Інцыдэнт адбыўся, калі расейскі пасол у Польшчы Сяргей Андрэеў спрабаваў з нагоды Дня Перамогі 9 траўня пакласьці вянок на могілках савецкіх салдат у Варшаве, паведамляе @rian_ru. Людзі крычалі расейскім дыпляматам: «Фашысты! Фашысты!»
Невядомыя падышлі да яго і аблілі чырвонай фарбай. Вянок ён так і ня змог пакласьці, у суправаджэньні паліцыі пасол пакінуў месца інцыдэнту.
Перад прыходам амбасадара многія людзі прыйшлі да могілак з украінскімі сьцягамі, іншыя былі апранутыя ў белыя прасьціны, запэцканыя крывёю, выкрыквалі антываенныя лёзунгі, паведамляе Polsatnews.pl.
Пасьля інцыдэнту расійскі амбасадар заявіў: «Я ганаруся сваім прэзыдэнтам. Гэтыя тэрыторыі не належаць Украіне», — сказаў Андрэеў, маючы на ўвазе самаабвешчаныя рэспублікі «ДНР» і «ЛНР».
Раней польскія СМІ паведамлялі, што на адным з пастамэнтаў барэльефа савецкіх салдат невядомыя пакінулі жоўта-блакітны надпіс «Забіць Пуціна». Спэцслужбы выдалілі надпіс яшчэ да прыезду расейскага амбасадара. Надпіс зьявіўся нягледзячы на тое, што паліцыя патрулявала могілкі.
Афіцыйная рэакцыя расейскага боку
Пазьней у МЗС Расеі выказалі польскім уладам рашучы пратэст у сувязі з нападам на пасла РФ. Масква таксама запатрабавала ад Варшавы сёньня ж «арганізаваць правядзеньне цырымоніі ўскладаньня вянка, забясьпечыўшы яе поўную бясьпеку ад усялякага роду правакацый».
Расейскі пасол у Варшаве паведаміў, што яго аблілі не чырвонай фарбай (так магло падавацца пасьля прагляду відэа здарэньня, якія зьявіліся ў інтэрнэце), а салодкім сыропам.