Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Пуціну новыя анэксіі. Піша Віталь Портнікаў


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Заходнія мэдыя сьцьвярджаюць, што да 9 траўня расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін можа абвясьціць аб анэксіі ўкраінскага Данбаса. Прасьцей кажучы — далучыць да Расеі тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны як чарговыя суб’екты Расейскай Фэдэрацыі, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што гэтае рашэньне будзе відавочна супярэчыць міжнароднаму праву. Бо прэцэдэнт — крымскі прэцэдэнт — ужо створаны.

Калі гэтае рашэньне будзе сапраўды прынятае — не абавязкова 9 траўня ці пазьней — яно, верагодна, яшчэ раз прадэманструе, наколькі Захад недаацаніў намеры Ўладзіміра Пуціна ў 2014 годзе. Бо калі прымалася рашэньне аб анэксіі Крыма, шмат каму хацелася лічыць, што справа менавіта ў «сакральным» паўвостраве, а зусім не намеры Пуціна паглынуць Украінскую дзяржаву. Што Пуцін проста вырашыў «пайсьці насустрач» імкненьням уласнага грамадзтва, якое даўно сьцьвярджала, што «Крым — наш».

Анэксію Крыма, нагадаю, падтрымлівалі і многія расейцы, якія зараз выступаюць супраць вайны, якую Пуцін пачаў 24 лютага 2022 года. Яны відавочна не разумелі, якая адчыненая скрыня Пандоры. Але заходнія палітыкі, здаецца, гэтага таксама не жадалі разумець. Калі вы са мной ня згодныя, проста ўспомніце, якія санкцыі ўвялі Злучаныя Штаты і краіны Эўрапейскага зьвязу за анэксію Крыма! Такая рэакцыя магла не спыніць, а толькі заахвоціць агрэсара, пераканаць яго ў сваёй беспакаранасьці.

Пуціну, я думаю, удалося пераканаць увесь сьвет у тым, што акупацыя і анэксія тэрыторыі іншай дзяржавы можа адбыцца без відавочных наступстваў — і гэта толькі яго распаліла. Упэўнены, што Крым для Пуціна — гэта як Судэты для Гітлера. Толькі пасьля анэксіі чэхаславацкіх земляў фюрэр паверыў, што зможа заваяваць усю Эўропу.

Ну і потым у Пуціна быў Данбас — як бачым, гаворка ідзе ўжо ня проста аб акупацыі, а аб адкладзенай анэксіі. Толькі Данецкай і Луганскай абласьцей? Ці яшчэ і Херсоншчыны?

Мне скажуць, што насамрэч пытаньні тэрытарыяльнай прыналежнасьці ўкраінскіх тэрыторый будуць вырашацца не ў Крамлі. І нават не за сталом перамоваў. А на полі бою. Я пагаджуся з гэтым сьцьвярджэньнем. Але хацелася б зразумець і тое, што адбудзецца, калі ўкраінскія тэрыторыі будуць вызваленыя ўжо пасьля расейскай анэксіі?

Многім можа здацца, што пасьля гэтага наступіць мір. Але гэта можа быць інакш. Так, Расеі ня ўдасца ўтрымаць Данбас, поўдзень Украіны, магчыма — Крым. Але расейскае кіраўніцтва будзе працягваць лічыць гэтыя тэрыторыі... акупаванымі Ўкраінай, а ў канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі будуць захоўвацца згадкі пра Крым, Данецк, Луганск, Херсонскую вобласьць Расейскай Фэдэрацыі. І так, гэта будзе прамая дарога да новай вайны — ужо не да вайны за «дэнацыфікацыі» Украіны, а да вайны за... вызваленьне расейскіх земляў, жыхары якіх прагаласавалі за абʼяднаньне з Расеяй.

У 2014 годзе я ўжо пісаў аб тым, што Крым — ня проста анэксаваная Расеяй тэрыторыя. Гэта сапраўдная пастка, якую Пуцін рыхтуе для стасункаў паміж Расеяй і Ўкраінай на доўгія гады, нават на дзесяцігодзьдзі. І зараз расейскі кіраўнік можа думаць аб павелічэньні плошчы гэтай пасткі на ўкраінскія рэгіёны, дзе ўсё яшчэ знаходзяцца расейскія акупацыйныя войскі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Віталь Портнікаў — з 1991 года супрацоўнічае з Радыё Свабода. Нарадзіўся ў 1967 годзе ў Кіеве. Скончыў факультэт журналістыкі МДУ. Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Моладзі Ўкраіны», аглядальнікам шэрагу ўкраінскіх, расейскіх, беларускіх, польскіх, ізраільскіх, латвійскіх газэт і інтэрнэт-выданьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG