абароны Вялікай Брытаніі заявіў, што Пуцін і яго атачэньне заплацяць за вайну такую ж цану, якую заплацілі нацысты ў сярэдзіне ХХ ст.
- Пуцін, выступаючы на парадзе ў Маскве, не абвясьціў пра ўсеагульную мабілізацыю на вайну, але зноў згадаў «нацыстаў» і «бандэраўцаў». Лукашэнка на мітынгу ў Менску запэўніў слухачоў у працягу прарасейскага курсу.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 10 траўня
Севераданецк застаўся бяз газу — перабіты магістральны газаправод
Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, расейскае войска ўдарыла па Севераданецку артылерыяй і сыстэмамі залпавага агню днём 10 траўня. Цяпер жыхары гораду цалкам пазбаўленыя магчымасьці прыгатаваць ежу або сагрэць ваду.
Увечары 9 траўня расейцы абстралялі Адэсу
Адэскую вобласьць абстралялі ракетамі ўвечары 9 траўня, паведаміў тэлеканал «Украіна 24» са спасылкай на прэс-сакратара абласной адміністрацыі Сяргея Братчука.
Загінуў адзін чалавек, пяцёра параненыя. Пажарныя некалькі гадзін тушылі пажары, якія ўзьніклі ў выніку абстрэлаў.
Зяленскі падзякаваў Байдэну і ЗША за лэнд-ліз
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну і народу Злучаных Штатаў за ўхваленьне праграмы лэнд-лізу. Пра гэта паведаміў Офіс Зяленскага.
«Я ўдзячны Джо Байдэну і народу Злучаных Штатаў за падтрымку Ўкраіны ў барацьбе за нашу свабоду і будучыню. Падпісаньне Акту аб лэнд-лізе сёньня — гэта гістарычны крок. Я перакананы, што мы зноў разам пераможам. І мы абаронім дэмакратыю ва Ўкраіне. І ў Эўропе. Як 77 гадоў таму», — напісаў Зяленскі ў Twitter.
9 траўня, у дзень сьвяткаваньня ў Расеі Дня Перамогі, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў законапраект аб лэнд-лізе для Ўкраіны, што дазволіць павялічыць аб’ёмы зброі і паскорыць яе пастаўкі ва Ўкраіну. Поўная назва законапраекту — The Ukraine Democracy Defense Lend-Lease Act of 2022.
На заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі застаюцца больш за 100 цывільных асобаў
Пра гэта заявіў кіраўнік Данецкай вобласьці Паўло Кірыленка.
На «Азоўсталі» працягваюцца баі. Расейскія вайскоўцы зьнішчаюць камбінат артылерыйскімі і авіяцыйнымі ўдарамі, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны.
У Бучы працягваюць знаходзіць брацкія магілы, большасьць загінулых апазналі
Сакратар Бучанскай гарадзкой рады Тарас Шапраўскі расказаў, што ў горадзе апазналі практычна ўсе эксгумаваныя целы загінулых мірных жыхароў. «Цяпер пераважная большасьць целаў ужо апазнаныя. З агульнай колькасьці 416 целаў прыкладна 5–6% не апазнаныя», — сказаў Шапраўскі. Неапазнаныя целы дасьледуюць крыміналісты і міжнародныя экспэрты.
Пры гэтым у Бучанскім раёне дагэтуль працягваюць знаходзіць брацкія магілы.
«Тыдзень таму мы знайшлі пахаваньне ў Міроцкім старастаце. Там было трое мужчын — у іх былі зьвязаныя рукі і [завязаныя] вочы, а на целе засталіся сьляды катаваньняў. Яны былі забітыя стрэлам у галаву — гэта сьведчыць пра пазасудовае пакараньне, якое, паводле нормаў міжнароднага права, кваліфікуецца як ваеннае злачынства», — паведаміў Шапраўскі.
Уцекачы ад вайны
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
Паводле дадзеных Офісу, звыш 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.
У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.
Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.
Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
У Расеі аб адстаўцы абвясьцілі 5 губэрнатараў
Свае пасады пакідаюць кіраўнікі Кіраўскай, Томскай, Разанскай, Саратаўскай абласьцей і Рэспублікі Марый Эл.
Антыпуцінская дывэрсія ў ляяльным СМІ
У папулярным расейскім онлайн-выданьні Lenta.ru зьявіліся больш за дзесяць матэрыялаў з крытыкай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай вайны ва Ўкраіне. Яны ўжо зьніклі з сайту, аднак копія галоўнай старонкі захавалася ў вэб-архіве.
У Маскве 9 траўня, на Дзень Перамогі, адбыўся парад без вайсковай тэхнікі
Пуцін выступіў на парадзе і зрабіў некалькі заяў. Зьвяртаючыся да вайскоўцаў, Пуцін сказаў, што яны змагаюцца за «нашых людзей у Данбасе і за бясьпеку сваёй радзімы»:
«Краіны NATO не захацелі нас пачуць, у іх былі зусім іншыя пляны, вялася падрыхтоўка нападу на Крым, альянс пачаў вайсковае асваеньне прылеглых да нас тэрыторый, усё сьведчыла пра тое, што сутыкненьне з нэанацыстамі і бандэраўцамі будзе непазьбежным».
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Беларускае войска рухаецца да мяжы з Украінай
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
У Менску 9 траўня правялі афіцыйнае сьвяткаваньне Дня Перамогі
У сталіцы Беларусі 9 траўня на цэнтральных вуліцах адбылося шэсьце ў гонар перамогі над нацыстамі ў 1945 годзе. На плошчы Перамогі да трыбуны выйшаў Аляксандар Лукашэнка. У сваім выступе ён заявіў, што Беларусь ня маюць права называць агрэсарам, пры гэтым запэўніў, што краіна пад яго кіраўніцтвам будзе далей заставацца вернай хаўрусьніцай Расеі.
Як рэагуе сьвет
ЗША на год скасавалі мытны падатак на сталь з Украіны
Міністэрства гандлю ЗША заявіла пра скасаваньне на год мытных пошлін на сталь з Украіны з прычыны шкоды, якую расейская вайна нанесла ўкраінскім мэталюргічным прадпрыемствам. Мытныя пошліны на імпартную сталь у памеры 25% у 2018 годзе ўвёў тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Да расейскага ўварваньня Ўкраіна займала 13-е месца ва ўсясьветным рэйтынгу найбуйнейшых вытворцаў сталі.
Расейскага пасла аблілі чырвонай фарбай у Варшаве
Інцыдэнт адбыўся, калі расейскі пасол у Польшчы Сяргей Андрэеў спрабаваў з нагоды Дня Перамогі 9 траўня пакласьці вянок на могілках савецкіх салдат у Варшаве.
У Брытаніі гавораць пра тое, што Расея заплаціць за вайну, як у свой час адказала нацысцкая Нямеччына
Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес лічыць, што расейскае камандаваньне, як і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, нясе адказнасьць за ваенныя злачынствы падчас маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, што можна параўнаць зь дзеяньнямі нацысцкага рэжыму падчас Другой сусьветнай вайны. Чыноўнік заявіў пра гэта, выступаючы ў Нацыянальным музэі войска ў Лёндане.
Замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі зьбіраюцца патраціць на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў у інтэрвію газэце Financial Times, што краіны ЭЗ павінны сур’ёзна падумаць аб тым, каб перадаць замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны.
«Я вельмі „за“, бо гэты крок абсалютна лягічны», — сказаў Бурэль.
Міжнародны газавы зьвяз прыпыніў сяброўства Расеі
Міжнародны газавы зьвяз (IGU), сябра якога з боку Расеі — карпарацыя «Газпром», часова, да далейшага апавяшчэньня, прыпыніў любы ўдзел кампаній з Расейскай Фэдэрацыі ў сваёй дзейнасьці. Як паведаміў Інтэрфаксу прадстаўнік аргкамітэту Міжнароднага газавага кангрэсу, які ладзіцца саюзам, «у сувязі з гэтым Карэйскі газавы саюз, які прымае Кангрэс у 2022 годзе, ня можа рэалізаваць далейшы ўдзел суб’ектаў РФ: ні для выступаў, ні для ўдзелу дэлегацый, ні для ўдзелу ў выставе ці спонсарстве».
Google выдаткуе 10 мільёнаў даляраў на барацьбу з фэйкамі пра вайну ва Ўкраіне
Кампанія Google выдзеліла 10 мільёнаў даляраў для супрацьдзеяньня распаўсюджваньню лжывай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, паведаміў кіраўнік падразьдзяленьня Google у рэгіёне Эўропа, Блізкі Ўсход і Афрыка на Канфэрэнцыі донараў для дапамогі Ўкраіне ў Варшаве, перадае «Укрінформ».
Паводле ягоных зьвестак, кампанія ўжо выдзеліла Ўкраіне дапамогу ў 55 мільёнаў даляраў. Зь іх 35 мільёнаў даляраў было накіравана на гуманітарныя патрэбы, яшчэ 10 мільёнаў даляраў атрымалі польскія арганізацыі, якія працуюць з часова перамешчанымі асобамі.
«Учора мы анансавалі 1,5 млн гранту для Міжнароднага камітэту ратаваньня, каб пашырыць доступ да важнай інфармацыі пацярпелым ад вайны», — паведаміў ён. Паводле яго, Google да ўжо аказанай дапамогі дадасьць яшчэ 10 мільёнаў даляраў на гуманітарныя патрэбы людзей ва Ўкраіне і яшчэ 10 мільёнаў — на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню непраўдзівай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.